Выбрать главу

А ложак наступае, заядла, неадчэпна, як ліхі сабака. Здаецца, што ён ужо не ў кутку, што ён зрушыўся з свайго даўняга абыклага месца і падышоў да самае Карызнавае пасцелі. Вось зараз нахіліцца над ім, таўхане яго сваім худым шкілетным плячом.

— Гэй, глядзі — я ж пусты, я ж зусім пусты.

I Карызна не бачыць, але чуе, востра чуе, што ён пусты, і гэта мёртвая пустата гняце яго нязносным цяжарам. У нервовых, сутаргавых патугах варочаецца ён на ложку, напінае ўсю сваю волю, каб пазбыцца ўедліва-турботнага пачуцця, але нязмога.

Тады ён кладзецца на спіну, шырока расплюшчвае вочы і ў цвёрдай, акамянелай цемры стараецца ўлавіць пекны збавіцельны вобраз.

Яна прыходзіць да яго з пяшчотным, міла заклапочаным тварам, з распушчанымі валасамі — і пакой раптам напаўняепца салодкай цеплынёй. Яна схіляецца над ім, і ягоны твар акунаецца ў пышныя араматныя хвалі яе валасоў. Яна горача шэпча яму ў самае вуха:

— Трэба, каб усё было добра... усё чысценька...

Карызна ў цудоўным, радасным парыванні туліць яе да сваіх грудзей, бярэ яе, чароўна-падатную, слухмяную, да сябе ў ложак. Палкім спакуслівым шэптам шумацяць мяккія карункі яе бялізны. Скрозь бялізну рука яго адчувае тонкую дзіцячую спіну з цёплым равочкам пасярэдзіне.

Пусты ложак моўчкі стаіць, убіўшыся ў глухі куток — недалужны, асаромлены,— і шкілетныя рэбры яго прыхінуліся да сцяны звычайнымі кавалкамі старога жалеза.

6

Выйшаўшы з сельсавета, Зелянюк пайшоў быў разам з хлопцамі пад Сівалапы, але на краі мястэчка спыніўся і развітаўся з усімі.

— Мне трэба забегчы яшчэ ў адно месца.

Звонку па Зеленюку зусім і не відаць было, каб на яго асабліва моцны ўплыў зрабіла сутычка з Карызнам у сельсавеце. А тым часам яна ўзрушыла яго бадай не менш, як самога Карызну. I, як кожнаму чалавеку, Зеленюку захацелася, каб да гэтае яго новае і глыбокае непрыемнасці цёплым дотыкам дакранулася мяккая, ласкавая рука.

...Тацяна была дома. Быў дома і Андрэй — ён стаяў апрануты, у шапцы перад сталом і пахмура грыз сухую скарынку. Зелянюк прывітаўся з ім далікатна, але без асаблівае дружнасці запыгаў:

— Як маешея, Андрэй? Што парабляеш?

Андрэй адказаў не то жартам, не то сур'ёзна:

— Бабы апанавалі. Не дадуць ні з'есці па-людску, ні адпачыць. Хоць ты з хаты ўцякай, дадушы.

— Тацяна навяла?

— Няўжо ж. Ды каб хоць што людскае, а то — старыя качэргі...

Тацяна, седзячы на прыпечку, пакрыўджана ўступілася за сваю чараду:

— А во і маніш... Ці мала ёсць і маладых і харошых... Можа, задзела, што ніякай увагі на цябе не маюць?

Андрэй не слухаў яе.

— Скажы ты мне на ласку, таварыш Зелянюк, чаму гэта бабы, калі ўжо завядзецца ў яе нейкі там асаблівы інтарэс, калі ўжо возьмуцца цацкацца з ёй, дык яна тады стане зусім не падобная да бабы. Напрыклад, возьмем нашу Тацяну. Ужо мала таго, што ў хаце ніколі не мецена, абед не згатаваны,— ну, хай сабе, скажам так, раўнапраўнасць, але ж і не пагуляе, як даўней. Хоць бы якога задрыпанага кавалера падчапіла, ці што, а то — ані-ні. Проста крыўда бярэ...

Тацяна ўразілася чамусьці не за нямеценую хату і не за абед, а за кавалераў.

— Брэшаш ты, Андрэй, дадушы, брэшаш. Як гуляла, так і гуляю, толькі што ўпотай, каб не кпіў тады, не высмейваў.

Андрэй безнадзейна махнуў рукой і, не чакаючы адказу на сваё запытанне, пайшоў з хаты. Зеленюка гэта бадай што ўзрадвала. Не толькі затым, што хацеў пабыць сам-насам з Тацянай, а і наогул была ў іх з Андрэем нейкая беспрычынная халаднаватасць.

Тацяна, як пайшоў Андрэй, паспешна загладзіла свае апошнія словы:

— Смяецца, што не гуляю. Якая тут гульня? Ці тое ў галаве? На іншае часу бракуе...

I, гаворачы гэта, яна сарамліва заблішчала вачмі, нібы за сваімі звычайнымі словамі хавала нешта іншае, таемнае, пра што нават сама не важылася падумаць. Але Зелянюк гэтага не заўважыў — ён, цалкам углыблёны ў сябе, хадзіў па хаце шпаркімі, зусім не хатнімі крокамі.

Тацяна спыніла яго:

— Заморышся. Хадзі сядзь, пагрэйся.

Ён сеў поплеч з ёй на прыпечку і сапраўды прыемна сагрэўся — не так, мабыць, ад печкі, як ад не менш гарачае Тацянінае блізкасці. I толыкі цяпер, як развеялася яго напружаная самаўглыблёнасць, ён раптам заўважыў змену ў Тацянінай хаце. Адзін куток яе, старанна прыбраны, быў адвешаны палінялай, а калісьці, пэўна, квяцістай, стракатай завесай. У гэтым невялічкім чыстым прытулку стаяў ложак, а ля ложка — маленькі столік, і на ім — плюгавенькі кавалачак пабітага люстэрка. Над ложкам у складзенай з чырвонай паперы асадцы вісеў партрэт правадыра.