Зелянюк гучна, на ўсю вуліцу зарагатаў:
— Ах ты, шальмінка! Ты помніш? Дык жа хай будзе так: і тое, і другое. Каб верыць — трэба знаць, а каб знаць — трэба верыць. Папраўдзе... Гэта нібы як жарт, а тым часам у жыцці скрозь так бывае...
Яны падыходзілі ўжо пад Тацяніну хату. Зелянюк узяў яе падпашку і, пахіліўшыся да самага яе вуха, з лёгкім смяшком запрыгаў:
— Дык ты помніш, Тацяна, той вечар?
— Чаму ж не помню... Добра помню...
I ў яе цягучым задуменным голасе Зелянюк пачуў ноткі незразумелага смутку.
— А помніш, як ты прасіла табе растлумачыць?
Яна, можа, і помніла добра, але хацелася ёй пачуць гэта з вуснаў Зеленюка, і таму яна запытала:
— Як?
— «Там гавораць усім, а ты так скажы, каб усё мне адной...»
Тацяна засмяялася ціхім шчаслівым смехам. Потым уздыхнула і прашаптала з балеснай, чыста жаночай турботай:
— Каб толькі ўсё на добрае пайшло...
I ў гэтых яе простых, нямудрых словах чуваць была поўная вера ў тое, пра што гаварыў ёй Зелянюк і за чым пайшла яна рашуча, беспаваротна.
На развітанне ён так, як тады, у той вечар, цёпла, па-сяброўску абняў яе, і, як тады, яна з хвіліну стаяла на месцы і глядзела яму ўслед — збянтэжаная і радасная.
Як ужо не чуваць стала яго размашыстых крокаў, Тацяна крыкнула ў цемру:
— Да Прахора не пойдзеш?
I з цемры прыляцеў вясёлы ўпэўнены голас:
— Абавязкова пайду!
Галілей пяе.
Дзіўна, незвычайна пяе Галілей. Ён пяе зусім не так, як пяюць за працай усе добрыя людзі: муркаюць сабе пад нос невыразна, лагодна, доўга. Галілей, калі раптам з'яўляецца ў яго патрэба запець, кідае сваю работу, становіцца нерухома і роўна, як на варце, летуценна ўзіраецца ў якую-небудзь кропку і старанна выводзіць тоненькім птушыным галаском адзін — заўсёды толькі адзін куплет. Потым, радасна страпянуўшыся, бярэцца з новай энергіяй за працу.
Галілей пяе, як певень. I, як у пеўня, заўсёды адзін у яго музыкальны матыў — аднастайны і дзікі, мабыць, падобны да прымітыўнага спеву першабыгнага чалавека. Затое словы заўсёды розныя. Словы ў Галілея свае — складныя і страшныя: інакшых ён не пяе. Яны рэзка дысануюць з ціхамірным слабенькім яго галаском і, мабыць, якраз гэтым смелым сваім дысанансам пацяшаюць Галілея, кампенсуючы заўсёдашнюю жыццёвую ціхасць яго і палахлівасць.
Галілей пяе надзвычайна рэдка, толькі ў хвіліны найяснейшых вышуканняў свайго дапытлівага розуму, у хвіліны, калі цалкам бывае сабою задаволены. У такія хвіліны Босы ўстрывожана вылазіць з свайго механізаванага логава, задуменна ўзіраецца ў гаспадара і з сумным здзіўленнем слухае, як выспеўвае той недарэчныя, нават для яго сабачага вуха неабыклыя словы:
Завыць Босы не ўпраўляецца, бо гаспадар заўсёды абмяжоўваецца адным кароткім куплетам.
Галілей пяе таму, што ніхто не чуе яго: гэта ваяўнічы гімн яго творчае самоты. І каб ён раптам даведаўся, што хто-небудзь падслухаў яго, пэўна, зрабіў бы, як у тысяча дзевяцьсот адзінаццатым годзе, мажджэру, набіў бы яе поўную порахам і распарашыў ба сябе на ўсе чатыры бакі, як калісьці свае два няшчасныя пальцы.
Не перажыў бы стары гэткага сораму...
Галілей пяе цяпер таму, што робіць важную і цікавую рэч, якую трымае ў найвялікшай таямніцы, пра якую не ведае ніводзін чалавек у свеце, нават Марына Паўлаўна. Каб які дападлівы выведнік і зазірнуў нават у яго мізэрную хацёнку, дык і то б нічога не ўцяміў. Адно б зразумеў, што замыслена тут нешта грандыёзнае, бо ўся хата старога майстра завалена была розным начыннем і матэрыяламі: тут было і дрэва, і гліна, і жалеза, і пясок, і салома — адным словам, усё, што толькі можна было знайсці на нялішне збытнай у натуральных багаццях сівецкай тэрыторыі.
«Цыркулярная» бяздымная печка стаяла занядбаная, загрузлая ў нетрах сумненняў аб лёсе свайго жыцця ці смерці.
Захоппены новаю працай, Галілей праз цэлыя дні не вылазіў з свае хацёнкі. Сваю ўбогую страву гатаваў ён на адумыславым апараце, які выяўляў з сябе надзвычай складаны механізм і мог апальвацца ўсімі гатункамі апалу, пачынаючы ад газы і канчаючы саломай.
Працэс гатававня яды быў укладзены ў строгую сістэму і па магчымасці механізаваны.
Так, напрыклад, у яго былі асобныя, досыць мудроныя прылады мыць крупы, лупіць бульбу, крышыць буракі ды інш. На дробныя паслугі — што-небудзь падаць, патрымаць, вынесці смецце на двор — ён карыстаў Босага. Босы наогул з усіх заняткаў гаспадаровых найбольш паважаў гатаванне абеду, і, ці толькі бразне Галілей сваім дзіўным апаратам, спраўны кухцік ураз станавіўся на месца, з глыбакадумным выразам морды сачыў ён за кожным рухам гаспадара і чакаў першага даручэння, каб справіць яго з узорнай стараннасцю і акуратнасцю. Праўда, цяжка сказаць, што яго больш цікавіла: ці працэс гатавання яды, ці яго вынікі.