Выбрать главу

— Хадзі, Вера, сядзь тут, ля мяне.

Вера села поплеч і з мілай, пакорлівай ласкай падала яму абедзве рукі. Карызна прагавіта схапіў іх і затуліў імі свой распалены твар. Так сядзеў ён колькі хвілін, ахаладжаючы мяккім прыткненнем яе маленькіх рук сваё мімавольнае ўзрушэнне. Потым, адкрыўшы твар, з яснай праніклівасцю зірнуў на яе і загаварыў паволі — цвёрда і мнагазначна:

— Цяпер, як я згубіў усё і як я ведаю, што неўзабаве згублю яшчэ і цябе, ты мне даражэйшая, чымся была калі-небудзь дагэтуль...

Вера маўчала. Карызна зрабіў паўзу, мабыць, чакаючы ўсё-ткі з яе боку хоць слабенькага выяўлення пратэсту, але, не дачакаўшыся, гаварыў далей:

— Калі згубіш усё, дык шкадуеш нават таго, чаго дасюль ані не шкадаваў. Я, здаецца, шкадую, што разышоўся з сваёю жонкай.

Вера спытала яго з раптоўным ажыўленнем, якога ён не заўважыў:

— Ты хочаш сысціся зноў са сваёй жонкай?

— Я не пра тое... Мы з ёй не сыдземся больш...

Колькі хвілн яны сядзелі моўчкі, а тады Вера нясмела — не то з асцярожным дакорам, не то з жалем праказала:

— Нашто ты зрабіў так... не так, як трэба...

Яна — гэтая мілая, шчырая дзяўчына — у сваёй бязмежнай непасрэднасці забылася ўжо, што і сама старанна памагала яму рабіць «не так, як трэба».

Карызна пагардліва ўсміхнуўся:

— Помніш, Вяруська, ты неяк сказала мне, што трэба старацца, каб усё было добра, усё чысценька, каб ніхто ні да чаго не мог прычапіцца... Так цяжка рабіць, Вяруська, так надзвычайна цяжка рабіць.

Вера клапатліва зморшчыла лоб і з мімавольным страхам у голасе запытала:

 — Што цяпер будзе?..

— Што цяпер будзе?.. Мяне, напэўна, выключаць з партыі. Можа, аддадуць пад суд... I па тым...

Ён раптам хваравіта ажывіўся і, сутаргава сціснуўшы яе рукі, загаварыў далей:

— Гэта—не тое... не ў тым тут сэнс... Пуста, Вяруська, вось што... Няма нічога... Няма мінулага ў мяне... разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае мінулае... Звычайна кажуць іначай, наадварот, а ў мяне акурат так... Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню... Няма падставы, як кажуць, для будучыні... Я — помніш, Вера,— казаў табе, што, можа, мы прайшлі свой этап, што, можа, на гэтым новым этапе мы — лішнія... Я проста хаваўся за гэтае «мы»... А цяпер іначай... Няма тут, мабыць, ніякіх «мы»... I ніякіх этапаў не было, ніякіх этапаў я не ішоў. Таму і пуста цяпер... Няма мінулага, няма на што абаперціся.

Вера глядзела на яго ўпартым неадрыўным поглядам, і ў яе чыстых наіўных вачах займаўся агеньчык глыбокага жалю. Мабыць, адчуўшы гэты яе настрой, Карызна раптам абярнуўся да яе і цяжкім ад унутранага болю голасам запытаў:

— Вяруська, нашто ты кідаеш мяне?

Вера пяшчотна прытулілася да яго і прашаптала:

— Я дужа, дужа хачу, каб табе было добра...

Потым яна схілілася да яго калень і, не вырываючы ад яго сваіх рук, парыўчата схавала ў іх твар.

Карызна з невымоўным здзіўленнем і глыбокай, блізкай да шчасця радасцю адчуў, як па руках у яго пацяклі гарачыя, шчодрыя яе слёзы.

Але ўсё ж такі не бьшо гэта шчасце, бо Сымон Карызна навучыўся нарэшце разумець, што жаль — гэта яшчэ не зусім каханне.

11

У сельсавеце было ці мала народу, і кароткая, але поўная глыбокага драматызму сцэнка, якая неспадзявана разыгралася там, мела досыць шырокае кола цікавых і надзвычай уважных гледачоў.

За вялікім сталом насупроць уваходных дзвярэй працавала раённая камісія, правяраючы справы Сівецкага сельсавета. Перад сталом грозна, размашыста сігаў экс-старшыня сельсавета — даўгі, як вочап, калматы, як памяло, Пацяроб. Да яго то старшыня камісіі, то Зелянюк раз-пораз звярталіся з запытаннямі, і тады ён горда сунімаў свой марш і, пагардліва скрывіўшы вока на трэцяга, ціхага і маўклівага сябра камісіі, кідаў — нібы выплёўваў — кароткую нядбалую рэпліку. Старшыню камісіі, а злашча Зеленюка, ён велічна ігнараваў, нібы не прызнаваў зусім іхняе прысутнасці ў сценах яго былой інстытуцыі.

Народ, які быў у сельсавеце, найбольш сівецкія актывісты, купкаваўся сям-там невялічкімі гурткамі і аднамерна гудзеў стрыманым гоманам, поўным павагі да тае, экстраардынарнае справы, што адбывалася тут.

А ў самым кутку за сталом, дзе працаваў незамутнёна спакойны дзядок Цівунчык, сядзеў, цяжка ўзлёгшыся локцямі на стол, Сымон Карызна. Ён пахмура маўчаў, унураны ў глухую задуму, і, мабыць, не чуў ані слова з ціхамірнае гаворкі старога служакі, які лічыў за свой канечны абавязак разважаць яго чорны настрой староннімі, да справы не датычнымі, апавяданнямі. Але Цівунчык не засмучаўся дужа яго няўважнасцю і з вялікім задавальненнем апавядаў сам сабе пра грандыёзныя шашачныя турніры, у якіх ён нібыта браў калісьці ўдзел і якія, праўду сказаўшы, ён проста вымудрыў сабе паціхеньку, каб хоць трошку акрасіць цягучую сваю канцылярскую самоту.