Выбрать главу

Яна выцягнула руку, каб узяць паперку, і рука здрадліва закалацілася дробнай дрыготкай. Ён заўважыў гэту дрыготку і, нібы апечаны ёй, паспешна адхапіў ад ліста сваю руку. I гэты невялічкі глупасны інцыдэнт чамусьці вярнуў яго ў стан цяжкага яго ўзрушэння — ён зноў нервовымі крокамі засігаў па пакоі.

Марына Паўлаўна ўздыхнула і ціха, нібы сама сабе, праказала:

— Я прыйшла ўзяць некаторыя свае рэчы. Я заўтра еду...

I яна не зманіла — яна ў гэту хвіліну ўжо сапраўды была ўпэўнена, што едзе менавіта заўтра.

Карызна з крыўднай безуважнасцю мыркнуў сабе пад нос:

— Ага... заўтра едзеш... Куды?..

Яна цьмяна, нярадасна пахвалілася:

— Мяне бяруць на работу ў раён... па лініі жанаддзела...

Ён паказаў від, што зацікавіўся, і з штучным здзіўленнем у голасе перапытаў:

— Так? У раён?.. Гэта добра... Гэта надзвычайна добра...

Марына Паўлаўна змоўкла, працятая крыўдай і расчараваннем. Але гэтыя пачуцці трывалі ў ёй нядоўга. Гледзячы на балючыя мітушэнні свайго былога мужа (яна ж прывыкла разумець кожны ягоны рух), Марына Паўлаўна памалу ахаплялася даўнім сваяцкім жалем, і ўсе думкі яе канцэнтраваліся на адным: як бы развеяць гэты чорны яго настрой, якое б даць яму хоць невялічкае спацяшэнне. У мімавольным парыванні яна падышла да яго і, пяшчотна дакрануўшыся да яго рукі, прашаптала:

— Сымон! Нашто ты мучыш сябе?

Ён здрыгануўся ад неспадзеўкі і інстынктыўна адшаснуўся ад яе, гатовы да злоснага энергійнага адпору. Адылі ўбачыў пакорны боль у яе глыбока запалых вачах і, стрымаўшы сябе, адказаў халодна, але спакойна:

— Ты пра гэта... пра высяленне... Ты не разумееш, Марына... Гэта — трэба. Гэта суровая неабходнасць рэвалюцыі... Рэвалюцыя без ахвяр не бывае... Каб ісці наперад, трэба церабіць дарогу...

Ён гаварыў знехаця —сухім, афіцыйным тонам, абы адкараскацца ад яе, а мо і ад сваіх сумненняў. Але Марына Паўлаўна была надзіва настойная і рашучая.

— Няпраўда, гэтага не трэба... Гэта робяць не так, як ты... Ты — жорсткі... Ты мучыш сябе і праз гэта ўсіх... Ты ў сабе носіш атруту і сам не хочаш пазбыцца яе... Нашто ты так робіш?

Карызна ледзь стрымліваў злосць:

— Ты што, угаварваць прыйшла?.. Мо падаслалі? Агітуеш за пакутнікаў-кулакоў?..

Марына Паўлаўна зусім распалілася:

— Я не дапушчу гэтага! Я не магу дапусціць... Ты сам сябе губіш! Ты не той дарогай ідзеш, якой трэба ісці... Камуністы не так робяць... ім гэтага непатрэбна!.. Ты баішся і таму на гэта ідзеш...

Тады Сымон Карызна падышоў блізка, усутыч, да свае былое жонкі і з бязлітаснай едкасцю праказаў:

— Ты, пэўна, забылася, што мы ўжо не муж і жонка?

Так, Марына Паўлаўна сапраўды была на гэта забылася. Карызнаў напамінак, як струмень ледзяной вады, ахаладзіў яе і вярнуў да прытомнасці. Цяжка згнібёная, асаромленая, яна адышлася і ціхенька села ў свой куточак канапы. Потым узнялася зноў і праказала пакорна, вінавата:

— Я забяру патрэбныя рэчы.

Яна доўга поркалася ў шафе — нічога не брала там і не шукала — абы схаваць сваю нязносную, цяжкую няёмкасць.

Як выходзіла, у руках у яе не было нічога, апроч пакомчанага доччынага ліста. Яна заўважыла яго і ўжо ад парога сказала:

— Я напішу дачцэ... пра ўсё... Добра?

Карызна каротка згадзіўся:

— Гэта даўно трэба было зрабіць.

I Марына Паўлаўна праз усю тую ноч пісала даўгі, поўны матчынскіх слёз ліст да дачкі, у якім, аднак, менш за ўсё наракала на свой боль ці на свае нягоды, а больш апісвала трагічна-бязвыхадны стан, у якім, на яе думку, знаходзіўся цяпер Сымон Карызна, і настойна клікала дачку на ратунак.

Гэты ліст назаўтрага Марына Паўлаўна сама і завязла на пошту ў раён, як пераязджала туды на новую працу і на новае жыццё.

9

Камсамолец Віктар скрозь чорную ноч, скрозь лютую, мабыць, апошнюю перад вясной, завіруху ехаў у далёкую незнаёмую вёску шукаць свайго друга.

Змораная, але без меры старанная шаўлюжка сваім конскім інстынктам адгадвала загубленую ў цемры і снегавай замеці дарогу і клыпала сабе памаленьку, ані не зважаючы  на частыя ўдары пугаю, якімі больш з інерцыі, чымся свядома, частаваў яе ачмурэлы гаспадар.

Сам Віктар не бачыў і не чуў ні дарогі, ні шаўлюжкі, ні пугі, якою без жаднае патрэбы махаў у паветры, ні шурпатага снегу, што агнёва-калючай жарствою абсыпаў яго твар. Усё адчуванне гэтае далекае начное дарогі пералівалася ў разбушлаванай яго свядомасці ў адчуванне няўхільнага падання ў глухую чорную яміну, на самым дне якой, недзе глыбока-глыбока, у вязкім цёплым муце, марылася яму салодкае збавенне ад бязлітаснай чарады вобразаў, што настойна гналіся за ім.