Зелянюк усцёр сярвічку, і яны ўбачылі, што кіраўнік раённае арганізацыі ўжо сядзіць на сваім непрэзентабельным ложку і, яшчэ не адышоўшы ад сну, дробненька чмыхае сваім хоць і даўгім, але не надта паважным носам.
— А! Хлопцы... Ну што?
Зелянюк без доўгіх абыходаў сціслым стрыманым тонам баявога рапарта пачаў дакладваць сакратару райкома пра сутнасць справы. Гэты яго тон надзвычай імпанаваў Віктару, затое мізэрны выгляд Гайдука, які, седзячы на ложку, усё яшчэ чмыхаў носам, спачатку не абуджаў у ім асаблівае даверлівасці.
Гайдук, выслухаўшы даклад, пацвярджальна кіўнуў галавой, нібы хацеў сказаць, што ўсё так ідзе, як і мусіла ісці, і буркнуў:
— Я хацеў выклікаць Карызну... пагаманіць... Аж цяпер прыйдзецца неяк іначай...
Ён млява пацягнуўся да тэлефона, што стаяў тут жа, пры ложку, і доўга, з д'ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку.
I вось невыразныя, пакомчаныя санлівасцю словы сакратара райкома прагучалі камсамольцу Віктару цудоўна-прыгожай райскай музыкай:
— ...а восьмай уранні?.. ага... цяпер шэсць... Ты чуеш?.. Во што, браток... Пазвані туды, на станцыю... Усіх перасяленцаў з Сівецкага сельсавета затрымаць да выяснення справы... Тэлеграму?.. Давай тэлеграму... Бывай...
I такім самым млявым, нібы вымушаным рухам паклаў назад тэлефонную трубку.
Камсамолец Віктар адчуў ува ўсім целе цягучую, невымоўна-салодкую слабасць. Ён убачыў каля грубкі вольнае крэсла і сеў на яго, прыхіліўшы ацяжалелую галаву да цёплых кафляў. Увушшу ў яго злілася ў роўную буркатлівую песню ўжо далёкая ад яго свядомасці гутарка Гайдука з Зеленюком, а ўваччу распрасцёрся белы зімовы шлях, што адкрываецца за Сіўцом бязмежным разгонам, і па тым па шляху папоўз бясконца даўгі кашлаты абоз, над якім паплылі зусім ціхамірныя, пазбаўленыя ўсякага трагізму, людскія рыданні. А з боку ад шляху, на снегавым узгорку, немаведама адкуль з'явіўшыся там, вытыркнулася нязграбная фігура старога Галілея разам з яго верным другам і спадарожнікам — Босым.
Адтуль, ад Галілея, даляцеў быў таксама нейкі дзіўны завыўна-цягучы чалавечы гук.
Можа, гэта і Галілей плакаў там, стоячы на сваім узвышшы? А мо ён спяваў, чаго добрага?
Ці плакаў Галілей, ці спяваў?
…І над развязаннем гэтага складанага пытання, ці плакаў, ці спяваў Галілей, праводзячы сівецкіх перасяленцаў, заснуў Віктар глыбокім спакойным сном, які кампенсаваў яму ўсе яго трывогі і мукі апошніх дзён.
Вязьмо зацягнулася, і туга скручаныя канцы яго падвярнуліся пад самае сэрца даўкім балючым вузлом чорнае роспачы.
І сталася ж гэта акурат у той момант, як Сымон Карызна, зрабіўшы свой астатні рашучы крок, адчуваў сябе на верхавіне жаданага трыумфу. Нават выйшла тут зусім дзівоснае, неверагоднае супаданне: у тую хвіліну, як паляпалі ў дзверы, ён пісаў акурат данясенне ў раён аб канчатковым завяршэнні суцэльнае калектывізацыі ў Сівецкім сельсавеце.
Пачуўшы стук у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела:
— Уваходзь! Хто там?..
Але зараз жа настрой яго глыбока апаў, бо сярод нечаканых гасцей ён убачыў бледны, рэзка акрэслены твар ненавіснага Зеленюка.
Карызна зразумеў усё. I гэта раптоўнае яснае разуменне сітуацыі дапамагло яму авалодаць сабой. Ён запрасіў усіх сесці і з лёгкай усмешачкай слухаў тлумачэнні незнаёмага таварыша, што гэта ёсць вызначаная раённым камітэтам партыі камісія па даследаванні стану партыйнае і савецкае работы ў сельсавеце.
Камісія сядзела ў яго нядоўга. Ўмовіліся толькі аб працы на заўтрашні дзень, ды Зелянюк з далікатнасці зрабіў колькі запытанняў звычайнага прыяцельскага характару, якія ў такія хвіліны прымаюцца яшчэ халадней, чымся афіцыйныя размовы. I потым камісія пайшла, паведаміўшы напаследак, што закватараваліся яны ўсе ў сівецкім нардоме. Гэта апошняя вестка задзела Карызну бальней, чымся ўся папярэдняя гутарка.
«Нават не зайшлі адразу да яго! Нават не захацелі ў яго спыніцца! Зрабілі дэманстрацыю супроць яго!..»
Астаўшыся адзін, Сымон Карызна перш-наперш падышоў да стала і з хаплівай паспешнасцю падраў недапісанае данясенне ў раён, нібы хацеў як мага хутчэй знішчыць апошні след свае ганьбы. Потым паволі, млява, як лунацік, адышоўся да канапы і сеў у той прьпульны куток, дзе любіла сядзець Марына Паўлаўна.
Ён адчуваў глыбокую да ўсяго апатыю і дзіўнае, амаль шчаслівае палягчэнне. Нібы нёс ён нейкую вельмі патрэбную, але разам з тым і вельмі цяжкую ношку, якую цяпер скінулі ў яго з плеч. Можа, дрэнна, можа, пуста будзе без яе потым, але ў гэтую першую хвіліну над усім пануе адно салодкае адчуванне раптоўнае палёгкі. I хочацца, каб адчуванне гэтае цягнулася бясконца, каб не было ні думак ніякіх, ні турбот, каб адно слухаць, як па ўсім целе пераліваецца цудоўная ўсёабдымная змора.