Калі Зелянюк, развітаўшыся з мужчынамі, узяўся ўжо быў за клямку свае форткі, нехта нязграбна і рвучка скубануў яго за палу. Ён інстынктыўна адшаснуўся ўбок і напружыўся, гатовы даць адпор невядомаму напасніку, аж, на вялікае сваё дзіва, замест сабакі ці яшчэ якой звярыны ўбачыў каля сябе разматлашаную ў цемры фігуру чалавека. Чалавек стаяў, прыпёршыся да варот, цяжка варушыўся і мармытаў сабе нешта пад нос. Яго грамозднае, мешкаватае тулава паказвала відочную тэндэнцыю асесці на дол — ён быў без меры п'яны.
— Хто тут?
Чалавек парыўчата таргануўся і на момант адлучыўся ад варот, але зараз жа зноў узяў ранейшую паставу. Маляўнічым жэстам выставіў наперад руку і загаварыў інтымным шэптам:
— Таварыш... Я — п'яны... дадушы, п'яны... Я набраўся, як свіння...
У голасе ў яго было поўна пакорнага трагізму і разам з тым задаволення. Ён нібы каяўся, што п'яны, і разам выхваляўся гэтым.
Зелянюк пазнаў Паўлюка Гвардыяна. Ён падышоў бліжэй да яго, спагадліва запытаў:
— Дахаты, мусіць, не патрапіце, дзядзька Паўлюк?
Той махнуў рукой з горкай безнадзейнасцю:
— Што мне хата? Таваршш... быр... быр... быр...
Ён сабраў усе сілы, каб змагчы наравістае слова, і раптам выгаварыў яго скоранька і выразна:
— ...брыгадзір...
Тады сам здзівіўся сваёй удачы і паспрабаваў яшчэ раз сказаць, але нічога не выйшла. Зелянюк узяў яго пад пашку.
— Ну, пайшлі, дзядзька Паўлюк. Я завяду вас дахаты. Ну-ну, смялей... Вось так... Вось так...
За крокаў дзесяць — пятнаццаць Паўлюк пайшоў больш-менш цвёрда. Адылі раптам суняўся, з нечаканай круткасцю завярнуўся на месцы і стаў перад Зеленюком твар у твар.
— А я да цябе... да вас ішоў, таваршш... бр... я п'яны, але я сумленны чалавек...
Ён нахіліўся да Зеленюковага вуха, каб сказаць па сакрэту, і рыкнуў на ўсю вупіцу:
— Я ўсё скажу, таваршш... Мяне брат напаіў... родны брат... дабрадзей... с-сукін с-сын...
Раўнавага здрадзіла старому, і ён важка ўткнуўся тварам у Зеленюкова плячо. Зелянюк мякка, але рашуча ўзяў яго аберуч і надаў ягонаму тулаву належны кірунак.
Рушылі далей. Паўлюк жыў у канцы Сівалапаў, і дарога нібы троху ацверазіла яго. Ён колькі раз памкнуўся быў вызваліцца ад старонняе апекі і пайсці самастойна, але не меў удачы. Тады, пакорна здаўшыся на волю Зеленюка, ён дробна смяяўся дурнаватым смяшком і мармытаў:
— Бач ты... хе-хе!.. Усё роўна як п'яны... як п'яны, хе-хе-хе... Сам туды, а ногі сюды... сам сюды, а ногі туды...
Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам: гэтую прамудрасць стары мусіў зрабіць, як прапіў быў неяк няўмысля свой апошні замок. I хоць добра ведаў ён, што нідзе ў свеце не знойдзецца чалавека, які б пагаліўся на ягонае дабро, але ўсё роўна трымаў сакрэт свайго завалу ў строгай таямніцы. Нават цяпер — на што ўжо быў непрытомны — а не здрадзіў сабе. Падышоўшы да дзвярэй, ён з хвіліну стаяў перад імі, нешта сам сабе сціху мармочучы, а тады абярнуўся і бесцырымонна адпіхнуў Зеленюка ўбок.
— Прабачайце... таварыш... замок з сакрэтам... Раз-два (гэтыя «раз-два» прайшлі ў яго ў доўгай маруднай шарпаніне недзе за вушаком)... раз-два... раз-два... і — гатова!
З пышнай урачыстасцю ён расчыніў напята дзверы і сам адкінуўся ўбок, саступаючы дарогу Зеленюку.
— Калі ласка! Паж-жаласта!..
Зелянюк, стрымліваючы смех, сігануў у чорную дзірку дзвярэй. На яго латхнула волкім кіслявым пахам бруднага жылля, і ён зразумеў, што сянец у Паўлюка няма, а дзверы знадворку вядуць адразу ў жылуто хату.
Стары зачыніў дзверы і шамацеў недзе ў цемры, мабыць, шукаючы сярнічак. Зелянюк дастаў свае і запаліў. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў досыць раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Чамусьці з асаблівай рэзкасцю ўелася ў вочы страшная закарэлая шмотка на стале і гнілы сноп саломы ў качарэжніку, пастаўлены туды немаведама з якім прызначэннем. Шмотка была, здаецца, адзіным прадстаўніком у гэтай хаце тканых вырабаў — хата ўрачыста блішчала старою, зашмальцаванаю голлю.
Паўлюк нес аднекуль з запечча маленькую ўбогую газовачку. Зелянюк хацеў быў узяць яе, каб запаліць, але стары таемна паківаў на яго пальцам.
— Я сам... Я яе ведаю ўжо навылет... Яна ў мяне кап... карп...
Ён безнадзейна заблытаўся ў слове, скрывіўся з патугі і нездаволення, адылі знайшоў выйсце ў больш прасцейшым:
— Дрэнь... Паршывая дрэнь...
I, поркаючыся над газоўкаю, ён не спускаў з твару горкае міны, поўнае пагарды да «паршывае дрэні».
Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Яму ўспомніўся бачаны калісь у малыя гады малюнак страшнага чараўніка, які нешта рабіў, схіліўшыся над дзівоснымначыннем. Паўлюк быў падобны да таго чараўніка. Мігатлівы, неслухмяны бляск газоўкі вырываў з цемры твар яго грубымі кавалкамі, якія ўяўленне складала ў пачварнае, нялюдскае аблічча. Рэдкая, нібы павыдзіраная барада, скрозь якую свяцілася друзлая, карабатая скура, надавала твару злы, д'ябальскі выраз. I да гэтага — крукаватыя, дрыжачыя рукі з набраклымі неўвароткімі пальцамі, панура скурчаная постаць, абвешаная жудаснымі лахманамі, што канчаткова страцілі свой першапачатковы выгляд.