— Але ж па вашым плане?
Прахор троху памуляўся і злосна агрызнуўся:
— А ці мне ўжо, апошняму чалавеку, дык нічога і зрабіць па-людску няможна?
Зелянюк яшчэ раз уважна азірнуў чорную Прахораву хату, і па спіне ў яго прабегла ледзяная дрыготка. Ён цяпер толькі ўгледзеў, што ў хаце дужа многа дзяцей, але яны так замяшаліся ў агульным брудзе, што іх зусім не відаць было, як тараканаў у чорных шчылінах сцяны. Адно гарэлі жвавым агнём цікавыя палахлівыя вочы.
— Дзецям тут нядобра, дзядзька Прахор. Дзецям больш прасторы трэба, больш чыстаты...
Прахор дзіка зарагатаў:
— О-го-го!.. Аб гэтым жывы будуць, ліха не возьме. Раздуры іх, дык яшчэ, чаго добрага, пазахочуць у ботах хадзіць!
З гэтых слоў павеяла на Зелянюка едкай, задушлівай тхлінай сялянскае псіхікі, атручанае гангрэнознаю гніллю старога ладу, і ў яго сціснулася сэрца з жалю і агіды.
На запытанне, ці пусціць да сябе на кватэру, Прахор адказаў з сцеражлівай стрыманасцю:
— Чаму ж не... Што мне, шкода, ці што?
Але зараз жа дадаў, каб загладзіць сваію мімавольную стрыманасць:
— Можа, не ўпадабаецца вам? Ведама, мужыцкая хата. Трэба перш паглядзець, а тады ўжо — ці тое, ці сёе.
Зеленюку здалося, нібы ў гэтых апошніх словах Прахоравых прагучалі ноткі самадавольнай упэўненасці, дзіўна нестасоўныя да яго характару. Гэта Зеленюка зацікавіла.
Тым часам Прахор запаліў большую лямпу і асцярожна, з набожнай пашанай адчыніў дзверы ў другую палавіну хаты.
— Ну, глядзіце сабе, як вам — упадабаецца ці не ўпадабаецца.
Зелянюк пераступіў цераз парог і шырока расплюшчыў вочы ад здзіўлення. Тут была абсалютна чыстая, старанна прыбраная святліца — рэзкі кантраст з чорнаю палавінаю хаты. Тут стаялі шафа, вялікі куфар, засланы белым абрусам стол і нават некалькі крэслаў. У кутку грамоздна асеў велізарны, нязграбны ложак з грудам падушак, пэўна нечапаны акурат з таго часу, як яго тут паставілі. Сцены і падлога блішчалі няўкорнай чыстатой, на вокнах віселі з выразанай паперы фіранкі.
Гэта было не багацце, гэта было проста, як казаў сам Прахор, «па-людску». I ў гэты час ён сам з усёй сям'ёй, з усім незлічоным дзяцьвішчам туліўся ў бруднай яміне, разам з курмі, з парасятамі, без святла, без вольнага паветра!
Што гэта: псіхоз, вар’яцтва ці самая простая, самая звычайная «традыцыйная» мужычая дурнота?
Прахор бачыў ягонае здзіўленне і, каб падмацаваць яго, гаварыў з фальшывай падлыжнай сціпласцю, хаваючы за ёй сваё здаволенне:
— Ведама, мужыцкая хата. Вы там прывыклі іначай, па-гарадскому...
Зелянюк сказаў, што хата яму цалком падабаецца і што ён пяройдзе ў яе. На гэтым і скончылі яны сваю гутарку.
Выйшаўшы на вуліцу, Зелянюк вольна ўздыхнуў, нібы вырваўся з праклятае пасткі.
Тацяна троху насмешліва запытала:
— Ну як?
Але ён не адказаў, бо не чуў яе запытання — быў глыбока захоплены сваімі думкамі. Прайшоўшы так моўчкі крокаў з пятнаццаць, ён раптам суняўся, схапіў Тацяну за руку і, блізка нахіліўшыся да яе, загаварыў з гарачкавай парыўчатасцю:
— Ну скажы ты мне, Тацяна, няўжо ты не чуеш, не пачула тут, у гэтай яміне, што трэба перавярнуць гэта ўсё, ператрэсці так, каб пад самае неба ўзняліся хмары чорнага атрутнага пылу? Каб скаланулася ўсё да самага грунту, во!..
I ён, сутаргава сціснуўшы кулакі, выставіў іх наперад, нібы хацеў ужо зараз, доўга не чакаючы, скалануць гэтае «ўсё». Але ўраз стрымаў сябе і гаварыў далей больш спакойна:
— Тацяна, так жа не можа быць, разумееш ты гэта ці не? Гэта ж дзікі жах, гэта — абраза людскасці. Мы ж трапілі былі з табой зараз — ведаеш куды? — у глыбіню цэлых стагоддзяў, у жудасную глуш сярэднявечча. Так жа людзі жылі трыста год таму, калі не больш...
Тацяна мякка перапыніла яго:
— Так жыве ў нас мо больш як палавіна гаспадароў... Але ж ён сам не хоча — мае гэткую добрую хату, а таўчэцца ў гразі...
Зелянюк зноў распаліўся:
— Дык жа аб гэтым і справа, Тацяначка, што не хоча! Не ўмее хацець, адвучылі яго хацець... За тое ж і ваюем мы, і б'ёмся за тое, каб ён захацеў лепшага жыцця і пайшоў да яго. I дарогу яму паказваем, і вядзём яго...
— А ён упінаецца?
— Часам упінаецца, а часам трымаюць яго... А яшчэ трапляюцца і такія няўдалыя правадыры, што замест — паказаць дарогу, штурхаюць у каршэнь... Гэта немінуча, Тацяна, без перашкод не абыдземся. Бо ідзём жа мы ўцэла, першы след кладзём. Але дойдзем, усё роўна дойдзем! Сілы нам не пазычáць, і сілы, і энергіі — гэтага хопіць! Праўда, Тацяна? Адно трэба ведаць цвёрда, што дарогу ўзялі пэўную...
Тацяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы:
— Нашто верыць, калі можна знаць...