— Няпраўда, ты не падумаеш так... Ты выдумляеш сама на сябе... Стаська, я ўсё роўна не пушчу цябе... Ты не пойдзеш... Я так не магу... Я больш кахаю цябе, чымся ты думаеш...
Стася ціха, але рашуча папрасіла:
— Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду.
Тады Зелянюк пусціў яе руку і, балюча сашчаміўшы зубы, пайшоў ад дзвярэй. Услед яму пачулася так блізка знаёмае, звонкае і зусім-зусім нязлоснае:
— Бывай, Зелянюк!
I яна такі пайшла, гэтая наравістая дзяўчына. Праўда, як выйшла яна за дзверы, дык яе прыгожы твар таксама пацямнеў і скрывіўся ад нутранога болю, але пайшла яна цвёрдым роўным крокам, які ані не паказваў на тое, што гэта дзяўчына перажывае цяпер сваю першую і таму найглыбейшую і найсвяжэйшую трагедыю.
...Стася была ў такім душэўным стане, калі чалавек зазвычай або ўпадае ў чорную меланхолію, або наважваецца раптам на які-небудзь дзікі, недарэчны ўчынак, на які б ніколі не пайшоў у нармальным стане, і ў гэты ўчынак вылівае жорстка сціснутую ўнутры ў яго буру.
Стася ў чорную меланхолію не ўпадала, а наважылася на дзікі, недарэчны ўчынак: яна пайшла да Веры Засуліч.
Яшчэ з кухні Стася пачула мілы галасок Веры, якая мыркала сама сабе нейкую цёплую і ўтульную, як курлыканне коткі, песеньку. Гэтая песенька страшэнна абразіла Стасю сваёй ціхамірнасцю, і яна паведаміла пра свой прыход такім адчайным грукатам у дзверы, нібы хацела спагнаць на іх усё абурэнне свайго маладога сэрца.
Вера выскачыла ёй насустрэчу — чыстая, светлая, як анёлак,— і, ледзь не плачучы з радасці, кінулася яе абнімаць.
— Стасечка, родная... Як добра, што ты прыехала... Тут так многа ўсяго ўсякага панарабілася... Я ўжо хацела пісаць табе... папраўдзе...
I яна з ласкавым шчабятаннем павяла Стасю ў свой пакой. Стася моўчкі прымала яе гарачыя шчырыя ласкі, але сама на іх не адказвала і скрозь разглядала яе сур'ёзным праніклівым поглядам. Але раптам у галаве ў яе мільганула смешная дзівачная думка: «Гэта ж яна, можа, будзе мая новая "мама"?»
Яна мімаволі ўсміхнулася. Вера заўважыла гэтую ўсмешку і, ураз пахаладзеўшы, пакрыўджана насупіла свае аксамітныя броўкі.
— Ты, Стася, смяешся з мяне?
Стася станавіта растлумачыла ёй:
— Гэта я ўсміхнулася не з цябе, а з адной свае недарэчнае думкі. Я смяяцца з цябе не буду.
I Вера, ураз расхмурыўшыся, зноў жвава зашчабятала, апавядаючы Стасі пра сівецкія навіны. Адылі Стася перапыніла яе:
— Я прыйшла, Вера, да цябе са справаю. Я хачу пагаварыць з табой пра свайго тату.
Вера зноў замаркоцілася:
— I ты, Стася, супроць мяне? Што я зрабіла каму благога?
Стася паспепша яе супакоіла:
— Я на цябе не наракаю... Гэта — ваша асабістае... Я проста хачу пагаварыць...
Вера падсела бліжэй да яе і прашаптала з непадробленай ласкай і болем:
— Я так шкадую яго... Я, здаецца, усё б зрабіла, каб толькі яму лягчэй было... Я праўду кажу, Стася...
I яна нават прытулілася да Стасі і пяшчотна гладзіла яе руку, нібы гэта сядзела не Стася тут, а Стасін бацька.
Стася, мабыць, наважыла, што цяпер самы зручны момант пачаць «рашучую» размову, і, надаўшы голасу свайму глыбокую, мала не трагічную суровасць, запытала:
— Скажы, ты яго любіш?
I чыстая, бязвінная, як дзіця, Вера Засуліч з анёльскай шчырасцю ёй адказала:
— Я не ведаю, Стася...
Стася здзіўлена паглядзела на яе і гаварыла далей тонам старэйшага дасведчанага чалавека, які размаўляе з малым:
— Ну, як жа так — не ведаю... Каханне — гэта пачуццё такое... такое яснае... Заўсёды адчуваеш, ці кахаеш ты чалавека, ці не... Нават і калі дрэнна з ім... ну, калі паспрачаліся... калі разышліся нават... а ўсё роўна нешта ёсць да яго не такое, як да іншых людзей... Усё роўна цягне да яго, хочацца зноў сустрэцца з ім... хоць ведаеш, што гэта непатрэбна... немагчыма...
Тут Стася нават ціхенька, неўзаметку для Веры, уздыхнула, адылі схамянулася, што нагаварыла многа лішняга, і скончыла суха, разважна:
— Раз няма яснага пачуцця паміж людзей, дык і не можа быць у іх ясных стасункаў.
Вера слухала яе ў глыбокім замяшанні. Яна з хвіліну вагалася сама з сабой, а тады ціха, нясмела праказала:
— У нас... стасункі... у нас усё ясна...
Стася строга перапытала яе:
— Як гэта ясна?
— Бачыш, Стася... Я выйшла. Я выходжу замуж...
— За тату?
Вера яшчэ больш замяшалася:
— Не... За Шыбянкова... За Андрэя Шыбянкова...
Стася глядзела на яе вялікімі, поўнымі здзіўлення вачмі.
— А тата ведае?
— Не... Ён не ведае... Я не казала яму... Я не магла сказаць яму...
Стася, з усіх сіл хаваючы сваю раптоўную радасць, дзелавіта заявіла: