Акурат перад момантам, як мела разыграцца тая неспадзяваная сцэнка, агульную цікавасць прыцягнула была да сябе нейкая малаважная, але вострая спрэчка Пацяроба з камісіяй, і таму ўсё, што далей тут адбылося, прайшло пад пільнай увагай усіх прысутных.
Яшчэ не ўправіўся скончыць Пацяроб сваю чарговую алімпійскую рэпліку, як раптам адчыніліся дзверы і ў сельсавет увайшла прыгожая стройная дзяўчына. Яна з парога акінула памяшканне быстрым энергійным поглядам і, убачыўшы проста перад сабой Зеленюка, шырока расплюшчыла вочы ад радаснага здзіўлення і зрабіла ў яго бок мімавольны парыўчаты рух — больш красамоўны, чымся тысячы слоў найгарачэйшага прывітання. Але рух гэты застыў у самым сваім пачатку, бо дзяўчына раптам дзіўна змянілася: бровы яе строга насупіліся, вусны сашчаміліся ў цвёрдым напружанні, а ў вачах халодна бліснуў зусім не радасны і не прыветны агеньчык.
Дзяўчына пругкім крокам падышла да Зеленюка і, упарта гледзячы яму ў твар, запытала:
— Навошта ты маніў мне? Зелянюк паспрабаваў усміхнуцца.
— Я не маніў табе, Стася...
— Чаму ты не напісаў мне ўсяго?
Зелянюк відавочна замяшаўся, і гэта яго замяшанне вылілася ў цяжкую, невыгодную для яго паўзу. Адылі ён авалодаў сабою і з той жа ціхай нерашучай усмешкай адказаў:
— Стася... Так трэба было... Так было лепей...
Дзяўчына паглядзела на яго знішчальным поглядам і хацела, мабыць, сказаць нешта вельмі рэзкае, але ў гэты момант яна заўважыла Сымона Карызну і кінулася да яго з крыкам, у якім невядома чаго было больш: радасці ці роспачы:
— Татка!..
Карызна ў хаплівай, зусім старчай паспешнасці цалаваў дачку — і з нецярплівай настойлівасцю вёў яе да дзвярэй, нібы баяўся, каб не пачула ці не пабачыла яна тут таго, чаго ёй не трэба ні бачыць, ні чуць.
— Ты не была яшчэ ў хаце? Пойдзем, дачушка... пойдзем.
Як яны былі ўжо ў дзвярах, Зелянюк нервова памкнуўся ім услед і гукнуў не па-звычайнаму моцным узрушаным голасам:
— Стася!..
Але яна нават не азірнулася.
Зелянюк стаяў сярод пакоя напружана-застылы, адзервянелы — і не то ў чаканні, не то ў бязмежным балючым здзіўленні глядзеў на зачыненыя дзверы.
З хвіліну ў сельсавеце стаяла глухое маўчанне. Яго разарваў дагадлівы Пацяроб раптоўнай заўвагай:
— Гэта, любачкі мае, аргумент...
I ён пашукаў вачмі сярод публікі спагадлівае ўсмешкі, адылі не ўсміхнуўся ніхто. Усе заняліся адразу сваім, кожны ўдаваў, што ён нічога не бачыў і не чуў. Гэтым паказалі ўсе мімавольную павагу сваю да глыбокіх, цудоўна-яскравых рухаў чалавечай душы.
Праз якіх дзесяць хвілін камісія зрабіла была перапынак у сваёй працы, і тады, абабраўшы зручны момант, да Зеленюка падышла Тацяна Шыбянкова. Унікаючы чамусьці ад сустрэчы з ягоным поглядам, яна нерашуча запытала яго:
— Гэта твая дзяўчына?
Зелянюк ласкава, амаль пяшчотна зірнуў на яе злёгку паружавелы твар і жартліва адказаў:
— А хіба гэта не ўсё роўна?
Тацяна паспешна згадзілася:
— Усё роўна.
Але ўвесь яе разгублены выгляд, а найбольш сарамліва ўтупленыя вочы яе гаварылі, што ёй гэта не зусім усё роўна.
...Тым часам бацька з дачкой у цяжкім адчужана-халодным маўчанні падыходзілі да будынка местачковае сямігодкі.
Пераступіўшы цераз парог роднае хаты, Стася, як і там, у сельсавеце, сунялася ў парозе і абвяла пакой вострым дапытлівым поглядам. Відаць, агульны выгляд самотнае Карызнавае кватэры не зрабіў на яе асабліва прыемнага ўражання, бо яна з сцеражлівай стрыманасцю — зусім не па-хатняму — перайшла цераз пакой і, нават не распрануўшыся, села на першае, якое трапілася ёй на дарозе, крэсла.
Карызна заўважыў яе настрой і тонам лёгкага дакору прапанаваў:
— Можа б, ты распранулася хаця, Стася? Ты ж прыйшла дамоў, у сваю хату.
Стася нібы і не чула ягоных слоў. Яна з хвіліну сядзела моўчкі, упяўшы ў акно задуменны погляд, а тады абярнулася да бацькі і з рэзкай рашучасцю запытала яго:
— Тата! Што ты тут нарабіў?
Карызна, замест адказу, сам запытаў яе ціхім праніклівым голасам:
— Ты што, Стася, першая хочаш судзіць?
Яна нездаволена скрывілася:
— Я не магу і не хачу судзіць цябе. Ты ведаеш, што я прывыкла бачыць у табе не толькі свайго бацьку, а і старшага таварыша. Ты — стары партыец, а я камсамолка.
— Неўзабаве будзе іначай: я буду беспартыйны, а цябе, мабыць, перавядуць у сябры партыі. Я табе зычу гэтага ад шчырага сэрца...