Выбрать главу

Зелянюк звязвае яму рукі.

Гэта быў першы выпадак, калі Сымон Карызна цалкам свядома і ўпэўнена ішоў на ўчынак, які, можа, са шкодаю для агульнае справы, здавальняў выключна яго асабістыя, ды і не надта чыстыя імкненні. I раптам ён сам зразумеў гэта і скалануўся ад страху, як злоўлены на месцы злачынства. Ён чуў, што гэта новае ў ім, бо дасюль, нягледзячы на памылкі свае і няўдачы, ён у адносінах да сучаснасці меў абсалютна чыстае сумленне і нават сваім шчырым безынтарасоўным парываннем да працы ў значнай меры выкупляў грахі мінулага. Цяпер жа было зусім іншае — нядобрае, брыдкае, зладзейскае. Цяпер ён стаяў перад зрывам у прорву бруднага палітыканства, з адчайнаю рашучасцю самагубцы памыкаючыся на чыстату ўласнага сумлення, на дзейны злад свой з сучаснасцю, абы дайсці задавальнення ўражанаму гонару.

Але ж гэта яшчэ не сталася? Яшчэ не позна абмінуць, унікнуць гэтага? Сустрэцца заўтра з Зеленюком, весела, дабрадушна ўсміхнуцца, па-сяброўску лэпнуць яго па плячы і сказаць:

— А ты, братка, усё-ткі маеш рацыю... Я добра абмеркаваў гэтую справу і, ведаеш, цалкам з табой згодзен. Гэта я тады проста так, з дрэннага настрою... Смалі, браток, разварочвай...

Зелянюк зірне на яго добрым, удзячным поглядам, з якога выразна будзе свяціцца шчырае захапленне.

«Во, гэта па-бальшавіцку!»

А можа, ён, трыумфуючы сваю перамогу, адно ўсміхнецца на ягоныя словы сваёй паганай хітрай усмешкай?

I з гэтай думкай урываецца ў нутро ў Карызнава бурная, пякучая злосць, у якую пераліваюцца ўсе зазнаныя ім за астатні час прыкрасці, усё яго балючае мітушэнне. I ён ужо цалкам пэўны, што да ўсіх гэтых прыкрасцей, да ўсяго мітушэння спрычыніўся не іначай як ён — гэты паскудны ўедлівы блазнюк. Каб не ён, зусім па-інакшаму пайшла б у яго праца і, пэўна, зусім інакшыя, куды большыя былі б удачы. Ён, безумоўна ён, кладзе яму палкі ў кола!

Ага! Значыць жа, ён, Карызна, не толькі з сваіх асабістых пабудак выступае супраць Зеленюка? Раз Зелянюк шкодзіць працы, значыць, інтарэсы працы патрабуюць, каб ушчуць яго як мае быць? Значыць, Карызна робіць правільна, так, як трэба для справы, і ўся гэта хвілінная няўпэўненасць — проста вынік яго расцярушаных нерваў.

Каб канчаткова замацавацца на гэтым хісткім, няпэўным шляху самаапраўдання, Карызна з ліхаманкавай паспешнасцю бярэцца за абмеркаванне самае сутнасці справы, якая мае стаяць на ячэйцы. Ясная рэч, што ўсё ў ёй паказвае не на Зеленюкову карысць. Пустыя дзяціныя вымудры, якія нічога, апрача шкоды, не дадуць. Злосная і беспрынцыпная партызаншчына!

I Карызна з шчаслівай упэўненасцю канстатуе, што і ў гэтай канкрэтнай справе ён мае цверды грунт да барацьбы з назоллівым брыгадзірам. Цалкам заспакоены сваімі слушнымі высновамі, ён бярэ лямпу і пераходзіць у спальню, поўны салодкага прачування блізкага адпачынку.

У спальні на яго злосна вышчарыўся голымі чорнымі рэбрамі пусты жончын ложак. Ён стараецца не глядзець у той бок, і праз гэта яшчэ мацней — з нейкай нуднай, шчымлівай настойнасцю — прыцягвае змрочны куток ягоную ўвагу. Так у пусты халодны прахон адчыненых з хаты дзвярэй цягне цёплае паветра, пакідаючы ў хаце непрытульную стыласць.

Карызна паспешна раздзяецца і гасіць лямпу. Кладучыся, ён заўважае на сваім ложку свежую, чыстую бялізну: апошняя сямейная паслуга Марыны Паўлаўны.

Ён старанна ўкручваецца ў коўдру, каб як найхутчэй сагрэцца і заснуць. Ён рад, што хаця ў цемры не відаць таго жудасна-пустога ложка, які мулкім ражном застраў у яго ўваччу. Але ўсё роўна, хоць не бачыць, дык ён чуе яго. Ад таго боку, дзе стаіць ён — настарожана-пільны ў сваёй імсцівай злосці за Марыну Паўлаўну,— адтуль скрозь патыхае ледзяны холад, пранікае ў самае нутро Карызну і не дае яму сагрэцца.

Нашто яна пакінула яго тут?

Яму здаецца, што ўся справа ў ложку, што каб не было яго, дык і не было б на сэрцы такога прыкрага адчування навакольнае пустаты.

Ён уяўляе, як і дзе цяпер спіць,— не спіць, пэўна, а мардуецца так, як і ён, Марына Паўлаўна, і яму ўся гэтая гісторыя раптам падаецца ў ненатуральна-штучным дзівачным святле.

Няўжо гэта так і будзе? Гэта ж проста нейкая недарэчная містыфікацыя. Напэўна, заўтра, прачнуўшыся, ён, як звычайна, пачуе мерныя, спакойна-руплівыя крокі ў сталоўцы, песню ранняга самавара і сціплы дзелавіты трэскат у запаленай грубцы. Як звычайна, гэтыя гукі адродзяць у ім учорашняе, і заўтрашняе, і леташняе, і залеташняе пачуццё дакучна-нязменнае аднастайнасці, у якім, выходзіць, ёсць нешта нязбыўна-патрэбнае чалавеку, калі з такой цеплынёй успамінаецца яно цяпер Карызну.