Выбрать главу

— Куды гэта, га?.. Уцякаць? Уцякаць? Не пушчу! Хто пойдзе са сходу — той вораг савецкай улады! Контррэвалюцыянеры!..

Ён пачаў ваяваць ля дзвярэй, затрымліваючы сялян, тлум узняўся яшчэ мацнейшы, і Карызна кінуў гаварыць, пайшоў на сваё месца змораны, пусты, бяздумны.

Сход ішоў далей. Тыя, што асталіся, сядзелі спакойна і слухалі ўважна. Выступалі яшчэ і Віктар, і Якуб Лакота, і іншыя актывісты. Гаварыла яшчэ Тацяна, Вера Засуліч сказала некалькі слоў, ледзь стрымліваючы сваё ўзрушэнне ад нядаўняга скандалу, сказала без запалу, без энергіі, так дзеля-гадзіся. Прагаласавалі рэзалюцыю — рэзалюцыю ўхвалілі, хоць рукі падымалі мала і неахвотна. Адкрылі тут жа запіс у калгас, і запісалася дваццаць адзін чалавек — акурат столькі, колькі налічваў Зелянюк у сваім актыве.

Па сходзе, як народ ужо лынуў у дзверы, раптам ажывіўшыся, загаманіўшы, Зелянюк падышоў да Карызны і цвёрда сказаў яму:

— Ну вось... Ты сарваў сход. Ты праваліў калектывізацыю... Разумееш?

Карызна сабраў рэштку сваіх сіл і, грозна бліснуўшы вачмі на брыгадзіра, адчыкрыжыў:

— Не твой клопат! За свае ўчынкі я буду адказваць сам!

Зелянюк усміхнуўся.

15

Пацяроб, нязграбна боўтаючыся пад бокам, нахіляўся да яго і шаптаў яму ў самае вуха:

— Ты не бойся, Сымонка! Усё будзе як найлепей. Родненькі мой, я ж іх ведаю навылёт. Не папужаўшы іх, нічога не выйдзе. Вось памянеш маё слова — усе як адзін запішуцца. Я за іх вазьмуся яшчэ! А гэты хлюсцік думае, што яно так сабе... угаворчыкамі... Не туды ён трапіў, галубок! Мы яго навучым тут, як весці лінію... Гэта мы да часу глядзелі, — што з цябе выйдзе... Ха-ха!..

У гэты момант з другога боку ў Карызны нехта азваўся:

— Добрага гасу далі... Такога сходу, мусіць, як Сівец стаіць, не было...

Карызна ўздрыгануўся і прыгледзеўся ў цемру. Гэта ішоў побач з ім Андрэй Шыбянкоў. Упэўніўшыся, што Карызна пачуў яго, ён дадаў ужо смялей і выразней:

— Раскулачыць яшчэ з пяток, дык будуць прасіцца, каб узялі ў калгас.

Карызну зрабілася прыкра. Гэтыя спачуванні не толькі не суцяшалі яго, а яшчэ ясней падкрэслівалі дзікую недарэчнасць яго сённяшніх паводзін. Ясная рэч, ён зрабіў памылку, якая мо адаб’ецца на ўсім далейшым ходзе падзей. Але ж гэты Зелянюк, падшывалец гэты! Што ён мае да яго? Чаго ён скрозь патыкаецца ў яго на дарозе? Што ён права мае нейкае над ім, ці што?

І жаль аб неразумным учынку сваім Карызна пералівае ў злосць на Зеленюка, і яму робіцца значна лягчэй. Але Пацяроб з Андрэем, налазячы з абодвух бакоў з сваімі спацяшэннямі, зноў аднаўляюць у поўнай гаркаце прыкрыя згрызоты.

Карызна адчуў глыбокае палягчэнне, як нарэшце разлучыўся з сваімі спадарожнікамі.

Ён падышоў да хаты. Вялізная камяніца сямігодкі паўстала з цемры чорная, непрытульна-халодная, як астрог. У адным акне — там, дзе яго кватэра, — выбліснуў агеньчык: прыйшла дахаты жонка. Як яна стрэне яго? Як яна паставілася да гэтага непаразумення на сходзе?

Карызна ведае: будуць яны сёння маўчаць, сцерагчыся адно аднаго, як ворагі. Яна будзе хадзіць каля яго чорным ценем — чужая, замкнёная, і прысутнасць яе будзе балець яму, як старая незагойная рана.

А потым — доўгая пакутная ноч. Ён не засне сёння, мабыць, да рання, бо будуць мучыць нявыказаныя, збітыя ў мулкую камлыгу пачуцці. I найгорш, што не будзе спаць і яна. Абое будуць прыкідвацда, што спяць, і з затоенай увагай прыслухвацца адно да аднаго, ловячы кожны шолах. Гэта будзе нясцерпная мука!

Карызна суняўся перад форткаю. Яму здавалася, што досыць адчыніць яе, пераступіць на двор — і адразу пачнецца тое цяжкое, жудаснае.

Не, ён не пойдзе. Ён баіцца ісці, ён здрыгаецца ад аднае думкі пра гэтую ноч.

Каб хоць з кім пагаманіць, хоць колькі слоў сказаць — пра сённяшняе. I пачуць што-небудзь простае, шчырае. Хоць лаянку, усё роўна...

У яго з'явілася думка — пайсці да каго-небудзь. Хай сабе позна ўжо, ноч. Ён разбудзіць, знойдзе якую прычыну, абы пачуць голас жывога чалавека. Каб пайсці цяпер да Веры. Яна была на сходзе, яна пэўна яшчэ не клалася спаць. Выдумаць што-небудзь, зайсці на хвілінку. Сказаць, што затрымаўся па сходзе і ўбачыў, ідучы міма, святло. Успомніў, што пільна трэба... Што-небудзь трэба — ён прыдумае.

I ўжо апошнія меркаванні ён рабіў на хаду, паспешна сігаючы пад пачатковую школу.

Святло ў Верыным акне абудзіла ў ім палкую радасць.

Каб хоць не пагасла раптам. Хутчэй!