Выбрать главу

Тады Марына Паўлаўна заклапочана перахілілася цераз стол і ціхенька пагладзіла яе цудоўныя цёмна-каштанавыя валасы.

Потым яны — прыміраныя, блізкія — з дружнай энергіяй узяліся за сваю супольную работу.

Вера Засуліч ад тае гутаркі ведала ўжо, што Марына Паўлаўна гэтак і зробіць, што яна сама развяжа рукі свайму мужыку: яна загадзя адчувала да яе спакойную цёплую ўдзячнасць. Але яна не спадзявалася, каб гэта здарылася так скора, і таму навіна, якую нарэшце наважыўся паведаміць ёй Карызна, адразу ашаламіла яе. Яна не ўправілася схаваць свае раптоўнае радасці, і гэта ўвяло яе ў палкі сорам. Каб не паказаць яго, яна парыўчата схавала свой твар на грудзях у Карызны.

Карызна пяшчотна лашчыў яе і чакаў наплыву тае поўнае, нічым не парушанае блізкасці, на якую ўвесь час спадзяваўся.

Але блізкасці не было: на тым месцы, адкуль разам з жончыным адыходам адышоў цэлы комплекс перажыванняў, што глыбока ўскладнялі іхнія стасункі з Верай Засуліч, на тым месцы асталася глухая, непраходная пустата.

5

Сымон Карызна хлусіў, як казаў жонцы, што ён ужо зусім спакойны. З кожным днём усё глыбей і глыбей угрузаў ён у невылазную немарач блытаных, у значнай меры самім жа ім створаных супярэчнасцей, нібы аперазаў яго нехта шчытным непарыўным вязьмом і з бязлітаснай павольнасцю зацягвае яго, пакідаючы яму з кожным днём усё менш ды менш вольнае прасторы. Ён трапечацца, напінаецца ў адчайных патугах, і яму часам нібы ўдаецца на момант расхінуць праклятае вязьмо, але з тым большаю сілай звінаецца яно ў наступную хвіліну.

Над усім складаным комплексам яго ўзбушаваных пачуццяў дамінуе страх — прыкры, неадчэпны страх перад невядомай яму і нават дрэнна ўяўленай небяспекай. Кожная няўдача, памылка, кожная нават зусім нязначная затрымка ў рабоце нагадвае яму пра грозныя, навіслыя над ім грахі мінулага, пра цёмныя справы з сям’ёй і кідае яго ў ліхаманкавую гарачку. Тады з хваравітым імпэтам хапаецца ён за працу, гоніць яе, не разважаючы, не выбіраючы сродкаў, і з трывогай заўважае, што робіць новыя, яшчэ большыя памылкі і яшчэ большыя мае няўдачы.

Загнаны напорнай раз'юшанай зграяй жыццёвых нягод, Сымон Карызна з прагнай настойнасцю шукаў сабе прытулку ў чыім-небудзь блізкім спагадлівым сэрцы, бо жорсткая самота падвяла цяжар яго мітушэнняў, сціскаючы іх у цесным катуху чорнае душнае абмежаванасці, і ён прывык знаходзіць гэты прытулак у чулым сэрцы Веры Засулiч.

Вера Засуліч дрэнная была спацяшальніца, бо, выслухаўшы цяжкія прызнанні Карызны, яна заўсёды страшэнна палохалася і яшчэ больш палохала яго самога. Адылі і баяцца ўдваіх было значна лягчэй.

Вера Засуліч — мілая, шчырая дзяўчына — шаптала яму, клапатліва зморшчыўшы лоб і звёўшы свае цудоўныя аксамітныя броўкі:

— Трэба старацца, трэба дужа старацца… каб усё было добра, усё чысценька, каб ніхто ні да чога не мог прычапіцца… Праўда… Тады і спакойны будзеш, зусім спакойны…

I яна ў такт сваіх слоў з навучальнай важнасцю ківала слаўнай прыгожай галоўкай.

Карызну чамусьці здавалася, што ў Верыных словах ёсць глыбокая жыццёвая мудрасць, і ён бясконца захапляўся як самай гэтай мудрасцю, так і цудоўнай формай, у якой яна вылівалася. I што далей, то ўсё глыбей і глыбей адкрываў ён Веры ўсе таямніцы свайго ўнутранога жыцця, і што далей, то ўсё з большай увагай прыслухоўваўся да яе шчырых, прасякнутых слушным практыцызмам парад.

Вера Засуліч была разумная дзяўчына. Разам з сваёй мілай дзяцінай наіўнасцю яна мела вострую, мабыць, цалкам інтуіцыйную праніклівасць, злучаную з дасканалай здольнасцю дапасавацца да ўсякіх, нават самых нечаканых варункаў. I выходзіла так, што зусім неўзаметку, паступова, але станоўча яна ўваходзіла ў самае сэрца сівецкіх падзей і, пэўна, рабіла ўплыў на іх значна большы, чым гэта прыметна было на першы погляд. У яе ціхім, прытульным пакойчыку памалу звіўся дружны цэнтр, які яднаў пэўную, досыць значную і ўплывовую частку сівецкай грамадскасці. Апрача Карызны, частымі гасцямі ў яе былі старшыня сельсавета Пацяроб, чорны і прыгожы Андрэй Шыбянкоў — Гвардыянаў фатальны вораг — яшчэ са два менш відныя партыйцы і аптэкар Плакс. Гэты, праўда, заўсёды займаў сваю асобную філасофскую пазіцыю і ў вузкапалітычныя справы не блытаўся. Яшчэ забягаў часам стары Галілей, але выпадкова і недарэчы. Ён з'яўляўся і знікаў неўзаметку, нікога не чапаючы, нікому не замінаючы, ведучы ў жыцці нейкую сваю, аднаму яму вядомую лінію.

Усіх гэтых людзей, апрача агульнае справы, звязвала яшчэ аднадушная cімпатыя да Веры Засуліч, якая, аднак, у кожнага мела сваё асобнае адменнае выяўленне.