Выбрать главу

— Ну, будзем пачынаць!

Яны селі за стол — адна супроць аднае — і заціхлі ў поўнай разгубленасці, не ведаючы, як пачаць, як сказаць першае слова. Нарэшце Вера адважылася, і Марына Паўлаўна раптам — зусім неспадзявана — пачула ціхі пакорны голас:

— Вы мяне ненавідзіце?

Яна быстра, амаль спалохана зірнула на Веру, убачыла яе глыбокія, няўкорна-чыстыя вочы і страсянулася ўся ў злосным абурэнні. Яна пачула, што сапраўды ненавідзіць гэту маленькую прыгожую гадзіну з аблудна-чыстымі атрутнымі вачмі. Бо яна ж ані не сумнявалася, што Вера Засуліч толькі прыкідваецца, толькі грае з ёй подлую камедыю. I яна адказала з неўласцівай ёй грубасцю:

— Вам гэта ўсё роўна.

У Веры на вочы набеглі слёзы, і Марына Паўлаўна гэтыя слёзы заўважыла.

Вера ўзяла карандаш.

— Як будзем пісаць?

Марына Паўлаўна адказала нешта невыразнае, наўдачу, каб дужа стасоўнае да справы, і Вера схілілася над паперай — ціхая, смутная і старанная. Вялікі, панура загрузлы ў цьмяным святле пакой атачыў іх шчытнай суровай цішай, якую страшна было парушыць нават лёгкім дыханнем.

Марына Паўлаўна, карыстаючыся з таго, што Вера ўдалася ў пісанне, з прагавітай увагай разглядала яе схілены над папераю твар. Вера нібы зусім ужо забылася на нядаўнюю абразу і цалкам захапілася працаю. Увесь прыгожы твар яе працяўся глыбокаю заклапочанасцю, і вусны сціха шавяліліся ў такт пісанню смешнымі зварушліва-наіўнымі рухамі, надаючы ёй без меры мілы выраз.

Раптам Вера ўздыхнула. Уздыхнула парыўчата, глыбока-балесным усхліплівым уздыханнем, як уздыхаюць пакрыўджаныя дзеці па доўгім плачы.

У Марыны Паўлаўны сціснулася сэрца ад раптоўнага болю. Гэта простае дзяцінае ўздыханне прыгняло яе нязносным цяжарам беспрасветнае роспачы: яна зразумела, што памылялася, што падманвала сябе марнымі ілюзіямі. Яна ўважала дасюль гэтую жанчыну за нікчэмную інтрыганку, якая рознымі паскуднымі хітрыкамі прывабіла да сябе ашалелага пад старасць мужчыну. Яе скрозь не пакідала надзея, што досыць мінуцца першаму чаду і Сымон агледзіцца, зразумее сваю памылку, вернецца да сям'і. Цяпер яна бачыла зусім ішпае. Чыстыя, як крышталь, вочы не манілі, яна не грала камедыі. Яна не можа маніць, гэтая ціхая мілая дзяўчынка!

Значыць —не тое. Значыць — глыбейшае тут, мацнейшае.

Значыць — канец. Астаецца адно — сысці з дарогі, не замінаць, не траціць сіл на бясплодную барацьбу.

I — дзіўная рэч — разам з гэтымі цяжкімі балючымі думкамі, якія затулялі ў чорнае беспрасвецце ўсю яе будучыню, Марына Паўлаўна чула, як растае ў яе сэрцы ўсякая нянавісць да шчаслівае супраціўніцы. Яна нібы сама старалася абязвініць яе, з увагі на чыстату яе і шчырасць. У яе нават з'яўляўся добры матчынскі жаль да Веры — яна пачынала каяцца, што адштурхнула яе сваёй нястрыманай грубасцю. I цяпер ужо Марына Паўлаўна сама жадала працягу зачатае Верай гутаркі — яе цягнула да гэтага роджанае роспаччу хваравітае прагненне да душэўнага болю, да самакатавання. Скарыстаўшы момант, калі Вера адарвалася на момант ад свае работы, яна запытала яе:

— Чаму вы падумалі, што я ненавіджу вас?

У Веры твар ахінуўся жорсткім ценем самаасуджэння.

— Вы павінны мяне ненавідзець... я сама ведаю... Я дрэнна раблю, я не маю права гэтак рабіць...

У Марыны Паўлаўны занялася кволая невыразная надзея. Ціхім дрыжачым голасам, які паказваў яе хваляванне, яна запытала:

— Што вы думаеце рабіць далей?

Вера скрывіла твар у цяжкім балесным неўразуменні.

— Я не ведаю... Я не магу... Я сама не магу нічога зрабіць... Усё ад яго залежыць... Я не магу...

— Мы звязаны з ім... у нас ёсць дачка...

I як гаварыла Марына Паўлаўна гэтыя жаласныя недарэчныя словы, чула сама сваё ўбогае прыніжэнне, але гаварыла, бо ў сэрцы гарэла яшчэ зманлівая надзея.

Вера пыхнула раптам ясным гарачым захапленнем.

— Я знаю вашу дачку! Мы з ёй улетку хадзілі ў лес, купаліся разам. Яна такая добрая, слаўная, вясёлая... Мы з ёй умаўляліся нават перапісвацца, сапраўды, але неяк не выйшла... Яна такая прыгожая, такая разумная!..

У Марыны Паўлаўны апусціліся рукі. Яна з ціхім болем глядзела на Веру і чула, што не можа злаваць на яе, не можа яе ненавідзець. Вера Засуліч падабалася ёй, як можа падабацца пекны, мастацкай работы штылет, выняты з глыбокае балючае раны.

Марына Паўлаўна ціха, сама сабе, шаптала:

— Што ж... Я дам спакой... Я не буду стаяць на дарозе... Мне больш няма чаго рабіць...

Вера пачула яе словы і крыкнула ў шчырым парыванні:

— Марына Паўлаўна! Не трэба... не кажыце так... Я не хочу... Я не хочу...

I залілася раптам горкімі нястрымнымі слязьмі.