Выбрать главу

Усю дарогу ішлі моўчкі. Карызна бушаваў новымі ўражаннямі, і яму карцела загаварыць, але сунімаў яго пануры выгляд спадарожніка. Той сігаў поплеч, плаўна махаючыся на хаду, як вялізны бусел.

Ля форткі аднаго двара стаяла жанчына. Карызна хацеў абмінуць яе, але пачуў знаёмы голас:

— Сюды, да нас, дзядзька Карызна.

Гзта была гаспадарова дачка, зусім маладзенькая яшчэ дзяўчына. На сходзе яна нешта была гаварыла і прыцягнула да сябе Карызнаву ўвагу сваёй смеласцю, быстрым позіркам маленькіх чорненькіх вочак і звонкім, яшчэ дзяціным голасам.

Карызну аддалі чыстую палавіну хаты, дзе стаяў караткаваты ды без меры шырокі ложак з вялізнаю гарою падушак — доччыным пасагам. Гэта і ложак быў доччын, але, як Карызна выказаў быў свой непакой з прычыны таго, што высялялі яе, яна з поўнай шчырасцю яму растлумачыла, што спіць на ім вельмі рэдка, толькі ў якое вялікае свята.

Ва ўсёй гэтай палавіне была застыўшы халодная чысціня, пазбаўленая цёплага людскага бязладдзя, што цалкам пацвярджала дзяўчыніны словы.

Пакуль дачка парадкавала ў святліцы, ладзіла Карызну ложак, пакуль давалі вячэраць, гаспадар скрозь сядзеў на парозе, што з аднае хаты ў другую, смактаў піпку і маўчаў. Карызна быў-ткі паспрабаваў завесці з ім гаворку, дык ён адказаў нешта каротка і, як здалося Карызну, знехаця. Больш яго Карызна не турбаваў. Затое з дачкой яны праз цэлы вечар вялі вясёлую гутарку, якая Карызну давала вялікае здаволенне, узмацоўваючы той добры настрой, у якім ён выйшаў са сходу.

Дзяўчына ўся жыла новымі, нязвыклымі для яе інтарэсамі. Карыстаючыся тым, што Карызна з відочнаю ахвотаю ўдаваўся ў гутарку, яна рабіла яму безліч самых разнастайных, часамі дужа дзівосных і смешных запытанняў. Карызна ледзьве ўпраўляўся тлумачыць ёй, як будуць працаваць у калгасе, хто будзе загадваць, хто будзе плаціць, як будуць плаціць, ці будуць святочныя дні, ці будуць адпачынкі, ці праўда, што калі каторая жанчына раджаць будзе, дык ёй аж на чатыры месяцы дадуць звальненне. Гэтае запытанне яна дала, цудоўна ўсміхаючыся сарамліваю ўсмешкаю, і, як сказаў Карызна, што ў добра арганізаваным калгасе так і будзе, яна крыкнула з мілай бесцырымоннасцю:

— Авой! Гэта ж у нас усе бабы тады захочуць раджаць!

Карызна цешыўся з гэтае маладзенькае жвавае дзяўчыны, з яе наіўнага захаплення, якое, магчыма, у вялікай меры тлумачылася чыста дзяцінаю яшчэ цікавасцю да ўсяго новага, яскравага, шумнага. Як Карызна запытаў быў яе, ці здаволена яна наогул, што бацькі пайшлі ў калгас, яна адказала з раптоўнаю сталасцю:

— Нам, маладым, пэўна, што лепей. Ніякага клопату. Пайшоў, адпрацаваў свае гадзіны ды і гуляй. Як у горадзе.

Гэтае «як у горадзе» было для дзяўчыны апошнім краем яе летуценняў пра лепшае жыццё.

Паклаліся спаць позна. Дый усё роўна Карызна доўга не спаў — бясконца варочаўся на сваім вельмі пышным і вельмі нявыгадным ложы і ніяк не мог пазбыцца нервовага напружання, якое бязлітасна вырывала яго з утульных лоняў жаданага сну.

На той палавіне, чуваць было, не спаў гаспадар. Ён, мусіць, і не клаўся зусім, бо раз-пораз разлягаліся па хаце яго цяжкія і да непрыемнасці марудныя крокі. Як ступіць раз, дык чакаеш не дачакаешся, калі ён нарэшце перанясе і паставіць сваю другую нагу. Здавалася, што перастаўляе ён свае ногі не проста, а падымаючы іх па чарзе рукамі. I ўсё ён соп нешта, крактаў, цмокаў бесперастання піпкаю.

Карызну чамусьці страшэнна назаляла гаспадарова шарпаніна. Чулася ў ёй нешта не выказанае чалавекам і балюча захраслае ў яго нутры. Мучыць яно яго, варочаецца рагаватым ражном усярэдзіне, шчэміць сэрца. I не можа чалавек знайсці сабе месца.

Карызна спрабуе адагнаць, адштурхнуць ад сябе дакучныя гукі, але рады не дасць: паўзуць, падцікаюцца, лезуць, як жывыя істоты, і ўядаюцца ў нутро, пераносячы з сабою тую невядомую, але цяжкую турбаніну маўклівага чалавека. Так і задрамаў быў Карызна ў змаганні з едкімі назойлівымі гукамі.

Разбудзіў яго асцярожны бразгат дзвярэй: нехта — пэўна, гаспадар — выйшаў з хаты на двор. Прачнуўся Карызна ў нейкай дзіўнай насцярожанасці і адразу пачаў пільна прыслухоўвацца да вакольнай цішы, якая здавалася яму асабліва напружанай і жывой. Ён ніяк не мог уцяміць, ці гэта ён толькі вось задрамаў, ці мо праспаў ужо палавіну начы.

Раптам, здалося яму, пад самым ягоным акном зарыпеў снег. Пачуліся асцярожныя і страшэнна марудныя крокі. Карызна, надзіва самому сабе, працінаўся трывогай. Нейкі час ён сціскаў у сабе гэтае пачуццё, адылі не саўладаў з ім і, паціху ўстаўшы з ложка, падышоў да акна.

Ноч была досыць відная, каб можна было згледзець, што дзеецца на двары, і Карызна адразу ўбачыў вялізную, фантастычна распасцёртую ў цёмна-шызым змроку фігуру гаспадара. Ён стаяў якраз пасярэдзіне двара, нерухома застылы на месцы, як статуй. Не відаць было, ці ён куды гэтак пільна ўзіраецца, ці проста закамянеў у дзіўным аслупяненні. Так стаяў ён мо хвілін з пяць. I Карызна не мог адарваць ад яго вачэй, прыкуты да яго пачуццём вострай цікавасці, перамяшанай з незразумелай трывогай. Потым гаспадар крануўся з месца і паплыў па двары хісткім расплыўчастым ценем. Падышоў да варот, памацаў нечага завалу, мо паправіў яе, падышоў да форткі і, прыгнуўшыся, паглядзеў у шчэлку над ёй, хоць наўдачу, каб мог ён што згледзець у густым змроку. А тады больш пэўным і шыбчэйшым крокам падаўся пад хлеў і там зноў з хвіліну стаяў ля варот нерухома і не то прызіраўся наўкола сябе, не то прыслухоўваўся да нечага. Пастаяўшы так ціхенька, нібы спадкрадня, прачыніў вароты і, яшчэ раз азірнуўшыся, схаваўся ў хляве. Адтуль пачулася радаснае, бадзёрае ірзанне.