Выбрать главу

— Мне ж таксама, Сымон, трэба жыць... яшчэ...

Тады Карызну стала лёгка зусім і весела. Ён зрабіў некалькі дробных запытанняў і, узяўшы партфель, рушыў да дзвярэй.

Марына Паўлаўна стаяла ў нерашучым чаканні. Карызна падумаў, што яна хоча, каб ён развітаўся з ёй, і з усмешкай крыкнуў ад парога:

— Мы ж з табой яшчэ ўбачымся, мабыць?

Але яна ўсё-ткі затрымала яго:

— Сымон! Я хацела яшчэ сказаць табе...

Ёй, відаць, трудна было знайсці адпаведны тон — яна баялася, каб не раззлаваць яго...

— Гэта не мой клопат... я ведаю... Ты не злуйся, Сымон. Я ж бачу ўсё... я разумею... Нашто ты мучыш сябе? Ты скажы ўсе... каму трэба... Табе ж нічога не будзе, ты ж не вінават...

Іншым разам гэтыя словы ўвялі б Карызну ў шалёную злосць, а цяпер яны глыбока ўзрушылі яго. Ён вярнуўся і, падышоўшы да жонкі, моцна паціснуў яе руку.

— Добра, Марынка... Добра, што сказала... Усё будзе добра... ты не турбуйся... Я ўжо зусім спакойны...

I яму захацелася раптам сказаць ёй што-небудзь блізкае, цёплае, ад сэрца.

— Мы ж, Марына, усё роўна не будзем чужыя, праўда? У нас жа яшчэ астаецца дачка?

Марына Паўлаўна цьмяна пераказала:

— У нас астаецца дачка.

I на гэтым скончылася іхняя апошняя перад разлукай размова. Вярнуўшыся з заняткаў, Карызна ўжо не заспеў у сваёй кватэры Марыны Паўлаўны: яна пайпша, забраўшы з сабой толькі самыя неабходныя рэчы.

У кватэры хоць і ўсё, здаецца, было па-ранейшаму, аднак адчувалася раптоўная, рэзка падкрэсленая пустата. На Карызну гэтая пустата зрабіла была адразу добры ўплыў: яна ўзняла ў ім бадзёрую лёгкасць, якая зазвычай бывае па пераездзе на новае месца. З усім, што было дасюль — і з добрым, і з дрэнным,— скончана, можна смела распачынаць новае жыццё, вольнае ад усіх дакучных форм і ўмоўнасцей, у якіх уціснута яно было дагэтуль.

З такім лёгкім настроем ішоў Карызна да Веры Засуліч, рады тым, што можа сказаць ёй прыемную навіну. Яму ўсё выдавалася простым, ясным — ён быў упэўнены, што гэты вечар дасць ім поўнае, яшчэ дасюль не зазнанае адчуванне блізкасці, не расшчэленай ніякімі сумненнямі, недагаворкамі, блізкасці законнай і непарушнай.

I вось ён пазірае раз-пораз з трывожнай дапытлівасцю ў яе цёмна-сінія вочы, нібы даследуючы чароўную іхнюю глыбіню, і ніяк не адважыцца сказаць ёй пра тое, што павінна ўсцешыць іх абаіх. А яна бязрупатна песціцца ў яго абнімках, забаўляецца, як чыстае, бязвіннае дзіця, якому невядомы ніякія прыкрасці людскіх стасункаў.

Карызна, вядомая рэч, зусім не ведаў таго, што гэтае «чыстае, бязвіннае дзіця» колькі дзён таму мела сур'ёзную гутарку з Марынай Паўлаўнай і што фактычна гэтая гутарка спрычынілася канчатковай пастанове Марыны Паўлаўны пра свой адыход. Трэба адразу сказаць, што тут не было нічога падобнага да традыцыйнага, спарахнелага ў старых раманах самазрачэння, велікадушнае ўступкі, самаахвярнасці. Проста Марына Паўлаўна пераканалася, што ўсякае змаганне будзе марнае, бо... ёй самой упадабалася Вера Засуліч.

Яны вымушаны былі сустрэцца ў сумятні грамадскае працы, у якую самотная Марына Паўлаўна ўдавалася з парыўчатай імклівасцю, аддаючы ёй увесь свой нязбыты запал і энергію. Праз ладны час яны спрытна хаваліся адна ад аднае ў бабскім гармідары, адна адну не прымячалі. Пачуцці, якія мелі яны наўзаём, станавілі паміж іх непрабітны мур: у Марыны Паўлаўны цяжкім пластом ляжала на сэрцы глухая інстынктыўная варожасць да разлучніцы, а Вера скрозь адчувала дакучны непазбыўны сорам і вінаватасць. Было ў іх некалькі выпадковых сутычак, якіх не абмінуць за супольнаю справай, і ў іх заўсёды Вера старалася паказаць як найбольшую далікатнасць і пашану да Марыны Паўлаўны: раз нешта яна падала ёй скінуты карандаш, другі раз дала ёй адну пільна патрэбную кніжку, аднойчы, як збіраліся ў яе школе, прынесла ёй вады. Гэтыя дробныя паслугі адно раздражнялі Марыну Паўлаўну, узмацнялі яе варожасць: яна бачыла ў іх дрэнную, ліхую падлыжнасць.

Але выпала так, што даручылі ім дзвюм скласці нейкую заяву ці рэзалюцыю, і яны мусілі сысціся вока на вока. Яны ўмовіліся сустрэцца ў яе ў школе. Вядома, што ў класе, бо не магло быць і мовы аб тым, каб Марына Паўлаўна пайшла на кватэру да свае злосніцы.

Абедзве прачувалі, што гэтая сустрэча не абыдзецца так, па-дзелавому, што яна ўзніме нарэшце паміж іх інтымнае і, напэўна, дужа цяжкое, балючае. I таму прыйшлі яны абедзве сцеражліва-напружаныя, зацятыя ў трывожным чаканні. Марына Паўлаўна, ці толькі ўвайшла, адразу, з ненатуральнай паспешнасцю прапанавала, не гледзячы ў той бок, дзе стаяла Вера Засуліч: