Выбрать главу

— Любачка, ён горшы за ўсякага кулака. Ён увесь Сівец баламуціць... Ён гэты калгас жыўцом бы праглынуў... Разумееш, мой залаценькі?..

Але Віктара так лёгка не ймеш — ён цверда стаяў на сваім:

— Прахор — бядняк. Што ён нездаволены, што злуе немаведама на каго і за што — гэта іншая рэч. Можа, мы самі ў гэтым вінаваты...

Пацяроб тым жа тонам перапытаў:

— Можа, мы самі, золатка, вінаваты?..

— Мы не звярнулі дасюль на яго належнае ўвагі і, замест таго каб апрацаваць яго, узвесці на правільны шлях, аддалі яго ў рукі кулакоў...

Віктар гаварыў гэта, звяртаючыся да ўсіх, але сам чуў, што ўсе ягоныя словы ідуць галоўна да Сымона Карызны і што ніхто іх не ловіць з такой увагай, як ён. Віктар чакаў з боку сакратара ячэйкі чарговага выбуху. I сапраўды Карызна запытаў яго здушаным злосцю голасам:

— Ты, значыцца, супроць высялення Прахора?

— Так. Я супроць гэтага.

— А супроць высялення Цімафея Міронавіча Гвардыяна — таксама?

Віктар на момант замяўся: ясная рэч, што ён не стане абараняць Гвардыяна, як і іншых кулакоў, праўдзівых злоснікаў працоўнае беднаты. Ясная рэч, што ён за тое, каб выселіць іх, раз гэта патрэбна. Але ён наогул ува ўсіх гэтых справах апошніх дзён бачыць многа такога, што абуджае ў ім шчырыя сумненні, і ён хоча неяк усё гэта выказаць, растлумачыць, ды не ведае як, з чаго тут пачаць.

Сымон Карызна едка ўсміхнуўся і, не чакаючы адказу, адчыкрыжыў:

— Мы возьмем гэта на ўвагу, таварыш сакратар камсамольскай ячэйкі... Далей...

Пацяроб паспешна хапіўся за новыя кандыдатуры, і Віктар астаўся ў дрэнным падазроным маўчанні.

Спіс быў прыняты без спрэчак, хоць у ім, побач з сапраўднымі кулакамі, былі сераднякі і нават беднякі. Пасля навучальнае практыкі з камсамольцам Віктарам ніхто не важыўся супярэчыць ці выказваць свае сумненні.

Раптам Пацяроб размашыста лэпнуў сябе далоняй па лбе:

— А братачкі! Гэта ж у нас адны тут сівецкія... А Сівалапы?..

Сябра бюро, камуніст з Сівалалаў, зазначыў:

— Ды ў Сівалапах бадай што і няма такіх надта ўжо злосных кулакоў. У нас жа скрозь — галеча...

Пацяроб хітра падміргнуў яму (мы вашага брата ведаем!) і потым, узяўшы езуіцка-бязвінны від ды пазіраючы скоса на камсамольца Віктара, працягнуў:

— А што, залаценькія, каб гэтага самага Загароўскага Малаха калупнуць...

Віктар збялеў і адвярнуўся ўбок, каб схаваць сваё мімавольнае ўзрушэнне. Некаторыя з прысутных кінулі на яго быстрыя спачувальныя погляды, і ён балюча адчуў іх.

Карызна з радасцю падхапіў Пацяробаву прапазіцыю:

— Супроць высялення з Сівалапаў Малаха Загароўскага ніхто не мае супярэчыць?

Віктар нервова таргануў галавой, але моцнай патугаю волі суняў сябе і змоўчаў. Маўчалі і ўсе іншыя, хоць усе добра бачылі відочную недарэчнасць высялення гэтага спакойнага беззаваднага серадняка.

Спіс быў закончаны. Але ж гэтым не скончыліся яшчэ нягоды, што шчодрым дажджом сыпаліся сёння на галаву няшчаснага камсамольца Віктара.

Сымон Карызна вёў далей пасяджэнне бюро:

— Таварышы! Я мушу дадаць яшчэ, што гэтую аперацыю мы правядзём у найкарацейшы тэрмін. Заўтра ўвечары ўсе, хто падлягае высяленню, павінны быць дастаўлены на чыгуначную станцыю. Сёння ж мы нашую пастанову правядзём праз сход беднаты, які я ўжо даў загад склікаць. Адказным за высяленне, я лічу, трэба вызначыць таварыша Пацяроба. Супярэчанняў няма?

Супярэчанняў не было. Карызна хацеў быў ужо закрыць пасяджэнне, але акурат у гэты момант яго працяла новая думка, і ён, ледзь прыкметна ўсміхнуўшыся, дадаў:

— Гэта — па Сіўцы. Што да Сівалапаў, дык я ўважаю, што ўся гэтая справа павінна кіравацца таварышамі з мясцовых жыхароў. Таму я прапаную адказным за высяленне кулакоў у Сівалапах вызначыць сакратара нашае камсамольскае ячэйкі. Супярэчанняў няма?

Супярэчанняў не было. Усе былі ашаломлены гэтай наўмыснай, для справы не патрэбнай жорсткасцю, бо ўсе ведалі пра стасункі Віктара з дачкой Загароўскага.

Віктар няўцямна ўзняў свае па-дзяцінаму чыстыя вочы і паволі абвёў усіх цяжкім ліпучым поглядам, нібы пытаючыся ўва ўсіх, што гэта значыць, ці мо просячы спагады сабе, ратунку.

Усе — не то з замяшаннем, не то з дзіўным нейкім сорамам — унікалі гэтага погляду.

— На гэтым, таварышы, пасяджэнне бюро ячэйкі лічу закрытым.

Камсамолец Віктар адразу ўстаў і выйшаў з памяшкання. Ён мог вытрымаць з патрэбнай цвёрдасцю афіцыйна-дзелавы тон пасяджэння, але прыватныя гутаркі былі яму цяпер няўзмогу: яму трэба бьшо акрыяць на самоце, прывесці да ладу разматлашаныя думкі свае і пачуцці.