А быў адзін пункт у залы, якога Сымон Карызна старанна ўнікаў праз цэлы час свайго даклада, хоць меў ён там, мабыць, найжывейшае і найшчырэйшае спачуванне: гэта была яго ўласная жонка. Ён заўважыў быў яе нечакана, ён не думаў, што яна прыйдзе на сход. Яна сядзела недалёка ад Веры, і выйшла так, што, стрэўшыся з ясным поглядам Веры, ён перанёс мяккую цеплыню яе погляду на сухі невыразны жончын твар, і на гэтым твары адразу занялося тое незразумелае замяшанне, якое ён заўважыў быў у яе ў хаце. Ён здрыгануўся, нібы акунуўшыся ў ледзяную ваду. Стала прыкра і трывожна. I ўжо далей ён стараўся зусім не глядзець у тое месца, дзе сядзела жонка.
Пра што гаварыў у сваім дакладзе Сымон Карызна?
Даклад быў бясспрэчна добры і поўны — у ім было ўсе, што трэба было, каб зрабіць яснай, як дзень, і няўхільнай справу калектывізацыі. Ён гаварыў пра анархічную неарганізаванасць, няздатнасць дробнай гаспадаркі, пра жорсткую кулацкую эксплуатацыю, пра тупы ідыятызм дзікага вясковага бытавання, пра спрадвечную нядолю бедняка-селяніна. Ён разгортваў маляўнічую карціну жыцця ў калгасе, паказваў усе перавагі яго над дробнаю індывідуальнаю гаспадаркаю, даводзіў гэта жывымі прыкладамі, цікавымі вылічэннямі. Ён перадаваў заклік партыі і ўлады да перабудовы жыцця, да знішчэння кулацкае эксплуатацыі, да дружнага калектыўнага руху наперад, у яснае царства сацыялізма. Пад канец прамовы ён распаліўся, упаў у энтузіязм і скончыў гарачымі гучнымі лозунгамі.
Гэтыя гучныя лозунгі недалужна захраслі ў ледзяным маўчанні.
Карызна здэтанаваўся. Ён не чакаў гэтага. У яго было адчуванне, дужа падобнае да таго, якое часам бывае ўва сне, калі трэба крыкнуць чаго-небудзь, і крычыш, напружыўшы ўсе свае сілы, а тым часам з жудасцю чуеш наўкола адну мёртвую цішыню. У Карызны адзін кароценькі момант было нават дзівоснае сумненне, ці сапраўды ён сказаў свае апошнія словы, ці мо толькі хацеў іх сказаць, мо толькі падумаў.
Якуб Лакота, які быў за старшыню, некалькі раз звярнуўся да сходу, выклікаючы на прамовы ці запытанні, — зала адказвала цяжкім нерашучым маўчаннем. Гэта пачынала здавацца ненатуральным. Ці не змова тут якая?
Карызна ўсё гэта браў на сябе, на сваю няўдачу, страшэнна хваляваўся і злаваў. Чаму не пачне хто з сваіх? Многа ж хто меўся выступаць. Чаго яны маўчаць? Гэта ж немаведама што, гэта ж злачынства!
Але раптам настрой разарваўся самым неспадзяваным чынам. На ўсю залу, закамянелую ў цішыні, балесна ўздыхнула тая маленькая бабулька, якую старанна расчульваў падчас прамовы Карызна.
Нехта пырснуў, нехта перадражніў яе, і раптам завіхраваў у натоўпе рэзкі нервовы смех.
Атмасфера разрадзілася.
Цяпер пайшло другое: усе чыста разам, як па камандзе, закрычалі бабы. Аб чым яна каторая крычала, чаго дамагалася, гэта было вядома толькі ёй самой, бо нават адна адну яны не ўпраўляліся слухаць. Угаворы з прэзідыума толькі падгарачвалі іх, падлівалі масла ў агонь. Іншыя пераходзілі ў істэрычны крык, іншыя спрабавалі плакаць.
Карызна кінуў нецярплівы погляд на прэзідыум. Няўжо яны не могуць суняць гэты гармідар? У вочы яму адразу кінуўся Зелянюк: ён сядзеў на краі лаўкі, падаўшыся наперад усім тулавам, шчыра смяяўся, падміргваў і нешта паказваў на мігі ў бабскую гурму. Карызна паглядзеў следам за ягоным позіркам і ўбачыў Тацяну. Яна стаяла сярод баб распаленая, вясёлая, прыгожая і ўсміхалася Зеленюку цямкай усмешкай. Потым выйшла неяк троху дзіўна. Яна пачала нешта гаварыць яму, Зеленюку. Карызна добра бачыў гэта — адылі голас яе, перш задушаны бабскім лямантам, набіраў што далей большую і большую сілу, стаў гучаць упэўнена, уладна, падбіраючы пад сябе расцярушаныя галасы бабскага бязладнага хору. Яшчэ хвіліна — і ўжо добра чуваць было, што яна гаворыць сваім густым, нізкаватым, цёпла расцягнутым голасам.