У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло Галілеевае самалужнае электрычнасці. Марына Паўлаўна асцярожна паляпала ў заваленыя дзверы — і святло зараз жа згасла. Гэта мела азначаць, што Галілей не прымае. Але Марьне Паўлаўне пільна трэба было яго бачыць, і яна, паляпаўшы мацней, гукнула дрыжачым ад хвалявання голасам:
— Дзядзька Ахрэм! Адчыніце!
Святло зноў запалілася, і за дзвярмі пачулася непакойная Галілеева шарпаніна.
— Кхе-кхе... Гэта вы, Марына Паўлаўна? Зараз адчыню...
Але, адваліўшы дзверы, ён усё-ткі перш сцеражліва вытыркнуў у шчэлку сваю барадзёнку і, толыкі канчаткова праканаўшыся, што ніякае небяспекі няма, шырока расчыніў дзверы перад нечаканай, але прыемнай госцяй.
Марына Паўлаўна стала ў парозе, ашаломленая несусветным Галілеевым гармідарам. Да яе зараз жа падышоў Босы і, пазнаўшы яе, стаў ветла церціся аб яе ногі. Яна ўздыхнула з гаспадарлівай рупнасцю і паспагадала бязладнаму Галілею:
— Не прыбрана ў вас тут, дзядзька Ахрэм... Жывіцё вы неяк так... не па-людску...
Галілей бесцырымонна прапусціў міма вушэй гэту заўвагу, бо быў глыбока заняты нечым сваім і, апрача таго, «свайго», не мог бачыць і чуць больш нічога на свеце. Нават не запрасіўшы Марыну Паўлаўну сесці, ён нервова перабег сюды-туды паміж свайго гломазду і, суняўшыся перад ёй, зашаптаў таемна і радасна:
— А я ведаю ўсё... Я разумею... усё разумею...
— Што вы разумееце, дзядзька Ахрэм?
Галілей яшчэ бліжэй нахіліўся да яе і здушаным ад захаплення шэптам прасіпеў:
— Яны баяцца... ага... Яны баяцца, во што... Баяцца... хі-хі-хі...
I нават засмяяўся стары дзівак, што траплялася з ім толькі ў хвіліны найвыдатнейшых перажыванняў. Марына Паўлаўна толькі дагадвалася, пра каго гаворыць ёй Галілей, але ведала добра, што распытваць яго цяпер без карысці, і таму пастаралася ўлучыць яму ў тон:
— Чаго ж ім баяцца, дзядзька Ахрэм?
Галілей трыумфаваў:
— Тэхнікі, Марына Паўлаўна... Тэхнікі баяцца...
— А што ім тэхніка?
— Тэхнікай трэба браць... ага... тэхнікай... А яны не ўмеюць... хі-хі-хі... не ўмеюць...
Марына Паўлаўна з ціхім дакорам перапыніла яго:
— Людзі тут, дзядзька Ахрэм, а не тэхніка.
Галілей на хвіліну змоўк, нібы ўслухваючыся ў яе словы, а тады загаварыў яшчэ ў большым захапленні:
— Ага... ага... людзі... А на людзей тэхніка трэба... I на людзей — тэхніка... ага... А яны не ўмеюць... Яны баяцца...
Марына Паўлаўна зразумела, што пад гэткі настрой нічога людскага ад Галілея не дойдзеш, і, каб растлумачыць прычыну свайго прыходу, упершыню за ўсё жыццё зманіла свайму старому прыяцелю:
— А я прыйшла са справаю да вас, дзядзька Ахрэм. Ці не перанеслі б вы тую сушыльню, што некалі мне зрабілі, туды, да Тацяны... Я не патраплю сама...
Галілей суняўся разгублены сярод свайго гломазду і вінавата лапатаў:
— Сушыльня... ага... сушыльня... Я ведаю... я разумею... ага.. сушыльня...
Ён так мо разоў з дзесяць пераказаў нечаканае для яго ў гэту хвіліну слова і ўсё роўна не дабраўся жаданага сэнсу: так цяжка было яму вымкнуцца з свайго цудоўнага непераможнага захаплення.
Марына Паўлаўна адвіталася і пайшла з хаты. Босы праводзіў яе жаласным енкам, нібы жаліўся на няшчасную сваю долю, якая прымушае яго сядзець у хаце адзін на адзін з гэтым апантаным гаспадаром.
Галілей выпускаў Марыну Паўлаўну з такой адумысловай асцярожнасцю, што сапраўды цяжка было адзначыць, хто больш баіцца: ці ён, ці тыя, над кім ён трыумфаваў сваю хімерную перамогу.
Марына Паўлаўна ішла ад свайго прыяцеля нездаволеная. Адно, што здолела яна вынесці з сваёй візіты, гэта тое, што Галілей адмоўна глядзіць на апошнія падзеі ў Сіўцы і што ён прачувае ў іх нейкі новы правал Сымона Карызны. Але гэта толькі згусціла яе змрочны, трывожны настрой.
Яна ішла цяпер да Сымона Карызны. Яна не здавала сама сабе справы, з якой мэтай яна туды ідзе,— адно з жалем і крыўдай усведамляла, што гэта не будзе ўжо тая прыемная сустрэча, аб якой яна думала праз увесь сённяшні дзень.
Сымон Карызна хадзіў па свайму пакою буйнымі тонкімі крокамі, з чаго Марына Паўлаўна зразумела, што ён моцна ўзрушаны. Ён сустрэў сваю былую жонку з шчыраю радасцю, але яна адчула, што радасць гэта не злучана непасрэдна з ёй, што ён з роўным пачуццём сустрэў бы цяпер кожную рэч, якая б на момант выбіла яго з цяжкага ўзрушэння.
— А, гэта ты, Марына... Як добра, што ты прыйшла... Сядай, калі ласка...
Яна не распранаючыся прысела на сваё калішняе аблюбёнае месца — у куток старой абшарпанай капапы. Карызна кінуўся да стала і нервовым рухам схапіў з яго паперку.
— Я акурат атрымаў сёння ліст ад дачкі... Ты ёй, мусіць, нічога яшчэ не пісала?.. Яна не ведае... Яна піша нам абаім... На, пачытай...