Яму стала сумна-сумна. Адляцелі раптам усе турботы, уся душэўная сумятня, пакінуўшы шчымлівы жаль і глыбокае пачуццё адзіноты. Усе супроць яго, усе — жорсткія, бязлітасныя. Нават родная жонка і тая носіць у сабе нейкую таемную да яго варожасць. Ён адзін, зусім адзін. Няма каму сказаць шчырага слова, няма з кім парадзіцца...
Пакой заліваўся цяжкім каламутным змрокам. Усё паплыло ў таемна-расплыўчастай плыні, усё набракла нейкім мёртвым закамянелым рухам, які закалыхваў, акунаў усяго ў салодкае аслупяненне.
Карызна доўга не паліў святла. Ён сядзеў цішком, стуліўшыся на канапе, і старанна раструйваў свой смутак, маючы з гэтага дзівосную асалоду.
У кватэры ціха-ціха, як у магіле. Перш чуваць было, як нечага поркалася на кухні жонка, а цяпер сціхла і там. Некуды, мабыць, пайшла. Што ёй да яго? Хіба яна яму спагадае?
I ён гатоў быў крыўдзіцца на сваю жонку, якую сам адштурхнуў ад сябе, адвучыў адусякага выяўлення сваяцкай блізкасці. Ён ужо гатоў быў наракаць на яе за яе сухую замкнёнасць. Ці дзіва! Ён жа не ведаў таго, што яна цеперся стаіць за дзвярмі, закамянеўшы ў невымоўным болі, і сочыць праз маленькую шчэлачку за незразумелым ёй, але, мабыць, страшэнна цяжкім мітушэннем свайго мужа.
Увечары пайшоў Карызна да Веры Засуліч. Яшчэ тады, адразу як агарнуў яго цяжкі смутак, залунаў быў уваччу ў яго бліскучы маладосцю і радасцю твар з любай прыветнай усмешкай і вабіў да сябе, абяцаючы цудоўную слодыч спацяшэння. Але ён перш і гэты вобраз адштурхваў, каб не разбаўляць ім так патрэбнага яму ў тую часіну болю. Таму і не ішоў так доўга да яе, хоць і ведаў пэўна, што ўсё роўна пойдзе... Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі.
Веры ў хаце не было: сказалі, што пайшла ў нардом на рэпетыцыю. Карызна пайшоў туды.
Зала нардома панура грамаздзілася ссунутымі змрокам кутамі, была нудная, старая і чорная, як царква. А на сцэне мітусіліся людзі ў вясёлай нязграбнай сумятні, як звычайна на аматарскіх рэпетыцыях. Карызна нейкі час стаяў у змроку, нікім не заўважаны, і дзіваваўся з аптэкара Плакса. Тут ,быў фактычна нейкі другі Плакс — не педантычны аптэкар і не флегматык-філосаф, а энергічны, рухавы чалавек, з плаўнай быстрынёй у руках і ўладнаю цвёрдасцю ў голасе. Што найдзіўней, дык ён гаварыў тут выключна тое, што было патрэбна, і акторы лавілі кожнае слова яго з такой увагаю, з якой ніколі ніхто ў жыцці не слухаў ягоных філасофскіх сентэнцый.
Аптэкар Плакс быў цудоўны кіраўнік драмгуртка, хоць рабіў сваю справу выключна па інтуіцыі, бо сам на сцэне ніколі не іграў, ды і мала дзе бачыў ігру сапраўдных артыстаў. Праз гэта ён яшчэ больш цаніў сваю работу і лічыў, што драматычны нюх, як і нахіл да філасофіі, ёсць яго ўраджоныя, але зацёртыя недамысным жыццём таленты.
Вера Засуліч надзвычай міла адзвінела нешта звонкім галаском з свае ролі і адышлася ўбок. Тады Карызна падышоў бліжэй у сферу святла. Усе заўважылі яго, і ўсе зрабіліся больш старанныя і крыклівыя, адзін Плакс адзначыў ягоны прыход велічнаю безуважнасцю: мастацтва — вышэй за ўсё.
Вера ціхенька нырнула за кулісы і зараз жа з'явілася ў зале, падбегла да Карызны.
— Добрая драма трапілася. А Плаксік перш казаў, што дрэнь. Пра калектывізацыю. Ведаеш, Карызна, мы можам нават у нядзелю на сходзе паставіць яе. Яна бадай што гатова...
Карызна ўсміхнуўся:
— У нядзелю, Вера, без вашае драмы будзе драматызму больш, як трэба.
— Ну дык не трэба.
Яна ўраз перайшла на інтымны тон і запытала скорагаворкаю:
— Ты да мяне заходзіў?
— Заходзіў.
— Я зараз кончу сваю ролю. Ну, можа, якіх сама больш дзесяць хвілін. Тады пойдзем разам. Добра?
— Не, я потым прыйду. Мне яшчэ трэба схадзіць у адно месца.
— Ну, добра.
Яна ўжо памкнулася бегчы, але ён затрымаў яе за руку, нібы хацеў нешта сказаць. Яна нахілілася да яго, слухаючы, але ён не ўправіўся нічога прыдумаць і толькі зірнуў на яе ў раптоўным, да болю глыбокім і палкім захапленні. Яна шчасліва засмяялася і пабегла.
Карызна выйшаў на вуліцу. Яму, вядома, нікуды не трэба было ісці, ён проста не хацеў чакаць у нардоме. Без мэты, абы змарнаваць час, ён пацягнуўся па простай і даўгой сівецкай вуліцы.
Было золка. Азызлы вечар хутаўся ў скрыдлы густога золкага ветру, але не мог сагрэцца і дрыжаў, абцякаючы халодным потам дробнае парасі. У мілай пакорнасці плакалі абапал вуліцы ціхія аганькі ў сялянскіх хатах, выстаўленыя на халодную варту гаспадарскага спакою. Мінаючы іх, Карызна пераносіўся ўяўленнем туды, за невялічкія падслепаватыя вокны, і бачыў скрозь адно: