Што б там ні было, а ён мусіць знайсці такі дакладны вычарпальны адказ, які б адразу пераканаў Стасю ў аб'ектыўнай правільнасці і мэтазгоднасці ягонага ўчынку.
Любая, слаўная Стаська! Якім страшным поглядам яна сёння на яго паглядзела! Гэты погляд не гаварыў, а проста крычаў, што Стаська яму ніколі-ніколі, да апошніх дзён жыцця, не даруе!
Яна, вядомая рэч, даруе яму, ён гэта ведае добра. Але яна даруе толькі тады, калі ён здолее з непахіснай пэўнасцю ёй давесці, што меў безумоўную рацыю, гэтак рабіўшы.
О, ён добра ведае сваю Стаську!
Толькі ці захоча яна наогул з ім гаварыць? I як тут зрабіць, каб чым найхутчэй з ёй сустрэцца?
...Стася гаварыць з Зеленюком захацела і нават сама прыйшла да яго раней, чымся ён управіўся знайсці сваю няшчасную формулу.
Зелянюк як не ашалеў з радасці, убачыўшы яе ў дзвярах свайго трунападобнага пакоя. Ён кінуўся ёй насустрэчу з такім рашучым парываннем, нібы паміж іх не было, ды і не магло быць ніякіх нязгод ці супярэчанняў, і гатоў быў ужо з маху схапіць яе ў свае абнімкі.
Але Стася, яшчэ трымаючыся адной рукой за клямку дзвярэй, другой рукой уласна адгарадзілася ад яго.
— Нашто ты рабіў так? Ну, кажы?
Зелянюк ніякім чынам не спадзяваўся на такі энергійны і, галоўнае, такі раптоўны напад і, збянтэжаны, сунуўся перад ёй, не ведаючы, што рабіць далей.
— Чаго ты хацеў гэтым дасягнуць?
Зелянюк чуў, што вось тут акурат, на гэтым месцы, ён мусіць даць свой цвёрды, катэгарычны адказ і ўсё тады развяжацца ў адзін момант. Але адказу такога яшчэ не было ў яго, а маўчаць таксама не выпадала, і ён загаварыў — не зусім, праўда, цвёрда і не зусім катэгарычна:
— Ведаеш, Стася, я вось, пакуль ты прыйшла, доўга думаў над гэтым. Я зноў кажу, што так трэба было — я глыбока ўпэўнены ў гэтым. Але я не магу растлумачыць табе... Не магу сфармуляваць... Ну, ведаеш...
Стася пагардліва прыжмурыла вочы і перапыніла яго:
— Ты, можа, думаў, што я перастану кахаць цябе за тое, што ты пасварыўся з маім бацькам?
Зеленюку гэта дадзела надзвычайна, і ён загарачыўся:
— Няпраўда! Я не мог так думаць, ты гэта ведаеш... Ты абражаеш і мяне і сябе. Гэта не тое... Бачыш... Я хацеў, каб ты зусім бесстаронна судзіла пра мае ўчынкі. Я пісаў чыстую праўду, не маніў ні слова... Ну, скажы, Стася... Ты ж не бачыла нічога дрэннага ці няправільнага ў маіх стасунках да таго... да сакратара ячэйкі?.. Ты мне пісала, што цалкам згодна са мной. Праўда, Стася? Ну, скажы, праўда?..
Стася з момант падумала і сказала троху лагадней, але з тым самым пагардлівым дакорам у голасе:
— Ты — эгаіст... Ты толькі думаў, каб самому чыстаму быць, каб агарадзіць сябе... ты дарма гэта рабіў, бо бацька сам мне сказаў, што ты ні ў чым не вінават...
Зелянюк жвава перапытаў:
— Ён так сказаў табе? Праўда, Стася?
Стася не палічыла за патрэбнае паўтараць, што сказала, і цягнула далей:
— Ты думаў пра сябе толькі. А можа, каб я адразу ведала ўсё, дык бы і нічога гэтага не было...
Зелянюк пачуў тут самае небяспечнае месца і паспешна запярэчыў:
— Няпраўда, Стася! Я многа думаў аб гэтым... Ты зусім не ведаеш свайго бацькі. Ты падліла б толькі масла ў агонь, і ўсё роўна было б тое самае, толькі, можа, у больш вострых і злачынных формах... Пра гэта я таксама пісаў табе, Стася...
Яна раптам нібы абвяла і зусім новым, пакорна-ціхамірным тонам запытала:
— Што цяпер будзе з ім?
Зелянюк, узрадаваны такім зваротам справы, ахвотна пачаў тлумачыць ёй пра партыйную дысцыпліну, пра партыйныя спагнанні, пра тое, што партыя ніколі не адштурхоўвае ад сябе канчаткова сяброў, якія зрабілі тыя ці ішпыя, хоць і вялікія нават, памылкі. Стася выслухала яго з глыбокай увагай і, як ён кончыў, спакойна завярнулася да дзвярэй.
Зелянюк асалапеў:
— Стася! Куды ж ты?
Яна прыстоіла і ўзняла на яго наіўна-здзіўленыя вочы:
— А што?
— Ты так і пойдзеш?
— Так і пайду. Я пагаварыла з табой пра ўсё, што трэба, і мне няма чаго больш тут рабіць!
Ён раздзельна, склад за складам пераказаў:
— Табе няма чаго больш тут рабіць?
— Так, Зелянюк, мне няма чаго больш тут рабіць.
I яна зноў завярнулася да дзвярэй. Зелянюк падбег і схапіў яе за руку.
— Чакай, Стаська... Гэта ж неразумна... нелагічна... Ну, даруй мне, калі мо я дрэнна зрабіў... Ну, даруй, Стаська...
Стася сказала яму дзіўна спакойным, зусім прыяцельскім тонам:
— Слухай, Зелянюк... Ты ведаеш, што я не люблю рабіць што-небудзь з пустой крыўды ці гонару... I я не крыўджуся на цябе... Папраўдзе, Зелянюк, не крыўджуся... Я нават цяпер, у гэтую хвіліну, згодна з табой, што так было лепей... Але гэта ўсё роўна астанецца паміж нас прыкрым непаразуменнем, і, калі мне будзе патрэбна, я буду лічыць, што ты загубіў майго бацьку...