Зелянюк стаяў асалалелы і, старанна перабіраючы свае, сказаныя Галілею, словы, марна дашукваўся ў іх таго, што магло б яго пакрыўдзіць. Раптам новая думка асвятліла яго, і ён рынуўся ўслед за старым.
На вуліцы, у дымных хвалях першага змроку, з лёгкай рытмічнай аднамернасцю віхалася худая Галілеева спіна, закрытая старэнькім дзіравенькім кажушком.
Зелянюк крыкнуў услед яму:
— Да Якуба схадзі! Схадзі да Якуба! Галілей! Схадзі да Лакоты!..
Худая спіна на момант нібы сунялася і зараз жа паскакала далей, затуляючыся змрокам.
А да Якуба Галілей усё-ткі зайшоў, і гэта быў апошні пункт яго дзівачнай экспедыцыі. Там сядзеў ён да позняга вечара і ішоў адтуль вясёлы, прасветлены, з новым аганьком у маленькіх востранькіх вочках.
Выходзіць, што спỳціла была старога Галілея адна памылка ў плане яго меркаванняў: ён усю ўвагу сваю скупіў быў на пытанні — супроць каго? — і занядбаў другое, не менш, а можа, і больш важнае — за што? I гэта перашкаджала яму дайсці глыбокага карэннага сэнсу «новае» рэвалюцыі.
Вера падыходзіць да люстэрка і, гледзячыся ў яго, распускае валасы. Вусны яе ціха кратае ледзь прыметная ўсмешка. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Яна ніколі не стрыгла іх і здаволена гэтым, бо ведае, што яны ў яе надзвычайна прыгожыя. Яна ведае таксама, што валасы падабаюцца Карызну, таму і распусціла іх і з лёгкім прыемным хваляваннем чакае яго моцнае смешнае ласкі.
У распушчаных валасах яна становіцца Карызну новая,— меншая і цішэйшая. Яму здаецца тады, што ён кахае яе не як жанчыну, а як дзіця. Ён рад тады ўзяць на рукі яе і насіць, закалыхваць, як калісьці закалыхваў сваю малую дачку.
Вера тады звінаецца ў клубочак і сапраўды адчувае сябе дзіцянём і абшчапляе рукамі Карызнаву шыю моцна і нязграбна, з дзяцінай непасрэднай пяшчотнасцю.
Карызна сядае на ложак і пакідае яе ў сябе на каленях. Скрозь мяккую лісцінку кофтачкі рука яго адчувае яе тонкую спіну з цёплым равочкам пасярэдзіне, і гэтая кволая дзяціная спіна абуджае ў ім дзіўную, даўнюю, нейкую сваяцкую пяшчотнасць. Ён не можа даць веры, што калісьці, два гады таму, не кахаў яе і не знаў,— яна, здаецца, была з ім заўсёды. I разам з гэтым найглыбейшым адчуваннем яе блізкасці ў яго, як у старога падазронага скнары, з'яўляецца ні на чым не ўзгрунтаваная апаска, што нехта можа ўкрасці, адабраць гэты мнагацэнны скарб, што ён можа згубіць яго. Гэтая апаска спадарожыць кожнаму наймацнейшаму ўздыму яго пачуцця — яна дзівіць яго і турбуе.
Ён адхінае ад сябе яе твар, каб лацвей было глядзець у цёмна-сінія бяздонныя вочы, і глядзіць у іх доўга, настойна, з балючай, незразумелай самому дапытлівасцю. Ён ужо робіць гэта сёння каторы раз і абуджае ў ёй непакойную цікавасць.
— Чаго ты глядзіш так на мяне?
Ён нічога не адказвае, бо не мае чаго адказаць і, каб адцягнуць увагу, доўга па чарзе цалуе яе любыя вочы.
Сёння ў ягоным жыцці адбылася падзея, якая павінна ўсцешыць іх абаіх, бо канчаткова развязвае іхнія адносіны, і — дзіўная рэч — праз цэлы вечар ён ніяк не адважыцца ёй пра гэта сказаць: кожны раз сунімае яго мімавольная, амаль інстынктыўная сцеражлівасць.
Сёння ад яго пайшла Марына Паўлаўна.
Гэта сталася для яго зусім нечакана, бо ніколі дасюль не было ў іх аб гэтым гутаркі. Яна пайшла раптам, па кароткай размове, ціхая прастата якой моцна ўзварушыла Карызну, пакінула ў ім глыбокую ўдзячнасць да гэтай жанчыны, з якой прайшоў ён поплеч праз дзевятнаццаць год жыцця.
Яна наўмысля чакала, пакуль яму час будзе ісці на лекцыі, каб як мага скараціць непрыемную сцэну. Ужо як пачаў ён збіраць свае прылады, яна падышла да яго і сказала звычайным спакойным тонам, старанна ўнікаючы, праўда, сустрэчы з ягоным поглядам:
— Дык я пайду, Сымон. Я ўжо дамовілася,— буду пакуль што жыць у Тацяны, там хопіць месца. А далей будзе відаць.
Ён з прыкрасцю адчуў, як унутры ў яго ўсплывае брудная давольнасць. Ён ледзь стрымаў сябе ў руках, ледзь прымусіў сябе ўзяць здзіўлены заклапочаны тон:
— Што ты, Марына? Што ты надумала?
Яна горка ўсміхнулася, бо пачула фальш у яго ў голасе, і мякка растлумачыла:
— Я не толькі для цябе гэта раблю, а і для сябе. Мне будзе лягчэй...
Яна ўпершыню ад невядома якога часу зірнула проста яму ў твар, і ў вачах у яе, асветленых раптоўным ажыўленнем, Карызна ўбачыў смутную і надзіва маладую сарамлівасць. Яна ціха дадала: