Апошнія словы Сініцкі сказаў да Зеленюка — гэтым падкрэсліў сур'ёзнасць свае ацэнкі.
Якуб Лакота гарэў ад шчасця. Значыць, праца ягоная была не марная! Значыць, ён недарма сядзеў начамі над гэтымі вялізнымі аркушамі, над гэтай цяжкой, новай, неабыклай для яго справай!
Раптам Якуб пыхнуў увесь, замітусіўся:
— Гэта ж мы з Мікітам... Мы ўдвух...
I — нібы гэта было пільна патрэбна, нібы без гэтага няможна было і абысціся — выбег з «габінета», гукнуў малога:
— Сцёпка. Бяжы зараз пакліч Мікіту Лаўрынёнка. Скажы, каб як стой быў тут. Ну, смалі!..
Прыйшоў Мікіта – дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Станавіта і нязграбна парукаўся з усімі і з паблажлівай усмешкай стаў слухаць Якубавы радасныя тлумачэнні. I — нібы згаварыліся — следам за ім упёрся ў хату камляваты, безнадзейна заблытаны ў густой паклычанай барадзе дзядзька Тодар Малахаў, сваяк Зеленюковага гаспадара. ІІрыбег Віктар, бурна засопшыся ад бягні ці, можа, ад перарванае сустрэчы з Аўгінькай. За ім — яшчэ і яшчэ, і сышліся някліканыя, нечаканыя мала не ўсе сівалапаўскія актывісты, на вялікую Зеленюкову радасць і здаволенне.
Аграном Сініцкі сядзеў сярод гурмы сялян пышна-распараны, тоўсты, як самавар, і, як ад самавара, расплывалася ад яго наўкола крэпка гаспадарская цеплыня, саграваючы дзядзькоў ціхамірна-дзелавым настроем. Нічога не гаварыў ён вялікага, выдатнага — от, перабіраў усякую драбязу, распытваўся, тлумачыў. Але гэтая драбяза набірала ў яго асаблівае значнасці, трываласці і трапна ўкліньвалася ў агульную сістэму новых, прынадных для мужычага розуму меркаванняў.
Зелянюк адпачываў. Яму давала надзвычайную прыемнасць сачыць так за паступовым, але пэўным рухам калектыўнага настрою, якім з дасканалым умельствам кіраваў гэты тоўсценькі гарбузаваты чалавек. Вось працяліся ўсе спакойнай развагай — паціхлі, утупілі хто куды летуценна застылыя вочы. Вось занялося лёгкае сумненне — паўзнімалі галовы, настаражыліся. Гэта — добра. Гэта наўмысля ён, таўстун, дазволіў ім на нейкі час пасумнявацца — з сумнення заўсёды родзіцца мацнейшае перакананне. Адно слова, адна нязначная драбязговая заўвага — і сумненне абярнулася ва ўпэўненасць — здаволена ўсміхаюцца ўжо і пазіраюць адзін на аднаго з вясёлым здзіўленнем (бач ты, як яно, га?). А вось пайшло ўжо глыбей, ужо лёгкакрытычны настрой цалкам распускаецца ў прагнай цікавасці, перарастае ў захапленне. I ўжо дрыжыць на тварах творчая нецярплівасць, ужо карціць кожнаму паспрабаваць, рызыкнуць, распачаць нарэшце нешта новае, неабыклае.
Зелянюк і не прымеціў добра, як яно сталася, але скончылася на тым, што загарэлася раптам настойнае злоснае абурэнне на Сівец, на сівецкіх «чыстых» гаспадароў, што марудзяць толькі, не бяруцца самі і іх, сівалапаўцаў, забаўляюць.
— Што на іх глядзець? Яны раздуроныя, яны адно глядзяць, каб як лучыць на лёгкі хлеб.
— Яны так і год будуць валаводзіць, а пры іх і мы сядзім.
— Не хочуць, дык не трэба. I без іх абыдземся!
Тут, вядома, значную ролю грала даўняя ўзаемная варожасць паміж Сіўцом і Сівалапамі. Можа, з гэтага і пайшло, можа, проста жаданне казырнуць, падцерці нос фанабэрыстаму Сіўцу штурхнула іх на раптоўную рашучасць, але загудзелі раптам сівалапаўскія актывісты, каб не чакаць Сіўца, не марудзіць, а ўзяць ды арганізаваць свой асобны сівалапаўскі калектыў.
— А тады хай хто хоча ідзе да нас, запісваецца.
— Не ўсё ж нам да іх хадзіць!
Ды яшчэ паглядзім тады, каго возьмем, а каго і не!
Зелянюк раптам здзівіўся, як гэта дасюль не прыйшла яму ў галаву такая простая і трапная думка. Праўда, што многа ёсць нездаровага і няпэўнага ў гэтым патрыятычна-задзёрыстым настроі, але ў грунце сваім ідэя правільная. Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Будзе прыклад Сіўцу. Хай сабе і канкурэнцыя, гэта не пашкодзіць, а яшчэ паспрыяе агульнаму руху.
I Зелянюк цалкам падтрымаў замер сівалапаўскіх актывістаў. Ён нават узяў самахоць на сябе абавязак абладзіць гэту справу з фармальнага боку, каб не было ніякіх затрымак.
Пасля шумных гарачых размоў позна ўвечары разышліся з Якубавае хаты дзевятнаццаць чалавек сяброў новага сівалапаўскага калгаса, які меў ужо нават, праўда, толькі ў праекце, гучную і троху прэтэнзійную назву «Наша перамога».