Нарэшце газоўка сяк-так загарэлася, і стары скрывіўся ў здаволенай усмешцы.
— Я яе знаю... Мы ўжо з ёй век звекавалі... Хе-хе... Яна ў мяне кап... карп...
Зноў не сказалася слова, але цяпер стары безуважна махнуў на яго рукой — ліха яго бяры!
Ён сеў на лаўку і млява пахіліў галаву. Зеленюку здалося, што ён хоча драмаць, і ён устаў ужо быў, каб ісці, але Паўлюк раптам усхапіўся і затрымаў яго.
— Чакай... чакай... Ты ў мяне ў гасцях, таварыш... быр... бры... Але частаваць няма чым... прабачай... Сядайце, паж-жаласта...
I сам сеў на месца, зноў пахіліў галаву. Потым загаварыў ціха і сцеражліва, нібы адкрываў якую таямніцу:
— Я — п'яны... Я ўчора піў і сягоння піў... і заўтра... Брат паіў... Разумееш... свой брат... Цімафей Міронавіч... А я — Павал Міронавіч... Паўлюк... п'яніца... Я табе ўсё скажу. Чакай, сядзі тут...
Ён нахіліўся да Зеленюка і зашаптаў:
— А чаму ён поіць мяне, га? Не ведаеш?.. А я ведаю...
I стары хітра падміргнуў Зеленюку.
— Ён разумненькі, ого!.. Ён хоча, каб я рабіў, як яму трэба. Каб я слухаў усё ды яму пераказваў. Я — бядняк... разумееш? Мне ўсюды хады адкрыты... Я, калі хочаш, і на ячэйку пайду... I ў камуністы запішуся... Што, не возьмеце? Га? Не возьмеце?
Зелянюк супакоіў яго, і ён раптам упаў у сентыментальную ласку.
— Ты добры хлопец... дадушы, добры... Я шаную... люблю цябе... А ён не любіць, баіцца... ха-ха... Свіння ён, хоць і брат... Чуеш ты, таварыш... Ён жа мяне са свету звёў, ён мяне загубіў... дадушы, загубіў... Ты думаеш, гэта я так заўсёды? Думаеш, я не быў гаспадаром?.. Чакай, чакай... я пакажу табе зараз.
Важка баўтнуўшыся тулавам, ён рушыўся з лаўкі і патупаў па хаце. З нечаканым спрытам узлез на печ і пачаў поркацца там. Зелянюк зірнуў следам за ім, і вока яго прыемна адпачыла ад нуднае хатняе пустаты: на печы было поўна ўсякага гаспадарчага гломазду. Там былі і ўбогія выстанкі калішняй адзежы, і павышчарблены гліняны посуд, і нейкая дзежачка, і нават худы рабраваты дзяркач. Відаць, там была ўласна Паўлюкова кватэра, а пустая хата служыла ёй толькі прыдзвер'ем.
Паўлюк дастаў з печы нешта завінутае ў рудую шмотачку і, паднёсшы да стала, стаў асцярожна раскручваць.
— Во што... Зірніце, таварышы... га?..
Гэта была фатаграфія дзяўчынкі гадоў з пятнаццаць, апранутай у гімназійную уніформу. Тлустыя плямы, якімі пакрыта была картка, надавалі бязмежна пакрыўджаны выгляд мініяцюрнаму жаласна-наіўнаму, як у птушаняці, тварыку.
Стары шаптаў набожна і ціха, як пры нябожчыку:
— Дачка... Родная дачка... У гімназіі вучыў... у пятым класе... Такая была... такая...
Зелянюк чакаў, што ён заплача, і гэтыя раптоўныя слёзы былі яму зразумелыя. Але дужа дзіўна, не па-звычайнаму плакаў гэты стары. Ён не хаваў твару, не закрываўся рукамі, а толькі адхінуў убок галаву, каб не запляміць слязьмі фатаграфію, і злёгку нахіліўся — пэўна, каб лацвей было слёзам сцякаць па карабатым твары. I яны цяклі спорна, дружна, весела, даганяючы адна адну, абмінаючы, то хаваючыся ў глыбокіх разлогах зморшчак, то зноў выбягаючы на грубыя, хваравіта-набраклыя ўзгоркі. А ў гэты час стары Паўлюк пацешна чмыхаў сваім вялізным бульбаватым носам, і ў гэтым чмыханні не было ніякага падабенства плачу — больш падобна было да стрыманага нервовага смеху.
Адплакаўшыся, стары стаў амаль што цвярозы. Ён спакойна закруціў у шмотку няшчасную фатаграфію, паклаў пры сабе на стол, сеў і стаў тлумачыць зусім складна, разважна:
— Памерла дачка. Даўно ўжо памерла. З гэтага і пайшло ўсё. Яна доўга хварэла, усё лячылі, думалі — палепшае. Многа грошай трэба было, а іх не надта і было. У яго браў, у брата. А ён даваў — чаму не! Ён жа дабрадзей такі. I распісачкі браў... Ну, а потым — стоп! Падрахаваліся... Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў яго руках... Хату, дзякуй яму, пакінуў. Во гэту самую... А больш нічога... усё забраў... Не судзіліся мы — так, па-добраму, як браты...
— А дачцэ не далі рады?
Зелянюк зрабіў гэта запытанне проста так, дзеля размовы, але старога яно чамусьці ўзяло за жывое. Ён сутаргава схапіў Зеленюка за рукаў і, жаласна зазіраючы яму ў вочы, загаварыў з старым, ужо абыклым яму болем:
— Вылечылі б... дадушы, вылечылі б... Не хапіла... Яшчэ каб якіх з паўсотні. Харчы трэба было добрыя даць. Ад харчоў, казалі, усё будзе...