...Дзе ты калі затрымаеш шклівую маладосць у вузкім, сурова абмежаваным і часам нудна-шэрым коле надзённае неабходнасці! Вырвецца ўсё роўна і паляціць на лёгкіх, хоць і няпэўных яшчэ крыллях-лятунках, каб адразу, спопрыску ўрынуцца ў самую яснату шчаснае будучыні!..
Галілей слухаў-слухаў ды неўзаметку і пацюпаў дробненькім трухам за маладымі імклівымі крыллямі ды — дармо што стары! — а троху-патроху і перагнаў іх, і набудаваў у сваім зацішным куточку такіх дзівосаў, што, пэўна б, сам памёр ад здзіўлення і страху, каб раптам убачыў гэта ў сапраўднасці. I ўжо не чуў нічога, не бачыў навокал сябе, ужо не было яго тут, непакойнага Галілея,— блукаў недзе сярод дзівосных сваіх пабудоў.
Такі ўжо смешны характар у гэтага чалавека, зусім не стасоўны да старых яго год!
— Дзядзька Ахрэм! Што ж вы не адказваеце нічога?
— Га? Што? Ага... разумею, разумею...
Хлопцы закаціліся дружным рогатам.
— Дзядзька Ахрэм! З Сіўца вы першы запішацеся ў наш калектыў. Будзеце ў нас ганаровым калгаснікам. Добра?..
Галілей, спалоханы, ускочыў з лаўкі.
— Я з таварышам пагаманю... ага... з таварышам Зеленюком... Трэба памеркаваць...
Ён ніяк не мог прыдумаць, што б яшчэ сказаць, як адчапіцца ад назоллівых хлопцаў. Але яны ўжо разыходзіліся. Па колькі хвілінах яны асталіся самнасам з Зеленюком. Зелянюк ласкава запытаў яго:
— Пагаманіць прыйшлі, дзядзька Ахрэм? Даўно ўжо чакаю вас... папраўдзе... Мне чамусьці скрозь здавалася, што вы як-небудзь залучыце да мяне.
Галілей прапусціў гэтае шчырае і ў сутнасці прыемнае. для яго прызнанне з халоднай безуважнасцю: ён не любіў інтымнасці, баяўся яе. І ён парупіўся адразу змяніць гаворку:
— Спрытна хлопцы гэта вымудраюць... ага... пацешна... А яно можна было б і зрабіць так... Многа чаго можна зрабіць, каб гэта ахвота была ўва ўсіх... ага... Чалавеку дружнасці бракуе, во яно што...
Зелянюк ледзь прыметна ўсміхнуўся:
— Дык яно ж і будзе рабіцца, дзядзька Ахрэм! Цяпер такі асаблівы час, што самыя сур'ёзныя замеры здаюцца дзівоснымі вымудрамі, бо зусім не падобны яны да таго, што мы прызвычаіліся бачыць каля сябе. Мы ўсё гэта будзем рабіць і ўсё зробім! Пабачыце!
Галілей муркнуў у невыразным тоне:
— Кхе-кхе... Маладосць!..
А Зелянюк з радасцю ўхапіўся за гэтае слова:
— Так-так, дзядзька Ахрэм, маладосць... Вы казалі, што чалавеку бракуе дружнасці. Праўда, дзядзька Ахрэм, шчырая праўда... Дружнасці нам часам бракуе. А яшчэ — маладосць. Не ў гадах, а ў натуры, у натуры... На тую справу, што мы робім, многа, дужа многа трэба гэтае маладосці. Без яе б мы і кроку ступіць не патрапілі...
Галілею здалося, што самы зручны момант цяпер пагаманіць пра тое, за чым ён прыйшоў сюды.
— А што гэта... я вось не ўцямлю ніяк... што гэта вы робіце... ага, нашто гэта ўсё... супроць каго вы ўсе ідзіцё, га?..
Зелянюк успомніў, як калісьці гэтаксама пытала яго Тацяна:
«Там гавораць адразу ўсім, а ты так скажы, каб усё мне адной...»
Ён задуменна ўсміхнуўся. Галілей злавіў гэтую ўсмешку і спалохана замітусіўся.
— Я гэта бачу ўсё... ага... Вось Гвардыян наш, Цімафей Міронавіч... Ён сам чуе ўжо... ага... ён баіцца, ого як баіцца... Я разумею... Дык ці па гэтым усё? Ці толькі супроць яго?.. Растлумачце мне, калі ласка, таварыш...
I Галілей пастараўся зрабіць на сваім сухенькім твары далікатную ўпрослівую ўсмешку.
Зелянюк з шчырай ахвотай узяўся тлумачыць яму сутнасць вялікай перабудовы жыцця, якая разгортвалася ў Савецкім Саюзе. Ён стараўся гаварыць найпрасцейшымі, найзразумельшымі словамі, і ў гэтым была яго памылка. Ён не ведаў, што Галілей не любіць простых слоў, што ён шукае менавіта слова мудронага, якое б захапіла яго не так яснасцю свайго значэння, як спрытнай тэхнічнай дасканаласцю, штукарскай прыточанасцю адумысловай формы да глыбокага зместу.
Галілей, відочна, быў нездаволены. Што далей гаварыў Зелянюк, то ўсё больш і больш безуважны рабіўся ягоны твар і маленькія вострыя вочкі самапасам разбягаліся на бакі, шукаючы для сябе якой-небудзь новай спажывы. I не ўправіўся Зелянюк скончыць свае тлумачэнні, як стары, наспех адвітаўшыся, выбягаў ужо з хаты, палахліва стуліўшы хударлявую постаць сваю, нібы баючыся, каб не спасцігнула яго на хаду яшчэ якое тлумачальнае слова.