Выбрать главу

...Карызна ўсю тую ноч перабыў у Веры Засуліч і з прыемнасцю пераканаўся, што ў гэтае разумнае палітычна свядомае, бадай што першае на ўвесь Сівец актывісткі не менш, а можа, і больш цёплае, простае жаноцкае ласкі, чымся ў іншае звычайнае жанчыны. А таксама ўбачыў ён і тое, што вочы ў Веры Засуліч зусім не цёмна-карыя і не чорныя, а цёмна-цёмна-сінія, цудоўна-прыгожага, якога ён ніколі не бачыў у жыцці, колеру.

...I праз усю тую ноч стаяла, укленчыўшы на канапе, перад акном Марына Паўлаўна і глядзела ў чорную бязлітасную цемру.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1

Хоць брыгадзір Зелянюк і паказваецца ў гэтым апавяданні як цалкам станоўчы, мала не ідэальны герой сучаснасці, але і ён, як кожны жывы чалавек, меў свае слабасці. Так, напрыклад, ён кахаў дзяўчыну. Кахаў пягчотна, горача, прагавіта, як ткі і кожны хлопец гадоў у дваццаць ці троху болей, што не ўправіўся яшчэ марна растрэсці жыватворчы агонь свайго маладога сэрца.

Дзяўчына Зеленюкова жыла ў горадзе і да падзей, што тут апісваюцца, мела толькі ўкосныя адносіны, але, дзеля паўнейшае характарыстыкі самога Зеленюка, не шкодзіць сказаць колькі слоў і пра яго любую.

Зеленюку яна заўсёды ўспамінаецца такая, як ён яе ўпершыню ўбачыў на заводзе сярод дакучлівае гурмы экскурсантаў.

Яна стаяла над ім трошку смешная ў сваім наіўным захапленні. Яна нібы брала сама ўдзел у рабоце, памагала яму. Ці толькі прыкладаў ён да дрэва разец, і з-пад яго празрыстым мярэжыстым касніком выпаўзала свежая стружка, — яна са шчырай турботай сачыла за пакручастым рухам гэтай стружкі. Яе тонкія бровы ўсё падымаліся і падымаліся, лоб старанна збіраўся ў густую сетку маршчынак, а напаўраскрытыя ружовыя губкі пацешна рухаліся ў такт варштата. Як прымаў ён разец, напружанне ўраз злятала з яе твару і яна аж уздыхала, небарака, у раптоўным палягчэнні. Потым — зноў.

Яна ўпэўнена была, што ён, заняты работай, не бачыць яе, і не мела патрэбы сачыць за сабой, за выразам свайго твару, — яна памагала яму з поўным самазабыццём. Але ён упраўляўся ўсё-ткі кідаць у яе бок непрыметныя погляды і ледзь стрымліваў усмешку.

Скрозь высокія з дробнымі шыбкамі вокны ў цэх зазірала рэдкае зімовае сонца і гуляла па стружках залатымі жвавымі зайчанятамі. Адзін зайчык скрозь трапятаўся ў яе на твары і надаваў яму дзіўную кволую празрыстасць. Калі ж ён, гарэза, ускочыў быў раптам у яе старанна раскрыты ружовы раток, Зелянюк не вытрымаў і, адхіснуўшыся ад варштата, голасна засмяяўся. Яна здзіўлена паглядзела на яго.

— Чаго ты смяешся?

Ён не ведаў, што адказаць, бо не хацеў пакрыўдзіць яе. Тады, каб парушыць непрыемнае маўчанне, яна запытала:

— Ты тут працуеш, у мадэльным?

— Не, я ў ліцейным.

— А што ты тут робіш?

Ён трошку падумаў, мяркуючы, мабыць, ці варта з ёй удавацца ў падрабязную гутарку, але зірнуў на яе шчыры, поўны сур'ёзнае ўвагі твар і здаўся.

— Бачыш, я выхадны сёння. А варштат гэты вольны. Я папрасіў дазволу папрацаваць на ім. Так, для сябе.

— А што ты робіш?

Ён трошку засаромеўся.

— Я раблю мадэль аднае машыны... новае машыны...

Дзяўчына працягнула з адкрытым здзіўленнем і павагай:

— Ты вынаходца?

Ён скрывіў твар у пагардлівую грымасу (ат, якое там вынаходства!), і яна, падбадзёраная гэтай грымасай, па-свойску ўсміхнулася і, жвава падміргнуўшы яму, папрасіла:

— Дай мне паспрабаваць... Я асцярожна...

Ён адгарадзіў яе рукой ад варштата:

— Няможна. Папсуеш.

— А можа, і не папсую?

— У нас на «а можа» не робіцца.

Дзяўчына нездаволена скрывіла губкі. Яна, пэўна, і пайшла б ад яго пасля гэтага, але, мабыць, не хацела пакідаць па сабе няёмкае ўражанне і таму, пільна паглядзеўшы на Зеленюка, запытала:

— Ты камсамолец?

— I партыец.

— О!..

Яна змоўчыла троху. Потым пахвалілася:

—Я таксама камсамолка. Ты ведаеш, што наша тэхнікумаўская ячэйка будзе з вашаю ў сутаварыстве? Будзем памагаць вам, а вы нам...

— Ведаю... А што?

— Нічога. Не дасі пакруціць?

— Не дам.

Яна дакорліва паківала галавой і строга паглядзела на Зеленюка Хацела яшчэ нешта сказаць, але яе гукнулі ад дзвярэй:

— Стася! Мы пайшлі далей!

Яна крутка завярнулася і пайшла ад яго шпаркай цвёрдай хадою. Ён глядзеў ёй услед з спакойнай усмешкай, а як дайшла яна да дзвярэй, ён раптам чамусьці занепакоіўся і, нібы ўздумаўшы нешта, гукнуў яе: