Выбрать главу

Цьмяныя, закураныя дымам і часам сцены з вялізнымі шчэлкамі ў іх. Над сталом у куце, на цудоўна несіметрычнай высакосці, вісіць лямпа, прыбраная ў дробныя махры выразанай паперы, пажоўклай, замушанай. Над ёй недалужна ківаецца пакарабачаная талерачка, аброслая копатам, — не падабаецца ёй вечнае падкурванне, і яна круціцца, нездаволеная, але рады не дасць, бо навязана на дроціку. Каб адчапіць, пэўна б, пырхнула і паляцела, як мятлік.

На лаўцы пры стале сядзіць, панурыўшыся, гаспадар. Ён нічога не робіць і нічога не гаворыць; ён глыбока маўкліва адпачывае. Так можа адпачываць адно чалавек, які страшэнна многа працуе, якому пасядзець у тупой бяздзейнасці — асалода. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вуркаючы верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Побач з ёй — суседка ў такой самай паставе і такая самая, як яна, бо роўная доля ці, праўдзівей, роўная нядоля зрабіла іх без меры падобнымі адна да аднае. Ціхім, эпічна-спакойным цурочкам цячэ ў іх бясконцая, як і прадзіва іхняе, гутарка, А яшчэ далей за імі, у самым куточку, заўзята слюмачыць пальцы падлетак-дзяўчынка. Божа мой, гэта ж вы не бачыце — яна ж зусім вялікая дзеўка, яна ўжо мала не спраўляецца з маткай! Прыгледзьцеся-тку, як цягне яна кудзелю, як ходзіць у яе ў меру адстаўлены локаць, як брынчыць верацяно. А як зважна слюмачыць яна свае маленькія пальчыкі. А як, паслюмачыўшы, замамыльвае яна сваю сур'ёзную пысачку! Дарма што ёй толькі дванаццаць год, — яна ўжо зусім вялікая дзеўка. Яна ўжо ў пару з маткай сядзіць за верацяном праз цэлыя зімовыя вечары — і нішто. Толькі ломіць трохі сярэдзіну потым ды пальцы нейкія смешныя робяцца, як нежывыя. Але ж гэта глупства.

А на печы ў цёплым таварыстве кошкі і тараканаў ваўтузяцца і шэпчуць малыя. Чаго ў іх толькі няма там! I вялізныя будынкі-камяніцы, як у горадзе, і каўзель, і ліха ведае колькі зайцоў, лісіц, і школа, і піянерскі атрад, і дзядзькава скрыпка, і нават калгас. У іх там такая раскоша, што мімаволі прыслухваецца да іх з таемнай зайздрасцю шчырая дванаццацігадовая папрадуха. Адылі гэта яе не цікавіць, ані не цікавіць, бо яна ж вялікая ўжо.

I дрэмле ў хацёнцы спрадвечная, горам прыгбаная ціхасць.

Дзе гэта бачыў Карызна такую карціну? Ба, ён не так пытаецца, — дзе ён не бачыў гэтае карціны?

Гэта — вобраз яго дзяцінства. Такі ўрос ён у ягоную памяць, такі ён цешыць часам нутро балюча-салодкімі ўспамінамі. Далёкія, шчаслівыя гады! Іх трэба праклясці, іх трэба вырваць з сэрца, іх трэба згнесці, растаптаць у пух і прах. Любіць іх — значыць любіць сваё гора, сваё няшчасце, сваё беспрасветнае рабства. Супроць іх жа ён змагаецца цяпер разам з сваёй партыяй, супроць іх ён гартуе сваю вялікую нянавісць. I дармо што аплятаюць яны яму ногі ліпучым багавіннем гнілых пачуццяў, — ён парве гэтыя путы, будзе вольным.

Раптам ён, нібы падштурхнуты кім, азірнуўся. Ён ішоў паўз вялікі Гвардыянаў дом. У вокнах чыстае палавіны мігцела няроўнае брудна-чырвонае святло. Не іначай гарыць там адна лямпадка. Ці гэта з кулацкае скнарасці, ці з набожнасці.

Карызну працінае вострая злараднасць.

— Ага! Молішся? Чуеш небяспеку? Дажыўся нарэшце? Чакай, яшчэ будзе табе. Яшчэ ў кроў абернецца табе людскі пот, з якога ты спажываў! Кулак пракляты...

Ён сціснуў зубы і вышукваў як найлюцейшую, як найбальнейшую лаянку. Адылі і сам добра цяміў, што лае не толькі Гвардыяна, а і самога сябе.

Ужо ішло да яго трывожна-назойлівае, як бразгат у вокны, душэўнае мітушэнне.

Неўзаметку ён выйшаў аж у самы канец Сіўца. Тут разняволены вецер ужо на ўсю сваю сілу, на ўвесь разгон махаў чорнымі волкімі скрыдламі, і махрастыя канцы іх сцёбалі па твары едкім макроццем. Была доўгая адлега, і млын у лагчыне паміж Сіўцом ды Сівалапамі шумеў з трыумфальным задорам, юрліва захлынаючыся ў збытку вады. Мабыць, укляпаўся стары, падумаў, што прыйшла да яго вясёлая гарачая маладзіца-вясна, дык шалеў у старэчым пале сваім. Але да вясны было яшчэ далёка.

Карызна стаяў у жорсткім абвеве ветру, і вецер, здавалася, разганяў яго цяжкія думкі. Было легка стаяць пад яго ўдарамі, акунуўшыся ў пустую бяздумнасць.

Раптам з ветрам уляцеў у самае вуха яму знаёмы голас:

— Карызна! Што ты тут робіш?

За плячамі ў яго стаяў Зелянюк. Карызна не бачыў твару ягонага, але адчуваў, што на ім трымціць ужо тая загадкавая, а цяпер яшчэ, пэўна, і здаволеная ўсмешка. Злавіў на месцы злачынства.

Карызна адказаў безуважным тонам:

— Проста прайшоўся вось па вуліцы. Нешта галава троху баліць, дык выйшаў праветрыцца. Мокра стала на дварэ. Адлега.

— А я быў у нардоме: глядзеў на рэпетыцыю новае п'есы. Нішто п'еска, акурат пад пару. Добра грае гэта настаўніца, Вера Засуліч. Мы ішлі разам з ёй, я праводзіў яе дахаты. Слаўная дзяўчына!..