Ён зноў мнагазначна памаўчаў і раптам завёў тонка, пранізліва, падчэпліва:
— Ты, любачка, ведаеш, хто гэта праводзіць калектывізацыю? Ты ведаеш, супроць каго ты ідзеш? Калектывізацыю праводзіць партыя і савецкая ўлада. Улада!..
Ён нахіліўся наперад і ціхенька, нават ласкава неяк, запытаў:
— Ты супроць савецкай улады?
Гвардыян нешта азваўся ў сваім кутку, пратэстуючы, але Пацяроб не слухаў яго. Ён рашуча сігануў на два крокі ўбок, нібы мяняючы ўстаноўку свае прамовы, і звярнуўся ўжо да ўсіх:
— Таварышы! Ці ж мы не сумленныя грамадзяне? Ці ж мы не лілі кроў за нашу родную савецкую ўладу? Няўжо мы пойдзем супроць таго, што праводзіць улада, каб нам жа, цёмным, дурным мужыкам, было лепей? Хто адважыцца — я пытаю, хто адважыцца з нас пайсці насупроць гэтага мерапрыемства, га? Хто пойдзе насупроць, я пытаю?
У мёртвай цішыні пачуўся самотны голас:
— Дык навошта нас на сходы цягаюць? Вывесілі б загад, ды і па тым.
Пацяроба ўцяло ў жывое.
— А!.. Нашто на сходы? Табе сходаў не трэба, ты супроць сходаў? Таварышы, гэта гаворыць класавы вораг, гэта — контррэвалюцыянер! Я ведаю цябе, залаценькі, я патраплю даць табе рады! Не бойся, любачка, не бойся!
З публікі пачулася ўжо некалькі пратэстанцкіх галасоў, якія яшчэ горш раздражнілі Пацяроба.
— Прашу мяне не перапыняць! Я не дазволю зрываць сходу! Я вас ведаю, кулацкія падпявалы! Ворагі класавыя — во хто вы!
З публікі зноў прагучаў выразны голас:
— Як ворагі, дык нашто ж з намі гаманіць!
I цяпер ужо гэты голас акунуўся ў суцэльны гуд нездаволеных галасоў. Пацяроб канцом разлютаваўся. Ён крычаў, махаў рукамі, лаяўся, пагражаў. Яму адказвалі ўсё смялейшым і мацнейшым гоманам, які гатоў быў перайсці ў аднадушны крах абурэння.
Карызна з трывогай сачыў за тым, што дзеецца на сходзе. Ён бачыў, што Пацяроб лішне загнуў, што ягоныя крыкі, пагрозы толькі адштурхаюць людзей, узнімаюць агульнае нездаволенне. Але разам з тым ён мімаволі спачуваў яму, працінаўся тымі самымі пачуццямі, у якіх кідаўся Пацяроб. Ён пачынаў дрыжаць у нястрымнай злосці, пачынаў ненавідзець увесь гэты тупы раз'юшаны натоўп, і кожнае вострае Пацяробава слова, кожная яго грубая лаянка давала яму нейкую звярыную асалоду. Ён разумеў, што трэба суняць Пацяроба, што ён праваліць усю справу, і разам з тым хацеў яшчэ больш паддаць духу яму, каб яшчэ смялей, яшчэ крапчэй лупіў ён упартую гурму.
Нехта моцна таўхануў яго ў плячо. Ён азірнуўся і ўбачыў над сабой бледны касавокі твар Зеленюка.
— Трэба спыніць яго — ён разгоніць сход.
У Зеленюковым голасе была рашучая ўладная цвёрдасць. Карызну дзерганула гэта. Ён, блазнюк, бярэ да яго мала не начальніцкі тон. I Карызна, хоць чуў поўную рацыю ў словах Зеленюка, хоць і сам разумеў немінучую патрэбу спыніць Пацяроба, але замест гэтага рэзка, зачэпліва адказаў:
— Я сам ведаю, што мне рабіць.
Пацяробу скончыць не далі. У зале ўзняўся страшэнны гармідар, які скарыстоўвалі кулацкія паплечнікі, даючы яму патрэбны для іх кірунак. З агульнага тлуму вылучаліся асобныя галасы, у якіх чуваць былі свядома варожыя злосныя заклікі.
Карызна схапіўся з месца. Ён мусіў неяк супакоіць сход, ён чуў адказнасць сваю за гэта, бо фактычна ж сам ён і спрычыніўся ўсяму гармідару — ён благаславіў Пацяроба на выступленне.
Яму нялёгка далося ўціхамірыць залу, каб можна было сказаць колькі слоў. Але такі нарэшце пацішэлі, і ён напружыў усе свае сілы, каб быць спакойнаму, каб сказаць нешта роўнае, праканалае і лагоднае. У вочы яму кінулася некалькі чырвоных распараных твараў, на якіх тлуста блішчала на момант зацятая, але праз тое яшчэ больш агідная злараднасць. Яны глядзелі на яго з варожасцю, яны чакалі толькі першых ягоных слоў, каб наладзіць яму такую ж абструкцыю, як Пацяробу.
Тады Карызну прарвала. Уся яго развага, абачлівасць, уся сіла волі разляцеліся ў прах, асталася адна ўсеўладная дзікая злосць, якая выходзіла далёка за межы гэтага тут непаразумення, у якую выліліся ўсе яго ўструшэнні астатняга часу. Ён ненавідзеў гэтыя чырвоныя бліскучыя твары за ўсё: за няўдачы з калектывізацыяй, за свае страхі, сумненні, за свае старыя грахі, за бацькоў сваіх, за свае пачуцці, якія ён мусіў бязлітасна ламаць у сабе, якія яго так жорстка мучылі, за жонку, за Зеленюка, за ўсё, што давала яму непрыемнасць, што атручвала яму жыццё.
Ён стаў крычаць. Ён стаў лаяцца. Ён стаў пагражаць. Ён не помніў сам, не заўважаў сваіх слоў, бо яны выляталі ў яго самахоць, выпхнутыя з нутра несуладным звярыным шалам. Ён разышоўся яшчэ горш за самаго Пацяроба.
I вось выйшла неспадзяванае: заднія рады публікі пачалі відочна радзець — абураны народ, пэўна, не без удзелу тут кулацкае зграі, стаў дэманстратыўна пакідаць сход. Карызна і не заўважыў бы гэтага, каб раптам не кінуўся з усіх капытоў туды Пацяроб, зароўшы на ўсё сваё неслабенькае горла: