Усе заняты сваёю справаю, і ніхто не зварачае на яго, на Карызну, асаблівае, звыш тае, што належыць, увагі. Значыць — усё добра. Ён падыходзіць да Зеленюка.
— Дзень добры, хлопцы! Як маецеся? Што новага ў вас?
Яго сустракаюць з вясёлай прыветнасцю. Зелянюк роўна глядзіць на яго і ўсміхаецца загадкаваю сваёю ўсмешкаю. Яна адразу коле Карызну тонкай голачкай трывогі, адылі гэта ўраз мінаецца: ён ужо прывык да Зеленюковай усмешкі, і яна цяпер так не турбуе яго, як у першыя дні іхняга знаёмства. Мо гэта проста ў яго з юнацкай амбіцыі? Мо ён хоча паказаць ёй, усмешкай, нейкую сваю перавагу над ім?
Карызна нават не глядзіць на Зеленюка. Ён звяртаецца да ўсяе кампаніі і агалашае з наўмыснай гучнасцю:
— Гэтымі днямі, хлопцы, склікаем агульны сход у Сіўцы. Канчаткова і рашуча становім пытанне пра калектыў. Трэба нарэшце рабіць тут нейкі лад.
Хлопцы згаджаюцца, што ўжо пара. Ад старшынскага стала чуваць жаласны і пагардліва-цягучы голас Пацяроба:
— Даўно ўжо трэба было рабіць, мае даражэнькія. Менш слоў, а больш дзела. Па-бальшавіцку трэба, а не па-бабску. Працаўнікі...
У плаксівым Пацяробавым тоне гучалі стрыманыя ноткі трыумфу. Ці не пачуў ён, што набліжаецца кірмаш на ягоную вуліцу?
Зелянюк спакойна зазначыў:
— У нас яшчэ не арганізавана як належыць бедната. Мы не здолеем выступіць адзіным фронтам.
У гэтай спакойнай заўвазе, мабыць, было залішне цвердасці і катэгарычнасці, бо пільна настарожанаму да яго Карызну нібы нешта кальнула. Але не ўправіўся ён што адказаць, як шумна ўстаў ад стала і грамозна насунуўся на іх Пацяроб.
— А мой жа ты залаценькі! Гэта ж ты будзеш да налецця тут арганізоўвацца. Ну дадушы ж, да налецця... Любачка мая! Ці ведаеш ты, што гэта — селянін? Што больш ты марудзіш з ім, то ты менш чаго зробіш. Раз-два, і ў дамкі. Ці праўда, Цівунчык?
Дзядок, пэўна, звыклы да гэтых раптоўных зваротаў начальства, спакойна паківаў галавой, не адрываючы погляду ад паперы, і ўжо потым ускінуў паверх акуляраў здзіўленыя вочы, каб паглядзець, аб чым там справа.
Зелянюк неяк пуста зірнуў на Пацяроба і нічога яму не адказаў. Ён стаў сур'ёзны і заклапочаны. На вялікае дзіва Карызны, ён звярнуўся да яго раптам з простай таварыскай шчырасцю:
— Мы, Карызна, яшчэ ўправімся сёе-тое зрабіць з беднатой. Усё-ткі актыў у нас ёсць, і добры актыў. Ты канчаткова наважыў рабіць гэтымі днямі сход?
Карызна памеркаваў.
— Зробім давай у нядзелю. Праз два дні... Добра?
У гэты момант Пацяроб закрычаў, як апантаны:
— А бабачкі, а любачкі! Не пускайце марозу да нас! Родненькія, акалеем!...
У сельсавеце ўзняўся амбарас — увайшла цэлая гурма баб на чале з Тацянаю і Верай Засуліч. Усе былі ружовыя з марозу, свежыя, вясёлыя крэпкай, здаровай весялосцю. Вера Засуліч — меншая сярод усіх і зграбнейшая — проста ззяла ўся маладой несутрымнай радасцю. Яна адразу знайшла вачмі Сымона Карызну і паслала яму такую слаўную ўсмешку, што ў яго зайшлося сэрца ад прыемнасці.
Тацяна, хукаючы ў прыгаршчы, падышла да Зеленюка і пачала дакладваць:
— Вось мы ўжо і сход свой сёння зрабілі. Каб ты толькі бачыў, што гэта быў за сход — пацеха адна. Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Чысты смех! Больш і не было нічога, ніякіх пытанняў. Палаяліся ды разышліся. Папраўдзе...
Зелянюк глядзеў на яе з ласкай і захапленнем.
— Маладзец, Тацяна! Як ты добра ўмееш рабіць! Ты ўдалы сход арганізавала.
— Дык ты ж чуеш... (Яна з выглядам змоўніцы кранула яго за рукаў.) Прыйшлі вось прасіць, каб спецыяльна ім, бабам, хто-небудзь расказаў пра калектывы... А пайшлі ўсе з нашага сходу ў лагодзе, вясёлыя... Дадушы...
Зелянюк неўзаметку паціснуў яе халодную руку, і яна расцвіла сарамліваю чырванню.
— Ты да нас прыйдзеш, добра? Ты ўмееш лаяцца з бабамі?
Зелянюк засмяяўся.
— Я ўмею і лаяцца і мірыцца... Не ведаю, каго вылучыць ячэйка. У нядзелю, Тацяна, сход будзе. Глядзі, каб твае бабы менш гвалтавалі.
— Хай гвалтуюць. Бабе трэба выкрычацца. Калі будуць маўчаць, дык горш будзе. Папраўдзе...
Тацяну гукнулі, і яна замяшалася ў бабскую грамаду. У сельсавеце гармідар стаяў, як на кірмашы.