Карызна зірнуў на яго з халодным здзіўленнем.
— Дзе гэта «ў нас»? Які калектыў?
— У Сівалапах. Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Разумееш? Асобны сівалапаўскі калгас, складзены з выключна дружных перакананых энергічных сяброў. Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. А галоўнае — падгонім Сівец. Гэта будзе выклік Сіўцу, разумееш? Тут можа разгарнуцца цэлае спаборніцтва...
Карызна перапыніў яго гарачыя тлумачэнні, адчыкрыжыўшы рэзкім нервова-напружаным голасам:
— Я гэтага не дапушчу. Гэта — партызаншчына.
Зелянюк на момант асалапеў, але зараз жа ўзяў сябе ў рукі. Ад яго жвавага юнацкага ўзрушэння не асталося і следу — ён быў ужо спакойны, стрыманы, і на бледным, рэзка акрэсленым твары яго трымцела ўжо звычайная ўсмешка. З нечаканай для ўсіх лагоднасцю ён згадзіўся:
— Ты, Карызна, маеш рацыю. Гэта — партызаншчына. Я зрабіў вялікую памылку, што прыстаў на гэта, не памеркаваўшыся з ячэйкаю. Я цалкам прызнаю сваю памылку і бяру на сябе поўную за яе адказнасць.
Ён на момант суняўся і казаў далей ужо троху цвярдзейшым тонам:
— Але ж я думаю, што мая асабістая памылка не павінна адбіцца на агульнай справе. Арганізацыя ў Сівалапах свайго калгаса бясспрэчна правільная, карысная справа. Наш актыў, ды ці толькі актыў — усе Сівалапы прыгатаваны да гэтага і чакаюць гэтага. Не пайсці ім насустрэчу — значыць загубіць усё. Разумееш, Карызна?
Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Ён яшчэ раз з той жа рэзкасцю пераказаў:
— Я гэтага не дапушчу. Гэта зрыў усяе нашае працы.
Зелянюк спакойна глядзеў на яго і ўсміхаўся.
— Ты, Карызна, гаворыш не таму, што ўпэўнены ў гэтым. Цябе кіруе пустая амбіцыя.
Гэтыя словы канцом разлютавалі Карызну. З момант ён стаяў моўчкі, бо няздольны быў вымавіць слова ад хвалявання, толькі блішчаў на Зеленюка шалена распаленымі вачмі. Адылі напружанаю патугаю волі здушыў свой шал і цяжка, ледзь стрымліваючы ціхасць у голасе, праказаў:
— Я таксама адказваю і за свае словы, і за свае ўчынкі. Я сваю думку сказаў.
У Зеленюка збегла з твару ўсмешка, і тонкія вусны яго задрыжалі.
— Але ж твая думка гэта яшчэ не думка ўсяе арганізацыі?
— Мы паставім гэта пытанне на ячэйцы.
I Карызна дэманстрацыйна адвярнуўся ў другі бок, паказваючы, што на гэтым гутарка скончана.
Гэта быў першы выпадак адкрытай сутычкі Карызны з Зеленюком, і ўсе, хто быў тут, зразумелі, што гэта толькі пачатак.
Як Зелянюк з сваімі хлопцамі пайшоў з сельсавета, Пацяроб зайшоўся ад смеху.
— Як ты яго, Сымоне... а-ха-ха... Во маладзец!.. Во гэта так... ха-ха-ха-ха!..
Ягоны смех, у якім ён віртуозна злучаў тонкі беспарадны віск з адчайным басовым грукатам, заражаў ужо адной сваёй дзівоснай музыкай, і Карызна мімаволі ўсміхнуўся. Нiбы выпраўдваючы сябе, ён прабурчаў:
— Яго не стрымаўшы, дык немаведама чаго тут наробіць. Занадта незалежна адчувае сябе.
Пацяроб зморшчыў твар у безнадзейна горкую міну.
— Што яму адыходзіць! Ён адбыў тут сваё, дый пырх, паляцеў, а мне з табой, любачка, сядзі ды кукуй. Ведама, блазнюк, што ты ад яго хочаш...
Гэты інцыдэнт пакінуў быў у Карызны бадзёрае ўзрушэнне. Ён ані не каяўся ў сваім учынку — ён нават здаволены быў, што мае магчымасць даць адкрыты бой Зеленюку, да якога здаўна ўжо адчуваў глухую варожасць. I прадчуванне гэтага бою ўзнімала ўнутры ў яго вострую нецярплівасць, узбурала ўсе яго сілы непакойнай энергіяй. Ён быў загадзя пэўны ў сваёй перамозе і таму бадай зусім не ўглыбляўся ў сэнс справы, якую развязаў такім паспешным, чыста эфектыўным спосабам. Як гэта ні дзіўна, але ў гэты момант самая справа менш за ўсё займала ягоную ўвагу.
Гэта было перад тым днём, як пайшла ад Карызны Марына Паўлаўна. Назаўтра, цалкам захоплены неспадзяваным паваротам у сямейных справах, ён зусім забыўся быў на ўчарашняе здарэнне, як забыўся быў і на ўсе іншыя клопаты. I толькі тады, як, прыйшоўшы ад Веры, апынуўся ён раптам у бяздонным правале халоднай і варожай, зусім не падобнай да хатняе цішыні — адзін, безнадзейна адзін! — тады апанавала яго ўсё разам: і старыя трывогі, і стары непазбыўны страх, і гэтае новае ўзрушэнне, якое яшчэ больш ускладняла і так балюча заблытанае кола яго перажыванняў. Тады тое, што ўчора здавалася простым, лёгкім і патрэбным, агарнулася раптам чорнаю сеткай сумненняў.
Ці мае ён рацыю ў гэтай сваёй спрэчцы з Зеленюком, якая, безумоўна, адыграе вялікую, можа, вырашальную ролю ў далейшым цягу падзей?
I, зрабіўшы сабе гэтае запытанне, Карызна адразу зразумеў, што адказ на яго не будзе мець ніякага значэння, што ён не зробіць ніякага ўплыву на далейшае яго паводжанне. Адступлення не можа быць, ды ён і не хоча яго, і не дапусціць хоць бы нават убачыў поўную сваю несправядлівасць.