Выбрать главу

У такім стане заспеў Сымона Карызну Пацяроб, які з'явіўся не па доўгім часе пасля візіты партыйнае камісіі. Ён увайшоў, як зазвычай, не паляпаўшы, не папытаўшы дазволу, прыдыбаў да ўнуранага ў сябе Карызны і схіліўся над ім, ёмка пераламаўшы сваю даўгалыгую постаць.

— Сымонка! Ку-ку?..

Карызна ўзняў галаву і ўбачыў проста перад сабой яго твар, з выразу якога можна было меркаваць, што Пацяроб або збіраецца чхнуць, або пырснуць несутрыманым смехам.

Карызна шчыра здзівіўся:

— Табе смешна?

I сапраўды Пацяроб засмяяўся — ды такім дзікім смехам, што Карызна гатоў быў падумаць, ці не звар'яцеў часам непераможны старшыня Сівецкага сельсавета.

— Асэсары... Асэсары прыехалі... Асэсары... ха-ха-ха!..

Але смех Пацяробаў так жа раптоўна апаў, як і ўзняўся. Стаўшы зноў сур'ёзным, ён скрывіўся ў іранічна-плаксівую міну і далажыў Карызну:

— А я ўжо, Сымонка,— кулдык... Прыйшла паперка з раёна, каб зараз жа перадаў справу намесніку… А ты, любачка, таксама маеш паперку?

Карызна дасадліва махнуў рукой:

— Ці аб гэтым справа?..

— Аб чым жа, золатка?

Карызна зрабіў разгублена-няпэўны жэст.

— Няма нічога... разумееш? Нічога няма... Гарадзілі мы з табой, гарадзілі... I раптам — пуста...

Пацяроб зразумеў гэтыя словы па-свойму і ўпаў у грознае абурэнне:

— Гэта мы пабачым яшчэ, як яно пуста! Яны думаюць, што яны толькі разумеюць? А можа, мы бралі лінію на поўную перамогу сацыялізма? А можа, мы наперадзе ўсіх ішлі ўдарным штурмам, каб дагнаць і перагнаць? Мы таксама кроў лілі за Савецкую ўладу! Мы таксама рабочымі на фабрыцы працавалі і ведаем, як гнуць пралетарскую лінію... Мы яшчэ паглядзім, хто на чыё пераверне!..

Сымон Карызна з вялікім здзіўленнем слухаў бязглуздую мітынгоўшчыну Пацяроба і, як той суняўся нарэшце, не ўтрымаўся ад таго, каб з поўнай шчырасцю не канстатаваць:

— Ну і дурны ж ты, Пацяроб, да немагчымасці.

Пацяроб спопрыску хапіў быў далей:

— Нам не ўпершыню цярпець за рэвалюцыю...

Але абдумаўся, дабраў сэнсу Карызнавае заўвагі і, зноў пераламаўшы сваю несусветную даўгалыгасць, твар у твар прыхіліўся да Карызны.

— А ты, Сымонка, разумны?

I зарагатаў злосным паскудным смехам, ад якога ў Карызны па ўсім целе прабегла дрыготка агіды і жудасці. Ён не мог далей трываць прысутнасці Пацяроба і рашуча ўзняўся.

— Ну, я пайду...

Пацяроб нахабна і хітра падміргнуў яму:

— Сымонка, куды ж гэта ты, даражэнькі?

Карызна зразумеў сэнс яго падміргвання і, моцнаю патугаю волі стрымаўшы сябе, каб не плюнуць яму ў твар, адказаў з наўмысна рэзкай прастатой і адкрытасцю:

— Да Веры Засуліч.

— Схадзі, Сымонка! Схадзі, любачка...

I ён зноў падміргнуў яму з тым жа брудным, нахабным намёкам.

Ідучы з хаты і адчуваючы за плячыма ў сябе прыкрую, ліпучую прысутнасць Пацяроба, Сымон Карызна сам сабе дзіваваў:

— Няўжо я мог плячо ў плячо працаваць з гэтым чалавекам?

..Яшчэ з сянец у Веры Засуліч пачуў Карызна да краю абрыдзенае брынканне гітары і хацеў быў ужо завярнуцца назад, але ўспомніў, што больш няма куды ісці, і з адчайнай рашучасцю чалавека, якому няма ўжо чаго больш губляць, адчыніў дзверы.

Вера чамусьці страшэнна перапалашылася ягоным прыходам і, ускочыўшы з месца, стаяла ў незразумелай Карызну разгубленасці. Затое Андрэй Шыбянкоў адчуваў сябе цалкам вальготна. Ён, не кідаючы брынкаць на гітары, нядбайна падрыгваў адной нагой і глядзеў проста на Карызну ўпартым іранічна-насмешлівым поглядам.

Выгляд гэтага чалавека абудзіў у Карызны ўвесь запас нутраных сіл, якія яшчэ драмалі ў ім, і ён з нечаканай нават для самога сябе рэзкасцю звярнуўся да Шыбянкова:

— Андрэй! Выйдзі адсюль, нам трэба пагаманіць з Верай Міхайлаўнай.

Шыбянкоў, не зважаючы на ягоныя словы, па-ранейшаму ўсміхнуўся яму ў твар ды яшчэ ў дадатак да ўсяго засвістаў пад нос сабе нейкі нахабны матыўчык, які выразней за слоў гаварыў Карызну: «Яшчэ невядома, хто тут мае права астацца: ты ці я...»

Тады Вера Засуліч, заўважыўшы, як страшна збялеў Карызна і якім дзікім агнём загарэліся ў яго вочы, падбегла скоранька да Шыбянкова і спалохана, але разам з тым і пяшчотна папрасіла яго:

— Ты ідзі, Андрэй... Мы пагаворым... Ты потым прыйдзеш... Добра?

I ў гэтае апошняе «добра» яна ўліла столькі інтымнасці, што яно кальнула Карызну бадай не менш, як уся нахабнасць Андрэя.

Андрэй пайшоў. Карызна з глыбокай палёгкай сеў на канапу і паклікаў да сябе Веру.