— Хто яшчэ хоча слова?
Адразу нехта азваўся едка, віскліва, нібы не чалавек гэта гаварыў, а ўся, з цэлага мястэчка сабраная, злосць:
— Што там слова? Якое там слова? Каму тут трэба канечна гаварыць? Што я буду табе гаварыць, га? Што я буду гаварыць?..
I местачковая злосць аж захлынулася.
Гэта пачаў гаварыць чарнявы і злы Прахор, селянін маламожны, увесь сатканы з дзіўнае ўсеагульнае крыўды. Наўдачу, каб гаварыў ён свядома з кулацкае думкі, каб яны загадзя падгаварылі яго. Яго цяжка было нацкаваць — ён быў не толькі злы, а і ўпарты. Проста быў у яго ўжо такі абычай — выступаць заўсёды і ўсюды супроць.
— ...Ці прыйшлі яны паглядзець, як я пні карчаваў на лядзе, як сваімі крывавымі пальцамі раскалупваў кожны во гэткі кавалачак, каб пасеяць каліва збожжа? Ці прыйшлі, яны, га? Ці памаглі яны мне? Дабрадзеі вялікія! За чужым каркам усе разумненькія! Ого!..
Гэта была іскра ў бочку пораху. Цяпер ужо грымнулі з задніх куткоў мужчыны, загарлалі не горш за баб бязладным тлумным хорам:
— Нам добра і так!
— Хай свае аддаюць гаспадаркі!
— Жылі без калгасаў і будзем жыць!
I вось выступіў наперад Цімафей Міронавіч Гвардыян. Падняў руку, папрасіў слова. I айшоў наперад, як Шыбянкоў, да самае сцэны. На голым пергамінавым твары сваім нёс дзелавітую заклапочанасць, нават пакутна зморшчыў гузаваты лоб, што мела азначаць прыблізна такое: «Ну ці ж гэта мне дужа трэба было ісці гаварыць, турбавацца, каб не такое ліха. А то ж — крычаць, галёкаюць, як шалёныя... Трэба ж даць нейкае рады...»
I ён завёў станавіта, мудрона, як такі і належыць сур'ёзнаму разважліваму чалавеку:
— Яжэлі ўсё натуральна і нефкасніцельна прааналізіраваць, дык яно, будучы, няма чаго, мужчынкі, крычаць. Таварышы, каторыя зноў жа з горада (далікатны зірк у бок Зеленюка) і каторыя, будучы, таксама нашы, свае, месныя працаўнікі (поўны пашаны жэст да Карызны), яны ж не так сабе гэта, як яно выражаецца, цапу-лапу. Кожны, будучы, з свайго розуму аб'ясняецца. I нам здаецца, што крычаць не трэба зусім, а трэба, будучы, паслухаць усе іхнія прадлажэнні, пракрасна абдумаць іх і, будучы, абмеркаваць. А можа, хто і пойдзе ў гэты калгас, што вы думаеце? Можа, і будуць ахвотнікі... Ты ж людзям не закажаш — калі ён, будучы, хоча пайсці, дык ён і пойдзе. Мы, канечна, не нафпроціў калгаса, але ж трэба паслухаць людзей, раз яны спецыяльна на гэта прыстаўлены...
Ён яшчэ пагаварыў троху ў гэткім самым тоне і спакваля пасунуўся на месца, з ног да галавы напханы здаволеннем ад свае «будучы, пракраснае» прамовы.
Ніхто не слухаў з такой увагай яго, на першы погляд, смяхотную і пустую гаварню, як Зелянюк. Ён упершыню ўбачыў гэтага славутага зубра і пёраканаўся, што звер ён люты і хітры. Цішыня і насмешлівая стрыманасць, якую выклікалі ягоныя словы, наяўна сведчылі, што яго пакуль што слухаюць і разумеюць.
Зелянюк страпянуўся. На бледным твары ў яго заіграла задорная самаўпэўненая ўсмешка. Ён быў страшэнна здаволены сходам. Усё ішло як мае быць. Аўдыторыя акурат дайшла да такога пункта, калі сама раз выводзіць свае сілы. Ён быстрым вокам азірнуў залу. З усіх бакоў з гушчы натоўпу на яго глядзелі знаёмыя твары, усміхаліся хітра і ўпэўнена, чакаючы сігналу. Яшчэ хвіліна, і загаворыць іначай сход, інакшымі, новымі словамі, і не пазнаць будзе гэтага збітага ў тупой упартасці натоўпу. Ха-ха! Ці не памылішся ты, Цімафей Міронавіч Гвардыян?
Тацяна настойна, мала не сілком злавіла Зеленюкоў погляд і, радая, весела яму падміргнула. Яна яшчэ будзе сёння ў прыгодзе, хай ён будзе спакойны аб ёй, яна яшчэ пакажа сваё!
Першы павінен пачаць Віктар. Так было ўмоўлена. Ягонае выступленне будзе ўсім за сігнал. Дзе ж Віктар? Дзе той Віктар? Трэба яму знак даць, каб выступаў.
Але выйшла зусім не так, як меркаваў Зелянюк. Пакуль ён шукаў вачмі Віктара, панура ўзняўся са свайго месца даўгі калматы Пацяроб, прыдыбаў да Карызны і, бачком схіліўшы да яго галаву, жаласна запытаў:
— Сымонка! Лупсянуць?
— Смалі, браток, толькі не надта.
Пацяроб зрабіў адпаведны жэст, які азначаў, што «мы разумеем усё дасканала», і адразу, з месца, нават не папрасіўшы слова ў старшыні сходу, загаласіў:
— Любачкі мае! Залаценькія! Што гэта вы сабе думаеце?..
Ён зрабіў мнагазначную паўзу, падчас якой дакорліва ківаў галавой, упяўшы погляд пад ногі сабе, усё ў тую няшчасную бабульку. Потым ураз узняў вочы і зірнуў цераз усіх у дальні кут.
—Гвардыян! Ты нас за дурняў маеш, ці што? (Паўза.) За дурняў маеш, кажу, га? (Гэтае «га» гучала зусім ужо грозна.) Ты няфпроціф (ён вельмі трапна перадражніў Гвардыяна) калгаса? Можа, хто і пойдзе? Га? Дазваляеш?..