Зала выбухнула дружнымі воплескамі, і ўсе пачалі шукаць вачмі хударлявае фігуры старога вынаходцы.
Але Галілея ў зале ўжо не было: ён уцёк, скарыстаўшы агульнае замяшанне.
На цёмнай сівецкай вуліцы Галілея дагнаў яго прыяцель аптэкар Плакс — ён жа кіраўнік драмгуртка і местачковы філосаф.
— Гэта — тэхніка, Галілей? Га?..
Галілей, не сунімаючы свае дробнае лёгкае хады, адказаў:
— Кхе-кхе... Тэхніка, доктар... ага... тэхніка...
— А дзе ж там твой чалавек, Галілей? Я не бачыў там чалавека... Чаму ты, Галілей, якога новага чалавека сабе не прымудраваў, га?
Гэта падступнае запытанне сівецкага мізантропа, відаць, дадзела старому, і ён з навучальнай строгасцю прабурчаў:
— Няможна, доктар, так казаць пра людзей... ага... няможна... Новых людзей не трэба... Гэтыя людзі будуць новыя... Трэба, доктар, чалавека любіць... ага... трэба любіць...
Аптэкар Плакс хацеў быў яшчэ нешта сказаць, адылі абмежаваўся адным невыразным гукам, у якім не было нават досыць прыкметнае дозы звычайнага плаксаўскага скептыцызму.
I тут прыяцелі разлучыліся: Галілей патрусіўся некуды па цёплай сівецкай вуліцы, а кіраўнік драмгуртка і местачковы філосаф вярнуўся ў нардом паказваць калектывізаванаму сівецкаму грамадзянству сваю чарговую пастаноўку.