Спакой і ўпэўненасць не пакідалі Сымона Карызну акурат датуль, пакуль не пераступіў ён парог свае кватэры. На кухні аб нечым гаманілі Марына Паўлаўна з Галілеем. Як увайшоў Карызна, адразу сціхлі, і жонка зноў, як тады, замяшалася, глядзела ўбок, у заснежанае акно. Галілей зарупіўся ісці, але Карызна затрымаў яго, гукнуўшы з дрэнна схаваным раздражненнем:
— Чаго ж вы ўцякаеце, дзядзька Ахрэм? Нешта ці толькі я ў хату, дык вы і ходу. Чакайце, пагамонім хаця...
Гапілей закруціўся, як падсквараны.
— Кхе... кхе. Не ўмею я гаманіць... ага... Зусім не ўмею...
— Але ж гаманілі вы з жонкаю?
— Кхе... кхе... Тлумачыў я... пра печку, пра цыркулярную...
— Ну дык растлумачце мне пра цыркулярную печку, дзядзька Ахрэм!
Галілей, прыпёрты да сцяны, з момант не ведаў, што яму рабіць, разгублена трос сваёю барадзёнкаю, адылі цмыгнуў у дзверы і знік, нібы і не было яго тут.
— Дзівак!
I канцом раззлаваны Карызна рэзка абярнуўся да жонкі, нібы патрабуючы ад яе тлумачэння. Марына Паўлаўна стаяла нерухома і ўсё глядзела ў акно пустымі невідушчымі вачамі. На твары ў яе, па-ранейшаму замкнёным у сухой безуважнасці, аднак калола вочы Карызну нешта назойліва новае, зацята схаванае ад яго. Ён злаваўся і баяўся.
Нічога не сказаўшы жонцы, ён рвучка завярнуўся і пайшоў у пакой, грукнуўшы дзвярмі. I яму здалося, нібы пачуў ён, як вольна ўздыхнула ўслед яму Марына Паўлаўна.
Да самага вечара кідаўся Сымон Карызна ў сумятні раструшаных пачуццяў. Бязлітасна мардавалі яго крутыя пераходы ад ціхага заспакаення да раптоўнага страху і роспачы. То яму здавалася, што ўсё гэта — глупства, што ўсе турботы яго дарэмныя. Усё абыдзецца добра, ніхто ні аб чым не даведаецца, ён будзе працаваць шчыра, не шкадуючы сіл. Ён стане вышэй за ўсякіх падазрэнняў, вышэй за ўсякіх судоў. I ён, уціхаміраны, строіў планы бліжэйшай работы, і ўсё выходзіла ў яго надзіва зладна, проста, дасягальна. А то раптам сляпучай маланкай бліскала перад ім агнявая здань небяспекі, і ў балюча-яскравым святле ў пачварнай яснасці выступалі яго даўнейшыя ўчынкі. Усё тады ўраз пераварочвалася, набывала новыя фарбы, новыя вобразы. Ён бачыў сябе абкружанага з усіх бакоў атрутнымі падазрэннямі, недаверлівасцю, ён успамінаў кожны незразумелы жэст, кожную не разгаданую ім усмешку, усё роўна, у каго б ён яе ні заўважыў, і ўсяму надаваў асаблівыя, страшныя для яго тлумачэнні. Яго ахапляла чорная немарасць, усё наперадзе затулялася таемнай падступнай цемрай.
Пад вечар з усяго гэтага тлуму пачуццяў вылучылася адна няясная, дакучная турбота. Ён інстынктыўна чуў, што нешта павінен зрабіць дужа пільнае, неабходнае, і ніяк не мог уздумаць, што гэта такое. Перабіраў усе свае абавязкі па школе, па ячэйцы, успамінаў, якія каму даваў абяцанні, нават праверыў свае вельмі абмежаваныя сямейныя абавязкі — і нідзе не знаходзіў таго, што гняло яго няясным напамінкам аб няспраўленым абавязку. Нарэшце выпадкова погляд яго спыніўся на пісьмовым стале, на цяжкім грудзе кніг, пад якім схаваў ён нешчаслівы ліст ад бацькоў. Тады ўспомніў: трэба нешта адказаць старым.
I раптам працяла яго новая цудоўная думка. Яшчэ ж не позна, яшчэ можна што-небудзь зрабіць там, неяк рэабілітаваць бацькоў і разам з тым самога сябе. Як гэта дасюль не натрапіў ён на такую простую і такую трапную думку!
Сымон Карызна ў нервовым парыванні кідаецца да стала, сутаргава хапае паперу, чарніла і піша шпарка, не думаючы, абы каб схапіць і зафіксаваць хутчэй на паперы самае патрэбнае.
«Дарагія бацькі!
Ліст Ваш атрымаў, і ён даў мне многа прыкрасці. Не тым, што вам пагражаюць адабраць маёмасць, а тым, што вы дайшлі да гэтага праклятага ганебнага стану, зрабіліся кулакамі. Вы пытаецеся мае рады? Мая рада такая. Кідайце ўсё. Прадавайце, аддавайце, проста выкідайце вон, аставайцеся голыя, але без гэтае ганебнае пячаткі. Неяк пражывём. Запісвайцеся, калі прымуць, у калгас і працуйце шчыра, старанна, як працавалі на сваёй гаспадарцы. Калі што-якое, дык дапамогу ад мяне заўсёды дастанеце...»
Ён на момант суняўся, раздумляючы, што яшчэ дапісаць. Але першы запал ужо выліўся, і дальшыя словы не ішлі на пяро. Ён устаў, прайшоўся па пакоі. Потым падышоў, перачытаў уважна напісанае (яно ўспрымалася цяпер суха і нова, нібы чужое) і раптам зарагатаў дзікім зларадасным смехам:
— Ха-ха-ха!.. Во гэта так!.. Гэта зусім лагічна, таварыш кулак! Што ж ты мог параіць яшчэ бацькам як не самараскулачванне? Ратуйце, пакуль не позна, сваю і маю скуру! Ха-ха-ха!..
Ён схапіў паперку і падраў яе на дробныя мэтлухі. Перакуліў са стала груд кніг, схапіў бацькоўскі ліст і зрабіў з ім тое самае. Потым з хвіліну пастаяў нерухома, паволі падышоў да канапы і сеў на яе, вялы, знясілены, прыгбаны глыбокай дэпрэсіяй.