Выбрать главу

— Зарэж мяне лепей... Віця, зарэж мяне... Во табе нож... Віця, я не буду злавацца...

Куды яму дзецца ад гэтых балючых слоў, неадступных, назоллівых, як звон спалашонай асвы. Яны праз цэлы дзень лётаюць над яго галавой і ўпіваюцца ў яе атрутнымі джаламі. Яны залятаюць цяпер наперад і апантаным роем кідаюцца ў твар яму і колюць, кусаюць, паляць яго пякучым агнём.

А можа, гэта лятуць насустрач яму іншыя словы — не менш балючыя і яшчэ больш жорсткія, як тыя?

— Перш выканаць загад, а потым абскардзіць.

А калі гэтае «потым» будзе неўзваротна позняе?

Ён загад выканаў. Ён выканаў яго на сто — ды не, на дзвесце працэнтаў! Бо ён рабіў тое, чаго мог не рабіць, ад чаго мог унікнуць без ніякай завады для справы. Напрыклад, ён мог толькі арганізаваць, наладзіць усё як след, а чаго яму было ісці самому туды, калі можна было папрасіць каго, даручыць каму другому гэта зрабіць?

О, не! Камсамолец Віктар не гэткі! Ён мае досыць цвёрдасці, каб выканаць самому ўскладзены на яго партыяй абавязак! Ён мае досыць юнацкай упартасці, каб выпіць усю чашу да дна, да астатняе кроплі!

Яно нядоўга і цягнупася, гэтае яго наўмыснае самакатаванне — мо якіх пяць ці дзесяць хвілін. Ён зайшоў толькі затым, каб абвясціць пастанову і загадаць, што да такой-та пары павінны быць гатовы ў дарогу, ды яшчэ растлумачыць, што можна ўзяць з сабой з гаспадаркі, а што трэба здаць, як сродкі вытворчасці, у калгас. Ён так і хацеў падысці проста да гаспадара, узяць адпаведны моманту тон — строгі, вядома, нават суровы, але не звяглівы, не злосны — і выкласці слова па слове ўсю сутнасць справы. Але яго здэтанавала троху агульная карціна, якая адкрылася яму ў гэтай нешчаслівай для яго хаце сівалапаўскага селяніна-серадняка Малаха Загароўскага.

Галоўнае збянтэжыла Віктара тое, што, замест, якой ён чакаў, сумятні, гармідару, можа, нават лаянкі, абурэння, ён сустрэў тут жудасную, хаўтурную ціхасць. Тут поўная хата была людзей — больш, вядома, жанчын — і ўсе яны зважна сядзелі па лавах у глыбокім жалобным маўчанні. Можа, яшчэ і тым падкрэслівалася гэтае падабенства да хаўтур, што паваленая раптоўнай бядой гаспадыня ляжала на ложку васкова-белая і нерухомая, як нябожчыца.

Віктар чуў, што гэтая нямотна-напружаная сцэна мусіць выбухнуць, як і на праўдзівых хаўтурах, агульным дружным галашэннем, і баяўся, каб не сталася гэта акурат цяпер, як аб'явіць ён гаспадару няўмольна катэгарычную волю рэвалюцыйнай неабходнасці.

Здзівіла яго Аўгінька. Ён чакаў, што ўбачыць яе заплаканую, зарумзаную, і загадзя нарыхтаваўся змагацца з лiпучым жалем, які ў ім заўсёды ўзнімалі жаночыя слезы. Аж не. Аўгінька зусім не плакала. Праўда, вочы ў яе былі хваравіта-чырвоныя, але слёз не было на іх (мо павыплакала ўсё?), і стаяла яна ў нейкім дзіўным ненатуральным здранцвенні проста сярод хаты, нават не прыхіліўшыся ні да чога,— убога схіленая, нібы зламаная.

Замест жалю, зірнуўшы на яе, адчуў Віктар глухі трывожны страх, які прымусіў яго, ідучы цераз хату, сцеражліва абмінуць яе зводдаль, як зачумленую.

Гаспадар стаяў, прыхіліўшыся да вушака дзвярэй, што ішлі ў чыстую палавіну хаты, і тож быў жудасна нерухомы, здранцвелы. Ён, мабыць, нічога і не чуў з таго, што казаў яму Віктар, бо пустыя непрытомныя вочы яго скрозь глядзелі паўз Віктараву галаву некуды ў нявідную кропку, а на застылым твары была жахлівая адсутнасць усякага выразу і сэнсу.

Віктар не ўправіўся яшчэ скончыць свае прамовы, як да яго падышла Аўгінька. Яна нервовым нязграбным рухам кранула яго за рукаў і ціха спытала:

— Што вы робіце, Віця?

Ён абярнуўся да яе, і іхнія вочы сустрэліся. Тут страшэнна падашукала была Віктара адна нікчэмная дробязь, праз якую ён ледзь не страціў быў свае мужнасці. Аўгінька стаяла перад ім напружаная, суровая, шчытна, аж да бялосці, сашчаміўшы вусны. I вось адзін куточак гэтых прыгожых, тах добра знаёмых і любых Віктару вуснаў увесь час смешна, наіўна сморгаўся ўгару, гарэзна парушаючы стрыманую строгасць усяго твару. Акурат у гэту хвіліну, праз гэты недарэчны нікчэмны куточак вуснаў апанаваў быў Віктара той дрэнны ліпучы жаль, якога ён баяўся. Толькі напяўшы ўсе свае сілы, ён стрымаўся, каб не кінуцца да яе і, плачучы разам з ёй, не закрычаць:

— Аўгінька, любая мая, я не вінават... Я сам ведаю, што гэта несправядліва і непатрэбна, але я мушу рабіць так, бо маю баявы загад, які трэба перш выканаць, а потым абскардзіць... Я абскарджу яго, не бойся... Я ўпраўлюся, я не спазнюся... Родная мая, я ратую цябе...

Казалі потым некаторыя дападлівыя людзі, якія былі там, што ў камсамольца Віктара былі-такі бліснулі ў вачах слёзы. Але гэта, мабыць, казалі проста затым, каб скампраметаваць камсамольца Віктара, паказаць, што і камсамольцы могуць часта зблышыць.