— Сядайце, Ахрэм Данілавіч!
— Дзякую, Цімафей Міронавіч...
Так і не сеў, хоць як упрашаў яго Гвардыян. Памуляўся, патупаў на месцы, шукаючы на Гвардыяна якога хітрага спосабу, нарэшце запытаў:
— Ці няма ў вас газеткі, Цімафей Міронавіч? Каб так пачытаць. Цікава пішуць цяпер...
Гвардыян настаражыўся, але адказаў усё-ткі з добра вытрыманаю безуважнасцю:
— Не, газеткі няма. Той месяц выпісваў, а на гэты неяк не ўправіўся. А што там, будучы, пішуць такога цікавага?
— Ды ўсё пра кулакоў. Кажуць, што загад такі выйшаў, каб усіх раскулачваць… ага, усіх да аднаго.
І, адпаліўшы сваё бесцырымоннае выдумства, Галілей чутка напяў вуха, чакаючы першага Гвардыянавага слова, а сам тым часам нібыта з глыбокай увагай разглядаў нешта ў качарэжніку.
Гвардыян раптам змоўк — не чакаў, мусіць, такога крутога ходу, і гэтае кароткае маўчанне выдала яго Галілею: стары хітрун трыумфаваў у душы — ён адным вокам ужо бачыў Гвардыянаву слабасць, якую той хаваў дасюль з адменным спрытам. Але Цімафей Міронавіч ураз авалодаў сабой і разважаў ужо з ранейшай спакойнасцю:
— Та-ак... раскулачваць... А што ж яны, будучы, у каторага возьмуць? Думаюць, даўнейшых памешчыкаў маюць, га? Што яны возьмуць?
— Знойдзецца.
— Можа, у каго і знойдзецца... Ну, а, скажам, вось хоць бы сабе і мяне, будучы, узяць. Тож у кулакі пішуць. Што ў мяне ёсць супроць таго самага серадняка? Каня маю аднаго — праўда, што добрага, няма чаго Богу грашыць...
— Жарабка...
I Галілей, няўзнак уставіўшы гэтае слова, кінуў на Гвардыяна пільны, цікуючы погляд. Той адвярнуў убок адзеравянелы раптам у тупой абыякавасці твар і загаварыў з падазронай паспешнасцю, як завучанае:
— Калі тое было? Дзе той жарабок? Яго даўно ўжо і звання няма... Навошта я буду трымаць яго? Я і з адным канём, будучы, упраўлюся на сваёй гаспадарцы...
Галілей як не падскочыў з радасці. Гвардыяна ён канчаткова ўжо меў у руках — уся знадворная яго амбіцыя разляцелася ўдрузг. Няма жарабка — значыць прадаў. Прадае, хітрунец, размантачвае, пакуль не позна. Дрыжыць, уецца, як пераціснуты гад. А з выгляду яшчэ харабруе!..
Галілей адчуваў ужо поўную перавагу над Гвардыянам. Настрой яго цалкам змяніўся, і, не чакаючы запрашэння, ён смела ператрусіўся цераз хату і сеў у пышнае крэсла на покуці.
— Кхе-кхе... А ў калгас кулакоў не прымаюць... ага... і высяляюць каторых злоснейшых, каб, значыцца, не заміналі. Як вы ўважаеце, Цімафей Міронавіч?
Цімафей Міронавіч відочна траціў спакой. Ён напружваў усе свае сілы, каб трымаць на твары сваю тупую адзервянеласць. Плоскія алавяныя вочы яго пачыналі трывожна шныпарыць па баках, нібы шукаючы нейкае апоры.
Галілей наступаў:
— А ў нас, Цімафей Міронавіч, мусіць, не будзе калгаса? Ага... Навошта ён нам? Што?
Адылі тут Гвардыян акрыяў. Надаўшы свайму пергамiнаваму твару адумысловы, відаць, загадзя нарыхтаваны на падобны выпадак выраз пакорнае дабрамыснасці, ён зважна растлумачыў:
— Калектывізацыю вядзе савецкая ўлада, супроць яе няможна ісці. Хто супроць калгаса — той вораг савецкае ўлады...
Галілей успомніў Пацяроба i ціхенька засмяяўся: добрага знайшоў сабе суровы старшыня аднадумца! А Гвардыян падумаў, што Галілей смяецца з ягонае надмернае прыхільнасці да савецкае ўлады, і троху нервова дадаў:
— Як загадае ўлада пайсці ў калгас, дык і пойдуць усе! Каму гэта, будучы, захочацца перціся на ражон!
Ага! Вось яно якое тут аднадумства!
— А як не загадае? Га, Цімафей Міронавіч? Як тады?
Гвардыян нехаця буркнуў:
— Як хто захоча... Вольнаму воля...
— А шалёнаму поле?..
I Галілей закхекаў у задушшы дзіўнага недарэчнага смеху і, не кідаючы смяяцца, схапіўся з крэсла, паспешна пабег да дзвярэй.
Цімафей Міронавіч Гвардыян, скрывіўшы твар у пачварную, шырока расцягнутую, жабіную грымасу, праводзіў яго калючым ненавісным поглядам.
Галілей, вясёлы, зухаваты, дробна трусіўся ў Сівалапы.
У брыгадзіра Зеленюка ён заспеў цэлую грамаду камсамольцаў. Яго сустрэлі з шумнай, бязладнай прыветнасцю.
— А, Галілей! Вялікі вынаходца зямлі сівецкае! Ганаровы калгаснік! Патомсцвенны камсамолец! Просім да нас, у нашу кампанію!..
Галілей строга зірнуў на іх і, абабраўшы сабе ў куточку зацішнае месца, зацяўся ў глухім суровым маўчанні. Камсамольцы далі яму спакой і заняліся сваімі справамі. У іх мова ішла пра сівалапаўскі калгас, думка аб якім, зарадзіўшыся ўчора ўвечары ў хаце былога партызана і чырвонагвардзейца Якуба Лакоты, сёння ўжо буяла пышнаю рунню, захапляючы ўсё большыя ды большыя колы сівалапаўскае грамадскасці. З напорнай юнацкай парыўчатасцю хлопцы перасігнулі ўжо цераз парог першапачатковых арганізацыйных захадаў і лёталі быстрымі думкамі ў ружовых, але туманных яшчэ перспектывах будучага росквіту. Яны ўжо мелі добра наладжаную гаспадарку, узнятую на нябачаную вышыню дасягненнямі агранамічнай навукі, спрэс абагуленая жывёла стаяла ўжо ў іх у новых, крэпкіх, як звон, стадолах, у спецыяльна пабудаваным гаражы блішчалі няўкорнай чысцінёй і спраўнасцю сельскагаспадарчыя машыны. А з паўвярсты ад Сівалапаў, на прыгожым вясёлым узгорку, над саменькай рэчкай Сіўцом, яны будавалі ўжо трох-, а можа, нават і чатырохпавярховы дом пад агульнае памяшканне для калгаснікаў...