Выбрать главу

Кулакі... Хто кулакі? Яны ці ён? Іх, старых, хворых, гатовы выслаць з межаў раёна, а мо акругі, а мо рэспублікі... А ён? Што мусіць рабіць ён? Як ён паглядзіць людзям у вочы? Што ён скажа сваім тут, што скажа партыі?

Гэта быў папраўдзе страшэнны ўдар. Захоплены цалкам работай, клопатамі, Карызна да гэтага часу не ўправіўся неяк падумаць пра свае асабістыя справы (а мабыць, было ў іх яшчэ ці мала чаго не зусім чыстага?), ён забыўся на асабістае.

Сама што і забыцца тады на асабістае, калі яно не зусім чыстае! Самаадданасць, ха-ха!

Ну, вось і ўсё. Падышло немінучае. Ён — кулак. Не яны, а ён кулак, бо ж ён зрабіў іх і сябе — так-так, і сябе — кулакамі, свядома зрабіў, прынцыпова, так, як рабіў і шмат каго іншых. О, было і гэта! Некалькі вёсак выключна за яго дапамогаю пайшлі на пасёлкі. Гэта было, праўда, не тут, гэта было там, дзе працаваў ён перад гэтым.

А цяпер ён крычыць пра бязлітаснае змаганне з кулакамі, пра ліквідацыю кулацтва як класа! Ён крычыць пра знішчэнне дробнаўласніцкае гаспадаркі, якую сам пашыраў!

Сымон Карызна! Супроць каго ты змагаешся?

Ён раптам успомніў мінулую ноч і заскрыгаў зубамі ў зларадасці.

— А... Пашкадаваў... Слязу пусціў... Няшчасны мужычок! Трэба каня ў калгас аддаваць яму, небараку. Уласнага каня! Сам выгадаваў!..

Кулак... Гэта гаварыла ў ім кулацкая псіхалогія... Яе не выкінеш, яе не задушыш...

Сымон Карызна, сам таго не заўважаючы, бегаў, як апантаны, па хаце, сціскаючы кулакі ў нястрыманай злосці. Перш злосць была толькі да самога сябе — ён бязлітасна лаяў сябе і гатоў быў уцапіцца сам сабе ў валасы, а потым зачаў лаяць і пагражаць некаму іншаму.

— Я вам пакажу! Я пакажу вам яшчэ! Пачакайце!..

Каб хто тады спытаў у Сымона Карызны, каму гэта ён меўся «паказаць», ён бы, напэўна, не патрапіў адказаць. Проста — шукала злосць яго нейкага ўбочнага выйсця.

Раптам ляпнулі дзверы, і Карызна, спалоханы, замітусіўся па хаце, як злоўлены злодзей.

Увайшла жонка. Ён напружыў усе сілы, каб быць спакойнаму, і безуважна яе запытаў:

— Дзе ты была, Марына?

Жонка чамусьці замяшалася, адвярнулася, каб не стрэцца з ім поглядам.

— Я... хадзіла да Тацяны...

Карызна настаражыўся. Чаго яна сумелася? Чаму не глядзіць яму ў вочы? Ага, яна ўжо ведае! Мо без яго тут распячатала ліст? Мо шукала якога сакрэту ў ім?

Ён упяў у жонку цупкі, дапытлівы погляд, поўны нядобрага падазрэння. Яна адчула яго і яшчэ больш замяшалася.

— Я хадзіла... прасіла, каб прыйшла памагла мне падлогу мыць.

Ніколі не была яна такая чужая, такая нялюбая Карызну, як цяпер. Ён не мог цярпець яе прысутнасці, ён пачынаў баяцца яе — дрэнным, агідным страхам злачынцы, што баіцца, каб яго не выкрылі. Марына Паўлаўна, нібы зразумеўшы яго, моўчкі завярнулася і паспешна выйшла з пакоя. Карызна вольна ўздыхнуў.

Што ж рабіць цяпер?

Ён сеў на канапу і пачаў разважаць. Першае ашаламленне мінулася, і ён ужо мог сяк-так прыбраць да ладу свае змітушоныя думкі.

Ці ведае тут хто-небудзь пра яго сямейныя справы?

Ён паволі, з метадычнаю дакладнасцю перабраў у памяці людзей, што яго атачалі, і з прыемнасцю пераканаўся, што бадай ніхто нават не ведае дасканала, адкуль ён родам. Таксама ніхто, мабыць, не ведае і пра яго ранейшую працу, апрача...

Карызна раптам успомніў Рачкоўскага, старшыню райвыканкома, і спакойна ўсміхнуўся. Яны разам там працавалі і разам рабілі ўсё, што цяпер турбуе Карызну. Але не тое спацешыла Карызну, што знайшоў ён супольніка, знайшоў, з кім падзяліць сваю застарэлую віну, не проста паўстала ўваччу ў яго крэпкая камляватая постаць гэтага чалавека, заўсёды пэўнага ў сабе, рашучага, энергічнага, і тхнула на Карызну свежаю бадзёрасцю.

Ён раптам развязаў сваё цяжкае неўразуменне.

— Трэба працаваць! Трэба працаваць з падвойнаю энергіяй, з падвойным запалам. Трэба давесці сваёй самаадданай працаю, што ўсё гэта было выпадковае, што ён быў і ёсць праўдзівы, сумленны сябра свае партыі.

Трэба ўзмацніць тэмпы, рашуча штурхнуць з месца работу. Кожная хвіліна забаўкі пакажа ягоны апартунізм і ўдзесяцярыць адказнасць яго за старыя грахі.

Ён мусіць першы ў раёне скончыць суцэльную калектывізацыю свайго сельсавета.

I гэтак будзе!

Сымон Карызна ўстае, апранаецца і выходзіць з хаты, гатовы да нейкіх пільных, яшчэ невядомых самому захадаў.

Ён ідзе ў сельсавет. Уваходзячы, ён адчувае ўсё-ткі трывожнае замяшанне (а мо якім-небудзь чынам тут ужо ведаюць усё?), але першая ж хвіліна дае яму поўнае заспакаенне.

У сельсавеце ўсё ідзе звыклым парадкам. Пацяроб, раскапусціўшыся за сталом і выцягнуўшы амаль не на сярэдзіну пакоя свае бясконцыя ногі, ушчувае нейкага сераднячка. Не разабраць, ці ён лаецца, ці ў роспачы жалкуе з ягонае някемкасці. За другім сталом сядзіць маленькі дзядок у старых, ужо на нітачцы, акулярах, чалавек выразна пісьменнага выгляду. Гэта — сакратар сельсавета і непераможны шашачнік, чэмпіён Сіўца і ваколіц — Цівунчык. Пры тэлефоне безнадзейна надсаджваецца, мардуючы і тэлефон і сябе, сівецкі кааператыўшчык. А ля акна ў гуртку моладзі — Зелянюк з Віктарам.