Выбрать главу

Яна рада была пайсці з ім, але ўдавала, што лянуецца.

— Ой, прыйдзецца падымаць старыя косці...

I цяжка, па-старэчаму ўстаючы з прыпечка, яна кінула на Зеленюка малады гарэзлівы погляд. Тады ён схапіў яе аберуч і адным махам перанёс на падлогу. Яна на момант з млявай падатнасцю затрымалася ў яго ў абнімках і, зазіраючы ў твар яму гарачымі прамяністымі вачмі, прашаптала:

— У, які дужы! Дармо што гарадскі...

I абое весела засмяяліся.

Знадворку Прахорава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Але досыць было пераступіць цераз парог, каб адразу знікла гэтае ўражанне, бо ўсярэдзіне хата нагадвала даўнейшую курніцу: чорная земляная падлога, брудны і таксама чорны на ўсю хату пол, на якім упокат спала ўжо немалая Прахорава сям'я, пад палом — парасяты, пад печкай — куры.

Ступіўшы ў хату, Зелянюк з несхаваным неўразуменнем зірнуў на Тацяну, думаючы, ці не састроіла яна над ім нейкі жарт, але яна заспакойліва кіўнула яму галавой.

— Добры вечар, дзядзька Прахор!

Прахор сядзеў на калодцы ля пола і пры святле ўбогай газовачкі, якую зазвычай завуць «смаркачыкам», падплятаў атопак. Як убачыў чужых людзей, а злашча гарадскога брыгадзіра, ён шыбчэй завінуўся каля атопка, і белыя хваравітыя вусны яго ледзь прыкметна задрыжалі.

— Добры вечар, добры вечар... Заходзьце, калі ласка...

Ён вітаў такім тонам, за якім чуваць было прыблізна такое:

— А, ну-ну, пабачым, чаго вас прынесла... Нас не абдурыце дужа, мы самі сёе-тое кумекаем...

Зелянюк прайшоў наперад і сеў ля стала на лаўку, а Тацяна асталася стаяць ля парога. Зелянюк пачаў:

— Што ж гэта вы, дзядзька Прахор, лапаць падплятаеце, ды яшчэ атопак. Трэба боты насіць...

Прахору толькі гэтага і трэба было. Яго твар хваравіта скрывіўся, і вусны расцягнуліся ў едкую грымасу, паказаўшы белыя злосна-бліскучыя зубы.

— А хто ж мне даў тыя боты, скажыце вы мне? Я ўжо даўно, ужо пяты дзесятак гадоў чакаю, каб гэта хто прыйшоў вось, як вы, ды і сказаў: «Дзядзька Прахор, ты цэлы век свій працуеш, корміш і сябе і другіх, а не бачыш у жыцці ніякай прасветласці. На табе, братачка, за гэта гамбурскія боты з шчыгрэневымі халявамі. На лепшае прабачай, дзядзька Прахор, іншым разам...»

Ён на момант суняўся і запішчаў потым працятым дзікаю злосцю рэзкім, скігатлівым голасам:

— Не ідуць, ліха на іх! Не прыносяць! Праўда, што прыходзяць часам, але па іншае...

I, скончыўшы мнагазначнай паўзай, ён з прагавітай лютасцю хапіўся за няшчасны атопак.

Зелянюк з пільнай увагай глядзеў на яго і тонка ўсміхаўся:

— А ці спрабавалі вы, дзядзька Прахор, самі хадзіць па гэтыя боты?

— Хадзіў... Чаму не хадзіў? Пяць год хадзіў, пяць гадочкаў... I з царом хадзіў і на цара... Далі... во сюды, во...

I ён у сутаргавым парыванні торкаў сябе кулаком у бок, паказваючы, пэўна, на месца атрыманае калісьці раны.

— Слухайце, дзядзька Прахор, а Гвардыян ці ў ботах ходзіць?

— Гвардыян? Што Гвардыян? Гвардыян усіх не набуе.

— А Кандрацёнак?

— I Кандрацёнак.

— А Сахацкі?

— I Сахацкі...

Тацяна, стоячы ля ларога, уставіла паціху, з удаванай безуважнасцю:

— Сахацкі пэўна што не набуе. Але дзядзька Прахор Сахацкага дый бадай што набуў у добрыя боты? Ці мала некалі папарабіў на яго...

Гэты напамінак уцяў Прахора ў самае балючае месца, і ён, кінуўшы ўсякую палітыку, закрычаў раптам, як ашпараны:

— Што вы мне торкаеце іх? Што вы мне іх прыкладаеце? Яны мо палавіну жыцця ў мяне адабралі... Яны кроў маю пілі... Яны ў маіх ботах ходзяць... Яны ўсе ў маіх ботах ходзяць! Што яны? Гэта — зладзеі! Разбойнікі!

— Так іх, так, дзядзька Прахор!

I распацешаны Зелянюк не мог стрымаць мімавольнага смеху. У яго ўжо склалася наконт Прахора пэўная думка:

«Трэба будзе як след узяцца за яго. Трэба закілзаць гэтую яго універсальную злосць, адкрыць ёй правільны шлях, і яна, як раз'юшаныя ў бязладным імпэце рачныя парогі, можа абярнуцца ў здаровую дзейную сілу».

Ён перамяніў гамонку, падышоў бліжэй да справы.

— Што ў вас там, дзядзька Прахор, у той палавіне?

Прахор зноў настаражыўся.

— Як — што? Хата!

— Ці вы не жывіцё ў ен?

Прахор скрывіўся ў горкай грымасе агіднага рабскага самазгнібення.

— Дзе ўжо нам раскашавацца! Не прывыкшы мы да чыстага жыцця. Мужыкі былі, мужыкі ёсць, мужыкі і будзем... Мужык — што свіння, яму ў гразі здаравей.

— Нашто ж вы яе будавалі?

Ён паспрабаваў выкруціцца:

— Гэта ж не я будаваў. Майстры будавалі.