— А ён больш не даў?
Стары горка засмяяўся.
— Ха-ха... Не было больш рахубы даваць... Даваў, пакуль было пад што... Дабрадзей!..
У старых аслізлых вачах у яго з-пад алкагольнага туману, з-пад старэчае безуважнасці бліснуў нарэшце востры агеньчык нянавісці і дзівосным чынам зрабіў яго больш падобным да чалавека. Разам з нянавісцю адрадзіўся і бледны цень чалавечага гонару, калупнуў старое нутро джалам прыкрых згрызот.
— Прапашчы я чалавек, таварыш... Гарэлка губіць мяне... Як старая памерла, дык і зачаў... Утрымкі не маю... I да яго хаджу... здзекі цярплю. Ці ж ён, думаеце, мяне як чалавека прымае? Як сабаку якому, кіне костку дый патурыць вон... А яшчэ прымушае хадзіць усюды, выслухваць, што дзе пра яго гавораць, што дзе ладзяць супроць яго. Значыцца, нібы як за шпіёна ў яго служу... ха-ха...
Зелянюк халаднавата ўсміхнуўся.
— Нашто ты гаворыш мне гэта, дзядзька Паўлюк?
Стары замітушыўся.
— Вось аб гэта ж... Наўмысля кажу... Даўно ўжо хацеў сказаць... Не пускайце мяне нікуды, ганіце мяне, як сабаку... Усё роўна — прапашчы я чалавек... Свайму найгоршаму злосніку падслужваюся... Паганствам займаюся... Дык вось... ганіце мяне, як паршывага сабаку... ганіце адусюль...
Зелянюк устаў, ладзячыся ісці. Падышоў да Паўлюка, паклаў яму руку на плячо.
— Во што, дзядзька Паўлюк. Ніхто цябе ніадкуль не гнаў і гнаць не будзе. Тое, што ты там пераказваеш каму, нас ані не абыходзіць. Мы, дзядзька, не хаваемся, робім усё наадкрыта. Наша справа не патрабуе ніякіх сакрэтаў, бо яна агульная, усіхняя, яе робіць уся грамада. Разумееш? Ну, а што да цябе... Можа, яшчэ паспрабуем як узяцца за справу, га? Можа, яшчэ і не ўсё прапала? У калгас жа пойдзеш да нас? Ці мо яшчэ будзеш каля брата круціцца? Га? Дзядзька Паўлюк...
Паўлюк засмяяўся сіпучым, здушаным смехам. Яго слізкія вочы паплылі хісткім агнём ліслівай давольнасці. Ён раптам схапіў Зеленюкову руку і гучна, мокра яе пацалаваў.
Зелянюк паспешна пайшоў з хаты, заціскаючы ў сабе мімавольнае пачупцё агіды.
Галілеева «цыркулярная» бяздымная печка цеперся ўжо стаіць занядбаная, кінутая сваім гаспадаром у самы рашучы момант, калі ўжо во-во гатова было канчаткова развязацца няпэўнае пытанне яе жыцця ці смерці.
Галілею не тое ў галаве. У Галілея пільнейшыя і важнейшыя клопаты: ён да гэтага часу яшчэ ніяк не можа дайсці глыбокага карэннага сэнсу падзей, што развінаюцца вакол яго з бурнай няўхільнай напорнасцю.
Якая гэта ідзе рэвалюцыя? Супроць каго яна ідзе? Хто мусіць быць яе ворагам і хто прыяцелем?
Дзіўны чалавек гэты Галілей! Яму мала таго, што чуе ён дзень у дзень на розных сходах ды мітынгах, яму мала таго, што бачыць ён сам на свае ўласныя вочы ў Сіўцы,— ён шукае яшчэ нечага агульнага і глыбокага, адзінага ў сваёй першаістотнай глыбіні. Ад людзей ён чакае не тлумачэнняў, не інструкцый, не ўгавораў — ён хоча пачуць нейкае мудронае, менавіта мудронае, усеабдымнае слова, якое б яснай маланкай асвяціла яму затуманены кругавід. А гэтага мудронага слова, як на тое ліха, ніхто яму не хоча ці не ўмее сказаць. I мардуецца стары ў нязбыўных турботах, блудзіць па глухім гушчары сумненняў, калоціцца ад ліхога трывожнага страху.
Газет і кніжак Галілей не чытае. Кніжкі ён паважае толькі тэхнічныя, а ад усяго іншага друкаванага ўнікае з дзівачнаю палахлівасцю: баіцца, каб не атлуміцца. Адылі паспрабаваў чытаць газетку, дык уражанне асталося такое, нібы ўхапіў за сярэдзіну, а да пачатку, як ні біўся, не патрапіў дапасці. Тады кінуў. Пачаў завіхацца каля людзей, браў іх хітрыкамі, тонкай дыпламатыяй, вышукваў, вынюхваў, што хорт, і не знаходзіў таго, чаго шукаў.
I вось нарэшце адважыўся Галілей на апошнюю канчатковую акцыю: рашыў пайсці напрасцень, стаць адкрыта — твар у твар — перад людзьмі і вымагаць ад іх патрэбнага яму мудронага слова. Абмеркаваўшы дакладны план і набраўшыся духу, рушыў стары мудрагель у цудоўную сваю экспедыцыю!
Першы па чарзе быў слаўны кіраўнік драмтуртка і местачковы філосаф — аптэкар Плакс.
Галілей уступіў у аптэку з рашуча-дзелавым заклапочаным выглядам, які нават здзівіў аптэкара.
Прывітаўся ён, праўда, як зазвычай, з адменнаю далікатнасцю і назваў свайго прыяцеля «доктарам», што заўсёды ўзнімала ў аптэкаравым сэрцы мілоснае задавальненне. Але, прывітаўшыся, не стаў, як звычайна, разглядаць з набожнай павагаю таемна-бліскучыя шэрагі аптэчных прыладаў, не зрабіў ніводнага прасякнутага нясмелай цікавасцю апытання, а стаў ля парога і з відочнай нецярплівасцю чакаў, пакуль выйдуць усе наведвальнікі.
— Нешта дзядзька Галілей дужа сярдзіты сягоння? Ці не зрабіў дзядзька Галілей якога новага вынаходства?