Выбрать главу

Праз некалькі хвілін да Карызны прыбег раз'юшаны Пацяроб і ўліў астатнюю кроплю, якой не ставала яшчэ, каб шалёная злосць Карызнава хлынула бурнай агіднай патокай.

Пацяроб, страціўшы нават сваю алімпійскую велічнасць, кідаўся па пакоі і, трасучы нейкімі пакомчанымі паперкамі, крычаў:

— Падвучылі. Гэта — падвучылі, я ведаю... Кулацкая зграя! Контррэвалюцыя!

Карызна мала не сілком вырваў з рук у яго адну паперку і прачытаў накрэмзанае на ёй смешнымі бязладнымі крывулькамі:

— «У віду свае хваробы і як я ня супроціў калгасу, але прашу нас выпісаць з грому і рэвалюцыі...»

У гэты момант Карызна востра, напружана адчуў свой фатальна немінучы рубеж і на хвіліну застыў у хваравітым здранцвенні. Адылі страсянуўся, сутаргава сціснуў кулакі і пагразіў, сам добра не ведаючы каму:

— Ага! Вы — гэтак! Пачакайце ж, мае даражэнькія... Мы яшчэ паваюем!..

Так падышоў быў Сымон Карызна да свайго астатняга кроку.

7

На экстраннае пашыранае пасяджэнне бюро ячэйкі, скліканае назаўтра пасля таго, як зрабіў Пацяроб перапалох у мястэчку сваім абагуленнем жыўнасці, усе сябры бюро прыйшлі з трывожным прадчуваннем нейкіх асабліва важных падзей, якія грозна навіслі над ціхім, санлівым Сіўцом.

Да самага пачатку пасяджэння Сымон Карызна не вымавіў бадай што ніводнага слова — ён сядзеў насуплены за сваім пісьмовым сталом (пасяджэнне было ў яго на кватэры) і толькі раз-пораз кідаў кароткія вострыя позіркі на сакратара камсамольскай ячэйкі Віктара, якога ён спецыяльна зазваў на бюро і які сціпла сядзеў у куточку, пакорна адчуваючы на сабе суровы гнеў раз'юшанага начальства.

Як сышліся ўсе, каго запрасіў Карызна, ён, не абвясціўшы нават пасяджэнне адкрытым, не прачытаўшы нават парадку дня, адразу загаварыў жорсткім адрыўчатым тонам, які прымусіў усіх настаражыцца ў напружаным чаканні:

— Таварышы! Сённяшняе пасяджэнне бюро склікана невыпадкова. Падзеі, што за астатнія дні развінуліся ў нашым мястэчку, вымагаюць ад нас ужыцця па-бальшавіцку рашучых рэвалюцыйных захадаў. Калектывізацыя, удала распачатая ў Сіўцы, сустрэла шалёнае супраціўленне з боку пэўнае часткі жыхарства, і гэтаму супраціўленню мы павінны неадкладна пакласці канец. Вы, таварышы, усе добра ведаеце падзеі апошніх дзён. Для нас зусім ясна, што ўсёй гэтай кампаніяй кіруе невялічкая, але дасюль яшчэ ўплывовая купка кулакоў і падкулачнікаў, якой мы самі, таварышы, патураем сваёй мяккасцю і нерашучасцю. Так далей быць не павінна. Мы стаім перад магчымасцю поўнага развалу распачатай намі справы, за якую мы ўсе адказваем перад партыяй. Не спыняючыся перад самымі жорсткімі рэвалюцыйнымі захадамі, мы павінны адным ударам выбіць зброю з рук контррэвалюцыі, павінны адным рашучым ударам разбурыць усё гэта кулацкае контррэвалюцыйнае гняздо.

Кароткая паўза, якою ён падкрэсліў свае апопшія словы, павісла ў пакоі нязносна цяжкім, напятым маўчаннем.

Сымон Карызна гаварыў далей яшчэ больш жорстка і выразліва:

— На грунце адпаведных дырэктыў мы маем права ў выпадку патрэбы найзласнейшых з кулакоў, якія актыўна змагаюцца супроць мерапрыемстваў Савецкае ўлады, высяляць з межаў нашага раёна. Мы мусім скарыстаць гэтае права, бо гэтага вымагае ад нас рэвалюцыйная неабходнасць... Хто хоча сказаць што па гэтым пытанні?

Усе маўчалі. Потым нехта нясмела зрабіў не то заўвагу, не то запытанне:

— Гэта — па пастанове агульнага сходу беднаты?..

Карызна рэзка перапыніў яго:

— Мы гэта ведаем... Дрэнная тая ячэйка, якая не вядзе за сабой беднату.

I, яшчэ з момант пачакаўшы, ці не возьме хто слова, Сымон Карызна рэзюмаваў:

— Я думаю, што асаблівых спрэчак па гэтым пытанні не можа быць. Там не спрачаюцца, дзе трэба дзейнічаць рашуча і дружна. Я прапаную адразу ж распачаць канкрэтнае абмеркаванне, каго неабходна выселіць.

Не ўправіўся ён закончыць сваіх слоў, як паслужны Пацяроб грымнуў—задзёрыста і амаль што весела:

— Любачкі мае! Я ж іх усіх як аблупленых...

Але заўважыў сам, што гуллівы тон яго не зусім падыходзіць да агульнага ходу пасяджэння, і, сціхамірыўшыся, стаў сціпла пералічаць кандыдатуры:

— Ну, перш будзе, не іначай, Цімафей Міронавіч... Гвардыян, значыцца…

Усе ў знак згоды кіўнулі галовамі.

— Потым, пэўная рэч, Кандрацёнак Максім...

— Сахацкага не абмінуць... ніяк не абмінуць...

— Прахора таксама...

Як памянуў Прахора, нехта з прысутных невыразна мыркнуў, а следам за ім камсамолец Віктар зусім выразна заявіў:

— Прахор не кулак. Прахора мы заўсёды мелі за бедняка.

Пацяроб нахіліў да яго мілосна-скрыўлены твар і саладжава, як да дзіцяці, прашапялявіў: