Якуб сустрэў Зеленюка з парыўчатай радасцю. Нязграбным ад шчырасці рухам ён схапіў яго за палу і пасадзіў пры сабе на лаўку. Ён відочна быў устурбаваны нечым і ў замяшанні шморгаўся на месцы.
— Дык вось, браточак... Глупства... Нікуды не варты ўсе мае планы... Вось Сініцкі, аграном. Вы ж не знаеце адзін аднаго? Пазнаёмцеся... Ды я і ведаў... От, так сабе забаўка. Каб спецыяльнасць, практыка...
З Якубавага тону Зелянюк адразу пачуў, што гэта ён пакуль што яшчэ так сабе, ад сарамлівасці ці мо з перасцярогі, каб загадзя падрыхтаваць лёгкі настрой на выпадак магчымай няўдачы.
Аграном Сініцкі з дзелавітай няўважнасцю прывітаўся з Зеленюком і зноў схіліў свой дабрадушны гарбуз над шырокімі Якубавымі аркушамі. Вочкі яго шныпарылі борздзенька, жвава, што мышаняткі, і ласкава-ласкава ўсміхаліся. Раз-пораз ён вымаў з бакавой кішэні «вечнае» пяро, са спакойнай метадычнасцю адкручваў яго, нешта дробненька поркаў у запісной кніжцы і зноў, старанна закруціўшы пяро, клаў яго на месца. Потым ён узняў галаву, паглядзеў на столь, нібы шукаў там нейкае згубленае лічбіны, апусціў назад галаву, аж упёрся ў грудзі спелым пятачком, і толькі тады ўжо лагодна, здаволена ўсміхнуўся. Якуб раптам сціх і зірнуў на яго з непакойным чаканнем, але ні з таго ні з сяго звярнуўся да Зеленюка:
— Цікавая гэта работа — складаць вытворчыя планы для новых калгасаў. Я ўжо рабіў іх у некалькіх калгасах. Гэта зусім не механічная работа, не простыя вырахункі. У нас ёсць ужо ўзорныя планы, але на іх пакладацца ніяк не выпадае. Гэтыя новыя гаспадаркі мы пакуль што лепім з усякае драбязы, з усякага, прабачайце, смецця. I ў кожным выпадку прыходзіцца рабіць асобныя камбінацыі, выкручваць, перакручваць. Нават нормы выпрацоўкі, нормы высеву і тыя не ўсюды даём роўныя...
Яго маленькія вочкі раптам мякка заззялі і яшчэ больш падрабнелі ад летуценнасці.
— Каб нам машыны ўсюды... Трактары... Каб нам хаця са два ці са тры трактары на першы абыход.
Зелянюк зацікавіўся.
— Хіба два ці тры трактары многа б дапамаглі? Гэта ж фактычна дробязь?
— Хо-хо... Гэта не дробязь. За нашымі ўмовамі тры трактары зробяць удзесяцера болей, чым яны могуць зрабіць...
I, здаволены сваёй няўмыснай загадкай, Сініцкі ўваткнуў зноў у грудзі пятачок і неяк дужа глыбока – жыватом толькі ды носам – засмяяўся. Зелянюк таксама ўсміхнуўся следам за ім (фактычна, цудоўны смех агранома яго насмяшыў) і, каб зрабіць прыемнасць яму, здзіўлена запытаў:
— Як гэта разумець?
Сініцкаму яго здзіўленне ўпадабалася.
— Хэ-хэ... Удзесяцера болей...
I яшчэ дзеля важнасці хэхэкнуўшы разы са два, ён растлумачыў:
— Псіхіка... Убачыўшы трактар, і конь удвая больш узарэ. Нам не то што ўсё на трактары перавесці,— нам хоць паказаць гэты трактар. Трэба, каб пачулі нешта новае, большае за таго, што кожны меў у сваёй гаспадарцы... Два кані гэта — пэўна, што не два кані, а троху болей, дзесяцера коней разам зробяць блізка таго, што паасобку зробяць пятнаццаць, але селяніну гэтага мала, ён не здзівіцца, убачыўшы ў калгасе свайго каня і свой плуг, хоць і будзе ісці ён у чарадзе з суседскім. А трактар ён паважае... ого!..
Зелянюк з настойнай цікавасцю ўзіраўся ў гарбузаваты твар агранома Сініцкага, у яго вясёлыя і разумныя вочкі. Гэты чалавек яму падабаўся: у ім многа было прастаты і здаровае крэпкае кемкасці. Зелянюк паспрабаваў уявіць яго ў рабоце і чамусьці, не ўважаючы на ягоную грубіню, целепаватасць, мог уявіць яго толькі рухавага, круткага, няўтомнага. Бадай што гэткі і быў аграном Сініцкі.
Тым часам небарака Якуб з ледзь стрыманаю нецярплівасцю чакаў свайго прысуду. Ён скрозь сачыў за Сініцкім, не зводзячы з яго гарачых вачэй, як дзіця з марудлівага бацькі, што, прыехаўшы з кірмашу, ніяк не збярэцца паказаць прывезенага гасцінна. Нарэшце не вытрымаў ён і запытаў:
— Ну, як жа гэта мая тлуманіна?
Ён як мага стараўся надаць свайму голасу і ўсмешцы сваёй спакойную бязрупатнасць, ды не выходзіла: усё роўна чуваць было яго балючае ўзрушэнне. Аграном дабрадушна засмяяўся і палэпаў яго па плячы:
— Хэ-хэ... Ты хочаш хлеб адбіць у мяне... Ды ці толькі ў мяне,— тут і па будаўнічай лініі ці мала чаго намудравана...
Якуб глядзеў на яго, збянтэжаны яго жартаўлівым тонам. Тады Сініцкі сказаў зусім сур'ёзна:
— Во што, Якубе. Я б гэткага плана не склаў, каб мне, скажам, прапанавалі зрабіць для вас... Праўду кажу. Бо ты ж ведаеш тут кожны лапік зямлі, кожную, у каго якая ёсць, шаўлюжку, і ўсё гэта ўзяў на ўвагу, падрахаваў, спланаваў... Маладзец, Якуб... Гэта, ведаеце, праца дык праца...