Выбрать главу

Райжанарганізатар вельмі спяшалася і знікла з Сіўца так жа раптоўна, як і з'явілася ў ім, пакінуўшы Марыне Паўлаўне, апроч нечаканае радасці, яшчэ адчуванне дзівоснае казачнасці ўсяго, што адбылося.

Можа, гэта быў проста прыемны, шчаслівы сон?

Марыну Паўлаўну даўно ўжо цяжарала недарэчнасць быцця яе тут, у Сіўцы, пад бокам у свайго былога мужа. Яе нічога тут не трымала, яна нічым не была тут звязана, і выходзіла так, нібы яна жыве тут выключна таму, што чакае звароту да ранейшага, спадзяецца яшчэ вярнуцца да мужа. Гэта надзвычайна мучыла яе, і яна скрозь летуцела аб тым, каб як выбрацца з гэтага нялюбага Сіўца, але не мела спосабу, як гэта зрабіць.

Цяпер пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала.

Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Яна нібы памаладзела адразу на дзесятак год — у яе ў галаве мітусіліся такія смелыя і такія пекныя лятункі, якія б задаволілі палкую фантазію маладой дзяўчыны. I сёння ёй упершыню пасля разлукі захацелася пабачыцца з Сымонам Карызнам, сказаць колькі слоў яму — развітацца, ці што. Яе зусім не абыходзіла, пра што яны б мелі там гаварыць — ёй хацелася, каб ён толькі адчуў яе новы настрой, каб пабачыў яе шчаслівую, радасную. Яна знаходзіла безліч тлумачэнняў свайму такому жаданню і, ясная рэч, не дапускала і думкі пра тое, што гэта ў яе памаладзелай істоце загаварыў цьмяны, прыглушаны голас жаночага какецтва.

А гэта, мабыць, так і было.

Увечары Марына Паўлаўна ў апошні раз ішла на сходку жаночага гуртка. Пасля гуртка яна назначыла сабе абавязкова зайсці да Карызны. Што ж там такога? Яна мо заўтра ці пазаўтраму едзе, у яе там яшчэ ці мала патрэбных рэчаў — ёй жа трэба сабраць іх, папарадкаваць?

Абы хутчэй скончылася гэтая сходка. Ды, зрэшты, яна можа і не даседзець да канца, раз у яе пільная справа.

У школе, дзе быў прызначаны сход, замест шумнае бабскае грамады яна заспела ўсяго трох ці чатырох вельмі маркотных жанчын і нязменна вясёлую, бадзёрую Тацяну, якая гэтым жанчынам нешта вельмі энергійна тлумачыла.

Марына Паўлаўна здзіўлена запытала:

— А дзе жанчыны?

Тацяна адказала спакойна, але з падкрэслена цвёрдай стрыманасцю, якая паказвала, што ў яе ўнутры таксама не ўсё ў парадку:

— Не прыйдуць... Выпраўляюць сваіх суседак у далёкую дарогу.

Жанчыны нібы па камандзе заўздыхалі:

— Божа мілы! Што гэта толькі дзеецца! Ну хай бы ўжо тых, багатыроў каторых, а то ж бядоту, галоту... Што яны маюць да іх?

Марына Паўлаўна глядзела на іх шырока расплюшчанымі вачмі і нічога не разумела. Тады Тацяна паспешна выправіла маркотных жанчын і, астаўшыся сам-насам з Марынай Паўлаўнай, расказала пра тое, што ўжо вядома было ўсяму Сіўцу, апроч аднае, захопленае сваёй новай радасцю, Марыны Паўлаўны. Апавядала Тацяна ўжо інакшым, таемна-напружаным тонам, не хаваючы больш свайго глыбокага ўзрушэння. Як скончыла, Марына Паўлаўна парыўчата схапіла яе за руку.

— Тацяначка, родная... Ці гэта так трэба? Скажы, ці гэта ім трэба было гэтак рабіць? Ці гэта закон такі?..

Тацяна раптам замкнулася ў жорсткай чужасці.

— Хто яго... Можа, і трэба, а можа, і не трэба... Яны — начальства... больш чаго ведаюць...

Марына Паўлаўна, мала не плачучы, прасіла яе:

— Тацяначка, родная... Ты, пэўна, ведаеш... чаму ты не скажаш мне?..

Тацяна яшчэ памаўчала з момант, а тады раптам адчыкрыжыла з смелай злосцю:

— Шалеюць яны, во што... Нешта есць нутро кагораму, дык ён на людзях спаганяе. Не будзе з гэтага ладу...

Марына Паўлаўна зусім ціха, нібы баючыся ўласнага запытання, прашаптала:

— Гэта ты — пра Карызну?

Тацяна змоўчала.

Марына Паўлаўна раптам зарупілася:

— Пойдзем дахаты, Тацяначка... Пойдзем дахаты...

Дарогаю Тацяна, нібы выпраўляючы сваю мімавольную рэзкасць, тлумачыла больш лагодна і пагадліва:

— Яно пэўна, што трэба прыбраць з дарогі сяго-таго, каб не заміналі... Але ж трэба ведаць — каго, а не то што гамузам — хто першы пад руку трапіў...

Як падыходзілі ўжо пад самую хату, Марына Паўлаўна сунялася:

— Мне, Тацяна, яшчэ трэба схадзіць у адно месца. Я скора прыйду.

Тацяна нічога не пыталася, бо ведала добра сама, куды ідзе Марына Паўлаўна. I ў думках яна пахваліла яе.

Аднак Марына Паўлаўна сямігодку мінула — толькі з момант прыстоіла пад ёй у нерашучасці — і пайшла далей у самы канец даўгой сівецкай вуліцы. Там збочыла яна на вузенькую, у адзін след, сцежачку, што вяла да загубленае ў снегавых сумётах Галілеевае хацёнкі.