Зелянюк гаварыў далей, і з кожным словам тон яго з грубавата-фамільярнага ўсё больш і больш пераходзіў на сардэчна-інтымны і троху сарамлiвы.
— Я еду заўтра ў горад... Зноў на завод, на працу... Я хацеў прапанаваць табе...
Тут ён на момант затрымаўся, перамагаючы шчырым вясёлым бляскам сваіх вачэй варожа-недаверлівую хмурасць Карызнавага погляду.
— Карызна! Давай будзем так... без злосці... Пагаворым хоць раз адкрыта... па-таварыску...
Карызна ледзь прыкметна ўсміхнуўся — цьмянай далёкай усмешкай, якая, мабыць, больш стасавалася да яго ўласных глыбока захаваных думак, чымся да апошніх слоў Зеленюка. Але Зелянюк зразумеў гэтую мімалетную ўсмешку як першы крок па шляху прымірэння і, парыўчата прыхіліўшыся да Карызны, загаварыў з прыяцельскай зычлівасцю:
— Ведаеш што, Карызна? Я раю табе пераехаць у горад. Разумееш? Да нас, на завод... Табе там працы знойдзецца колькі хочаш...
Карызна доўга глядзеў на яго ўпартым натужным поглядам, нібы толькі цяпер заўважыў яго прысутнасць, і як мага стараўся вынырнуць з свайго бяздоннага забыцця, каб дабраць сэнсу таго, аб чым гаворыць яму назоллівы, неадчэпны брыгадзір.
— Да вас?.. На завод?..
— Ну, вядома...
— Чаго?
— Як чаго? Працаваць... На новым месцы, з новымі людзьмі... з рабочымі, з пралетарыятам...
Карызнава хмурасць раптам змянілася на балючую турботу — ён нібы спалохаўся свайго новага звароту да рэчаіснасці, які парадзіў новую раптоўную патрэбу думаць, меркаваць, снаваць жыццёвыя планы замест таго, каб бязвольна плысці па хвалях даўняга шчымлівага смутку.
Зелянюк не адступаў ад яго.
— Ну, што, згода? Едзем?.. Будзем разам працаваць на заводзе... Тут не спрацаваліся, дык, можа, там лепш патрапім. Будзем разам здабываць назад сабе тое, што разам страцілі...
I, сказаўшы гэтыя астатнія словы, Зелянюк чамусьці засаромеўся. Карызна паглядзеў на яго з глыбокім неўразуменнем:
— Я не ведаю, аб чым ты гаворыш... Што мы страцілі разам?
Зелянюк мякка, зусім па-дзяцінаму ўсміхнуўся і адказаў:
— Ну, ведаеш... Ты — партбілет, а я...— I, злёгку адвярнуўшыся ўбок, каб схаваць сваё канчатковае замяшанне, дакончыў: — А я — Стасю...
Сымон Карызна здрыгануўся, пачуўшы з Зеленюковых вуснаў доччына імя, і цень мітушлівай турботы, што ляжаў на ягоным твары, згусціўся да выразу вострага нутранога болю. Ён устаў ад стала і, захоплены новымі непакойнымі думкамі, доўга хадзіў па пакоі, нібы забыўшыся зусім на прысутнасць тут Зеленюка. Калі ж той, знуджаны доўгім маўчаннем, таксама ўзняўся і, ладзячыся выходзіць, яшчэ ў астатні раз напамянуў пра сваю прапанову, Сымон Карызна нервова страпянуўся і, затрымаўшы руку Зеленюка, з дзелавітай паспешнасцю адказаў:
— Так-так... я паеду... Я паеду, Зелянюк. Абавязкова паеду...
I яны развіталіся з цёплай таварыскай прастатой і шчырасцю.
У расчыненыя напята дзверы і вокны нардома шырокай патокай уліваўся вясновы вецер, насычаны свежай цеплынёй і густым араматам толькі што абуджанай зямлі. Прайшоўшыся па галовах шчытна збітага ў памяшканні натоўпу і завіўшы смешныя цыбатыя віхры ў калматых мужычых чупрынах, вецер мякка ўзнімаўся ўгару, шастаў там па даўгіх вязёнках рознакаляровых сцяжкоў і, залазячы падскуру самадзелкавых лозунгаў, надзімаў іх тугімі гладкімі пухірамі.
Лозунгі ўсе распісаны былі пад непасрэдным кіраўніцтвам настаўніцы пачатковае школы Веры Засуліч і выразна адлюстроўвалі ў сабе індывідуальныя рысы гэтае энергійнае, спраўнае і чулае да грамадскага жыцця працаўніцы. Яны былі ўсе чысценькія, роўненькія, прыгожанькія і дакладна адпавядалі палітычным задачам сённяшняга дня:
«Хай жыве сацыялістычная перабудова вескі!»
«Хай жыве суцэльная калектывізацыя!»
«На базе суцэльнае калектывізацыі ліквідуем кулацтва як клас!»
«Заўтра — першы дзень бальшавіцкай калектыўнае сяўбы!»
«Хай жыве сацыялістычная арганізацыя працы!»
I толькі ў адным невялічкім лозунгу рамантычная натура Веры Засуліч неспадзявана вылілася ў цалкам бязвінныя, але троху залішне лірычныя радкі:
«З кволай руні закрасуюць
Залатыя каласы...»
Адылі гэты лозунг павешаны быў у самым цёмным куточку, яго мала хто прымячаў. Ды і наогул на лозунгі, на сцяжкі, на зяленыя хвойныя лапкі, на ўсю гэтую пышную аздобу нардомаўскае залы мала зважалі сівецкія грамадзяне, бо іхняя ўвага цалкам была скупчана навокал аднаго пункта, які нясцерпна дражніў усіх сваёй загадкавай таямнічасцю.
Наперадзе, з боку ад сцэны, цэлы куток залы быў завешан стракатай заслонай, злепленай з старых выцвілых і парудзелых сялянскіх дзяружак. Уваход за гэту заслонку быў строга ўсім заказаны, і нават дападлівыя падшпаркі, якія памкнуліся былі пераступіць суровы заказ і хоць адным вокам зазірнуць у чароўны куточак, былі злоўлены на гарачым учынку і ўрачыста выдалены з памяшкання.