Выбрать главу

Зелянюк пахваліў Тацяну:

— Ого, які прытульны куточак сабе зрабіла. Гэта — добра.

Яна засмяялася:

— Гэта ж не сабе. Заўтра прыйдзе да мяне кватарантка, Карызнава жонка. Кідае ўжо мужыка. Назусім.

Зелянюк яшчэ нічога не ведаў пра гэта, і навіна зрабіла на яго надзіва моцнае ўражанне. Ён доўга распытваў яе, даходзіў кожнай драбніцы і нарэшце запытаў з незразумелай трывогай у голасе:

— Скажы, Тацяна, іншага выйсця няма? Можа, каб хто з ім пагаварыў, расказаў яму пра яе настрой... Ён жа, пэўна, не ведае, што яна так глыбока ўсё бярэ да нутра?

Тацяна спакойна паківала галавой.

— Не трэба гэтага. Хай пойдзе. Яна ж не ў Амерыку едзе. Калі абдумаецца ён, дык заўсёды не позна сысціся. Абы яна тады захацела...

Зелянюк доўга і напружана думаў аб нечым, потым, нібы прачнуўшыся, быстра зірнуў на Тацяну і сказаў у ненатуральнай троху паспешнасці:

— Я пасварыўся сёння з Карызнам... вось нядаўна, у сельсавеце. Добра паспрачаліся, на ячэйцы будзем разбіраць, хто мае рацыю.

Тацяна ўсміхнулася, і ў вачах у яе мякка засвяцілася ласкавае захапленне.

— Маладзец...

Ён здзівіўся:

— Чаму — маладзец, Тацяна?

— Ён многа чаго робіць не так, як трэба. Папраўдзе... Я хоць мала разумею ў гэтых справах, але мне здаецца, што не ўсё ў яго правільна. Ён са злосцю ўсё робіць, дадушы, са злосцю...

Зелянюк расказаў ёй падрабязна пра сваю гутарку з Карызнам. Ён і так быў цалкам упэўнены ў сваёй справядлівасці, у мэтазгоднасці таго, за што ён стаяў, але Тацяніна шчырая ўхвала прыемна замацавала ў ім гэтую ўпэўненасць. Тацяна была ў захапленні.

— Як будзе ў вас калектыў, ды калі яшчэ будзе працаваць як след, дык тады ж сорам ужо будзе нам, сівецкім, не мець свайго. Нашто там што, гэта ж мы тады першыя з вашага прыкладу зробім свой калгас.

— Хто гэта — мы?

— Бабы!

I, убачыўшы лёгкую ўсмешку на вуснах у Зеленюка, яна з запалам накінулася на яго:

— Ты не смейся, я тут сур'ёзна кажу. Ты думаеш, у нас не выйдзе? Мы ж не адны бабы пойдзем... Кожная свайго забярэ... Гэтулькі гаспадароў набярэцца, ого! Папраўдзе... Ты не ведаеш нашых баб — яны раз захочуць, дык усё зробяць па-свойму, мужыкі толькі крактаць будуць ды чухаць патыліцу. У нас усе такія бабы сабраліся, што кожная свайго пад запяткам трымае...

Яна нарэшце і сама засмяялася з сваіх апошніх слоў і, троху саромячыся бурнага свайго выбуху, дадала ўжо больш ціхамірна, але з няменшай праканаласцю:

— Я праўду кажу, Зелянюк. У гаспадарцы найчасцей баба перад вядзе, хоць з выгляду здаецда, усім гаспадар кіруе. Яна — так, неўпрыметку, збоку, але скрозь на сваім пастановіць. Можа, каб разумнейшыя былі, дык з баб і зачынаць трэба было ўсю гэту разваруху...

Зелянюк шчыра смяяўся вясёлым, але не крыўдным для Тацяны смехам.

—Ты ўжо, Тацяна, гатова цэлы тут бабскі пераварот зрабіць у Сіўцы?

— А што ж ты думаў...

I Тацяна, распаленая сваім няўёмным бабскім задорам, раптам схапіла Зеленюка за валасы і раскудлычыла іх жорсткай, але разам з тым пяшчотнай рукой. У адказ на гэтую ласку Зелянюк жартам ды шчыра на ўсю сілу сціснуў вышэй за локця яе поўную, крамяную руку, і яна, пачуўшы яго мужчынскую сілу, абвяла і звінулася ў клубочак — пакорная і здаволеная.

Зелянюк устаў і зноў пачаў хадзіць па хаце. Тацяна сачыла за ім ціхімі і чамусьці сумнымі вачмі. Пахадзіўшы так колькі хвілін у маўклівым задуменні, ён зноў падышоў да яе і загаварыў з ёй сур'ёзным даверлівым тонам:

— Ведаеш, Тацяна, што я надумаў... Я, папраўдзе, вялiкую памылку зрабіў, што ўсю ўвагу аддаў сівалапаўскай беднаце. А тут, у Сіўцы, яна і да гэтага часу не арганізаваная... Праўда? Вось... Трэба, значыцца, узяцца тут за яе, пакуль не позна. А пачаць я думаю з таго, што перайду сюды жыць. У Сівалапах абыдуцца і без мяне. Ці так, Тацяна? Як ты думаеш?

Тацяна радасна ажывілася — ёй надзвычайна прыемна было, што Зелянюк ставіцца да яе з шчырай даверлівасцю і нават радзіцца з ёй. Яна гэтую думку яго ўхваліла і тут жа дадала з зычлівай гатоўнасцю:

— Каб Марына Паўлаўна не пераходзіла, дык бы ў нас мог і закватаравацца.

Зелянюк скоса зірнуў на яе і ўсміхнуўся. Ад гэтае ўсмешкі яна густа пачырванела.

—Ты мне во што скажы, Тацяна, дзе, у каго тут найлепш мне асяліцца? Ты ж ведаеш усіх... Добра, каб быў асобны пакой... як там, у Малаха...

Яна хітравата ўсміхнулася:

— У Гвардыяна?

Але зараз жа перайшла на сур'ёзнае і пачала пералічаць сівецкія пяцісценкі. Як памянула Прахора, Зелянюк суняў яе:

— Гэта той, што злы?

— Во-во, той самы...

— Я ў яго спынюся. Дзе ён жыве? Ведаеш што, Тацяначка? Давай мы сходзім да яго. Зараз... Добра? Ты мне пакажаш, дзе ён жыве...