Выбрать главу

— Дадушы, мы нешта зробім у Сіўцы!

Яна не хацела, адмаўлялася, але Зелянюк усё роўна павёу яе дахаты.

— Мне гэтую ноч наканавана так прашлындаць. Мне дык весела, я здаволен, што так у нас сёння выйшла. А ты як, Тацяна, га?

Тацяна замест адказу моцна прыціснула да сябе яго руку.

Млын усе туркатаў, неўгамонны, але, здавалася, цішэй ужо і лагодней. Ці не сагрэўся-ткі троху стары, тупаючы на месцы?

На Сіўцы ўжо ў іншых хатах блішчалі агеньчыкі. Спявалі немаведама каторыя пеўні.

— Авой, гэта ж ранне ўжо. Цалюткую ноч прабадзяліся. I спаць жа не хочацца, ані-ні...

I Тацяна ў дзяцінай радасці засмяялася. Яны падышлі да маленькае крывенькае Тацянінае хаты.

— Ну, дабранач, Тацяна. Заўтра ўбачымся.

Ён адной рукой сціснуў яе халодную жорсткую далоню, а другой ціха абняў, прытуліў да сябе.

Як ён пайшоў, Тацяна з хвіліну стаяла на месцы і глядзела яму ўслед — збянтэжаная і радасная.

11

I вось разгойдвалася ды разгойдвалася жыццёвае мора, бушавала новаю бурай, гудзела новымі вятрамі — жорсткімі і жыватворнымі. Мізэрнымі аскепкамі мітусіліся па моры напаўразбітыя шалюпкі старога гнілога дабрабыту. Расхіналіся прорвы бяздоннае глыбіні, адкрывалі цёмныя, захаваныя ў людзях супярэчнасці, і ўзмываліся шалёнаю пенай на грэбні хваль апантаныя людскія пачуцці.

Па разгойданым бурлівым моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае яснае сонца. Яго сустракалі радаснымі прывітальнымі крыкамі і імкнуліся разам з ім наперад, напружваючы сілы ў цяжкім напорным руху. Яго сустракалі енкамі дзікага жаху, стогнамі непазбыўнае роспачы і кідаліся ад яго безвач, каб, ратуючыся, згінуць у чорным прадонні мора.

Гэта ішла сваім трыумфальным паходам непераможная рэвалюцыя. Гора таму, хто станавіўся перад ёй у марных патугах суняць ці затрымаць яе рух!

Гора таму, хто, знявераны, пакідаў яе, спадзеючыся на шчаслівы супакой у мяккіх абнімках невядомага штылю!

Гора таму, хто, трапіўшы ў бурнапеністы след яе, хмялеў ад вірлівага шуму, ад разгоннага мітушэння і траціў прытомнасць! Бо рэвалюцыя заўсёды жорсткая і няўмольная ў сваёй гістарычнай вялікай справядлівасці...

* * *

Гэта — агульны, троху напышаны, але ў грунце правільны вобраз той пары, што апісваецца ў нашым апавяданні. А ў паасобных скалках жыцця адбівалася яно так: раз'юшаныя са страху і роспачы кулакі ўшчарэпіліся былі аберуч у свой паскудны, складзены з адабраных у суседзяў кавалкаў, дабрабыт і, ашчэрыўшы зубы, гырчалі, гатовыя ўсцервіцца ў кожнага, хто паткнецца да іхняга дабра. А такі і патыкаліся, смеючыся з іхняе лютасці, і ёмкімі ўдарамі збівалі іхнія атрутныя іклы. Гледзячы на кулакоў, трымаліся часам і няшчасныя галадранцы за свае драныя бэбахі ды крычалі, асалапелыя, пакуль паказвалі катораму, за што ён, дурань, трымаецца і каму ўтуруе сваім прарэзлівым крыкам.

I, мінаючы перашкоды, ішла пэўным крокам грандыёзная, нябачаная ў свеце перабудова вёскі.

Траплялася, што і станавіліся на дарозе. Траплялася, што адыходзілі, знявераныя, слабыя духам. Траплялася, што і шалелі, ахмеленыя бурнапеністаю завірухаю.

Рэвалюцыя была жорсткая і няўмольная.

Так было ўва ўсіх рэспубліках, ува ўсіх акругах, ува ўсіх раёнах, ува ўсіх сельсаветах.

Так было і ў Сіўцы, дзе за старшыню сельсавета быў тады даўгі, як вочап, і калматы, як памяло, Пацяроб, а за сакратара партыйнай ячэйкі загадчык сямігодкі Сымон Карызна.

Пацяроб быў наскрозь чалавек адміністрацыйны і не любіў малімоніцца. Першая ягоная акцыя, чым ён адгукнууся на шырокі рух рэканструкцыі, была тая, што ён на раменьчыку цераз левае плячо начапіў на сябе наган. Хадзіў ён скрозь з адчайна зморшчанаю аж да плаксівасці мінаю, якая азначала разам і пагарду да людзей, што яго абкружалі, і горкую муку за іхнюю безнадзейную нягегласць. Глядзеў ён на кожнага так, нібы хацеў сказаць яму:

— Ну, што ты, братачка, за чалавек? Попел ты, а не чалавек. Шкада мне цябе, братачка, а то б узяў ды расцёр цябе нагой, як чорнага жука.

Гэтага ён, вядомая рэч, не гаварыў, а мо і не думаў, але аблічча ягонае ткі папраўдзе насіла на сабе жывыя абрысы падобнай сентэнцыі.

Пацяроб адчуваў сябе ніякава: яму не давалі разысціся. Ён адразу засвоіў сабе цалкам закончаны і надзвычай просты погляд на сітуацыю: ён лічыў, што вярнуўся дзевятнаццаты год, і адно дзіваваўся, як гэта іншыя яшчэ да гэтага не даўмеліся. Праўда, начальства пра гэта адкрыта не кажа, на тое ж яна і палітыка, але ж з усяго відаць, што сама цяпер і разгарнуцца, каб аж затрашчала ўсё навакол. Ну, але хай пацацкаюцца!