Выбрать главу

А Віктар проста быў растлумачыў Аўгіньцы ўсё як мае быць і прасіў яе супакоіцца, нават падвёў яе да лаўкі і хацеў пасадзіць. Але яна ўзяла тады са стала звычайны хлебны нож і, падаючы яго яму, сказала дзіўна простым і шчырым тонам, які страсянуў усю істоту камсамольца Віктара:

— Зарэж мяне лепей... Віця, зарэж мяне... Во табе нож... Віця, я не буду злавацца...

Што было далей па гэтых словах, Віктар неяк не помніць — усё зацямрылася чорнай нязводнай жудасцю гэтых Аўгіньчыных слоў.

Не, няпраўда. Яшчэ адно помніцца добра. На стале ён убачыў быў кніжку, якую ў астатні раз прынёс быў Аўгіньцы, і, убачыўшы, з радаснай хаплівасцю кінуўся да яе, каб паглядзець яе назву, нібы ад гэтага залежала немаведама што.

Гэта была «Праграма і статут Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі». Віктар кніжку схаваў у кішэню не таму, што баяўся, каб не прапала, а лічыў за недапушчальнае блюзнерства пакідаць яе тут, у гэтым хоць і несправядліва, але ўсё-ткі асуджаным, ганебна асуджаным доме.

Камсамолец Віктар ведае добра свае саюзныя абавязкі! А цяпер ён знойдзе свайго друга, раскажа яму ўсё чысценька, і яны ўдвух нешта прыдумаюць. У яго нарыхтаваны ўжо нават і словы, з якімі звернецца ён да прыяцеля. Ён скажа яму так: «Братачка! Можа, я і дрэнна, не па-камсамольску раблю, можа, падаўся я сантыментальнай слабасці, можа, патураю сам сабе, сваім пачуццям... Але слухай пра ўсё, што было...»

I скажа тады не толікі пра гэта, апошняе, а і пра ўсё, што дзеялася ў Сіўцы па ад'ездзе друга. I яны нешта прыдумаюць тады, і ўсё будзе добра.

Абы пазбыцца гэтых неадступных балючых вобразаў! Абы не сцёбалі ў твар агнёвай жарствой гэтыя назоллівыя, як звон спалашонай асвы, атрутныя словы.

...Здаровы конскі інстынкт няўтомнай шаўлюжкі ды шчаслівая выпадковасць прывялі нарэшце камсамольца Віктара ў патрэбную яму вёску. Там прыстоіў ён ля першай хаты і — абмёрзлы ўвесь, адубелы — ледзь споўз з санак, каб паляпаць у акно ды папытацца, дзе жыве Зелянюк. Яго доўга не чулі, потым доўга перапытвалі і яшчэ даўжэй тлумачылі, як трапіць у патрэбную хату.

Але нарэшце знайшоў. Блізкасць мэты падбадзёрыла яго, і ён нарабіў такога грукату, што перапалашыў увесь дом. Пакуль гаспадары спрачаліся з ім, да дзвярэй падышоў сам Зелянюк і запытаў сваім звонкім, так знаёмым Віктару і так прыемным яму голасам:

— Гэта — да мяне? Хто там такі?

Віктар хацеў весела крыкнуць, але ад узрушэння ледзь прапішчаў — танклява і жаласна:

— Гэта я... Віктар, з Сіўца... Адчыні хутчэй... Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты.

Зелянюк злавіў яго ў цемры за руку і павеў на сваю палавіну хаты. Там запаліў святло і, зірнуўшы на Віктараў разгублены твар, адразу з ласкавай турботай запытаўся:

— Што, Віця, нешта благое здарылася?

— Братачка...

Але на гэтым і скончылася яго ўступная прамова, бо маладыя нязломныя сілы яго ўсё-такі нарэшце здрадзілі яму, і ён горка, па-дзіцячаму заплакаў.

Пакуль Віктар адплакаўся, Зелянюк ужо быў апрануты, і яго свежы бадзёры выгляд ані не паказваў на тое, што яго адарвалі ад самага сну.

— Ну як, Віця, можа, цяпер раскажаш ужо?

I ён ласкава палэпаў Віктара па плячы.

Віктару доўга не давялося апавядаць, бо Зелянюк з першых слоў зразумеў, аб чым тут справа, і нецярпліва перапыніў яго:

— Ну, рэшту дакажаш дарогай. Зараз жа едзем у раён...

Віктар на такі зварот ніяк не спадзяваўся і з раптоўнай радасці паспрабаваў нават пярэчыць:

— Можа, не варта турбавацца па гэтым? Можа, ты запіску напішаш, ці што — дык я сам?..

Але Зелянюк строга перапыніў яго:

— Тут справа не аб тваёй каханцы, Віця,— тут справа вялікае грамадскае значнасці... Конь твой нас давязе яшчэ да раёна?

— Можа, яшчэ і давязе.

I зноў змораная, але без меры старанная шаўлюжка клыпала памаленьку, адгадваючы загубленую ў цемры і снегавой замеці дарогу, і зноў без сэнсу, чыста з інерцыі махаў Віктар пугаю, не бачачы і не чуючы ні дарогі, ні шаўлюжкі, ні шурпатага снегу, што агнёва-калючай жарствою абсыпаў яго твар. Але ўжо не ў чорную глухую яміну падаў загнаны бязлітаснымі вобразамі камсамолец Віктар, а лётаў сярод завірухі смелымі яснымі надзеямі.

У раёне адразу пад'ехалі да кватэры сакратара райкома таварыша Гайдука. Тут адчынілі ім адразу, бо, відаць, прызвычаіліся да гэтых раптоўных візітаў, і як увайшлі хлопцы ў невялічкі Гайдукоў пакой, гаспадар яго ляжаў у ложку, хоць ужо і варушыўся патроху спрасоння.