Выбрать главу

Шчырая, мілая Вера Засуліч яго не кідала, але паступова, з кожным днём ад яго адыходзіла.

А мо спрычыніўся тут троху чарнявы рамантычна-загадкавы Андрэй Шыбянкоў?

Андрэй Шыбянкоў па-даўнейшаму часта хадзіў да яе і па-даўнейшаму брынкаў на сваёй гамзатай гітары. Як прыходзіў Карызна, ён стараўся борздзенька знікнуць, каб не замінаць сваёй прысутнасцю. Карызна сам добра не ведаў: ці ён зайздросціць да яго сваю каханку, ці проста не любіць яго, але заўсёды, сустрэўшыся з ім у Веры, адчуваў унутры едкую дакучлівую прыкрасць.

Так спляталіся ў Сымона Карызны нягоды грамадскае працы з нягодамі інтымнага жыцця і, атачыўшы яго бязвыхадным колам, вялі да апошняга рашучага кроку, які ён мусіў яшчэ зрабіць, каб або выйсці нарэшце на верхавіну жаданага трыумфу, або сарвацца ў чорную прорву.

Развязка занялася ад таго дня, як пачалі ў Сіўцы праводзіць абагульванне жывёлы. Хітры Пацяроб і ў гэты раз паказаў у поўным бляску свае стратэгічныя здольнасці. Яго новы манеўр мог быць за ўзор геніяльнае прастаты і рашучасці.

Управа калгаса з дырэктывы Пацяроба вылучыла, як такі і належыць, камісію па складанню спіса сродкаў вытворчасці, якімі ўладаюць сябры калгаса «Гром рэвалюцыі». З гэтай камісіяй Пацяроб праводзіў доўгае, вельмі выразнае і вельмі катэгарычнае інструктаванне, у выніку якога камісія цалкам апраўдала накладзеныя на яе надзеі: адразу ж, як скончыўся запіс, яна, апроч патрэбных спісаў, пачціва падала на рукі галавы мясцовае ўлады пратакол з уласнаручнымі подпісамі ўсіх сяброў калгаса, у якіх была пастанова пра неадкладнае абагуленне ўсяе — буйнае і дробнае, рагатае і бязрогае, працоўнае і беспрацоўнае — жывёлы.

Пацяроб здаволена скрывіўся (усміхнуўся) і, пахваліўшы камісію за адменную стараннасць і спраўнасць, узяўся сам рэалізаваць паказаную пастанову.

I вось пайшла па мястэчку Сіўцы ніколі не бачаная і не чутая завіруха. Сівецкія вуліцы агаласіліся плачам, праклёнамі, лаянкай. Ваяўнічы Пацяроб уласнаручна выводзіў з хлявоў няшчасных сялянскіх канькоў і каровак, за якіх у адчайных патугах чапляліся змітушоныя, апанаваныя жахам жанчыны, працшаючы паветра дзікім, нечалавечым лямантам.

Каменны Пацяроб, поўны адчування свае высокае «рэвалюцыйнае» місіі, не браў ніякае ўвагі на гэты несусветны лямант, хоць скрозь яго і прабіваліся не надта прыемныя для ягонага вуха пажаданні. З вялікай спакойнасцю перадаваў ён абагуленую жывёлу ў рукі сваіх памагачых і ішоў далей, у наступны двор.

Лагодны дзядок Цівунчык руплівай, але дрыжачай рукой станавіў метачкі ў сваім спецыяльным рэестры і потым асцярожна, двума пальчыкамі сморгаючы за руку якую-небудзь ашалелую бабу, марна стараўся спацешыць яе:

— Гэта ж вы самі, цётачка, пастанавілі. Вось і ўласны подпіс вашага гаспадара... Гэта ж не рабунак які, а а-ба-гу-лен-не...

Калі ж гэтае слова не рабіла належнага ўплыву, ён з яшчэ стражэйшай расстаноўкай складоў пераказваў:

— Аб-аб-шчы-сле-ні-я...

I, здаволены сабой, пакідаў жанчыну з выглядам чалавека, які зрабіў усё, што ад яго залежала.

Сымон Карызна ў гэты час сядзеў адзін у сваёй кватэры. Да яго раз-пораз даляталі паасобныя гукі пацяробаўскага абагулення, але ён стараўся не чуць іх, стараўся не пускаць іх у глыбіню свае свядомасці. Ён раз за разам пераказваў сам сабе ў думках: «Што ж... усё не можа ісці гладка... Мусяць быць і шурпатасці...»

I гвалтам сціскаў сябе ў цвёрдых рамках знадворнае спакойнасці.

Яго самоту парушыў камсамолец Віктар. Ён убег да яго бледны, узрушаны і, думаючы, што сакратар ячэйкі не ведае таго, што робіцца на мястэчку, далажыў з раптоўнай цвёрдасцю і афіцыйнасцю:

— Таварыш Карызна, Пацяроб робіць контррэвалюцыю. Ён гвалтам адбірае ад калгаснікаў жывёлу і страшэнна ўзбурае жыхарства. Ён разваліць усю нашу справу...

Карызна выслухаў яго, з выгляду спакойны, стрыманы. Але як пачаў гаварыць, яго вусны мімаволі скрывіліся ў дзікую грымасу, твар пачырванеў і вочы заблішчалі злосным агнём. Мабыць, убачыў перад сабой Сымон Карызна не камсамольца Віктара, а ненавіднага яму брыгадзіра Зеленюка — вінаваўцу ўсіх яго няўдач і прыкрасцей.

— Разваліць усю вашу справу?.. Робіць контррэвалюцыю?

Ён грозна сціх на хвіліну і падступіў да самога Віктара.

— Ты, блазнюк, дазнайся перш, што гэта — рэвалюцыя, а тады бярыся вучыць нас...

— Вас?

Віктар цяпер толькі ўцяміў, што, гаворачы пра Пацяроба, ён гаварыў і пра самога Карызну.

— Так, нас... Я ведаю, што робіцца ў Сіўцы, і прашу носа свайго не торкаць куды не трэба!.. Зразумеў?..

Віктар моўчкі завярнуўся і выйшаў з пакоя.