Выбрать главу

Унадзіўся яшчэ стары Галілей хадзіць на бабскія сходы, ды і так, што — хай там хоць якая пільная справа — кіне ўсе, а сходу бабскага не праміне. Зазвычай ён з усяе публікі быў там адзін, хоць і стары, а ўсё-ткі мужчына, і вясёлыя бабы бязлітасна скарыстоўвалі яго для сваіх, часам досыць фрывольных, жартаў. Ён не адбрэхваўся, не смяяўся, але і не саромеўся — глядзеў на іх з дзелавітаю строгасцю і некаторых, не лішне смелых, гэтай строгасцю нават адпужваў.

Смешны стары Галілей! Што яму трэба было на гэтых бабскіх сходах? Што ён меў там здабыць у тлумных, бязладных крыках жанчын, асалапелых ад раптоўнага, яшчэ для саміх іх няўцямнага выйсця ў грамадскасць, разлютаваных позна ўсвядомленымі нягодамі марна страчанага жыцця?

Казаў аднойчы Галілей у інтымнай гутарцы сваёй з аптэкарам Плаксам:

— Калі хочаш ведаць, што думае мужчына, дык пагамані з бабай.

Але наўдачу, каб кіраваўся ён гэтай хоць і слушнай, але зняважлівай для жанчыны ісцінай. Мабыць, больш прыцягвала яго бабская грамада з боку загадкавае жыццёвае «тэхнікі», бо ўбачыў ён тут нешта такое, што без меры здзівіла яго і да чаго доўгі час прызіраўся ён з падазронаю неймавернасцю. Ён убачыў, што жанчыны ў справе перабудовы жыцця, якая цеперся ўжо стукае ў глухія дзверы абымшэлага сівецкага быту, куды перагналі мужчын — перш няўёмна-злосным сваім абурэннем, а тады і здаровай разважлівасцю ды актыўнасцю.

Сапраўды, невялічкі жаночы гурток, які з Зеленюковае прапазіцыі сяк-так збіла была Тацяна і ў які перш увайшлі былі адно «нікчэмныя» з погляду пануючай сівецкай апініі жанчыны, з цягам часу акрыяў, разросся і ад пустога бабскага ляманту перайшоў да станоўчае сістэматычнае працы. І ў той час, як большасць сівецкіх гаспадароў з тупой упартасцю чакала пракламаванага кулацкай хеўрай «загаду», у жаночым гуртку абмяркоўваліся канкрэтныя пытанні калгаснага будаўніцтва і нават вяліся сякія-такія падрыхтоўкі па жаночай лініі да вясновых работ у калгасе, хоць калгаса самога яшчэ не было.

Асяродкам усяго жаночага руху былі тры жанчыны, глыбока розныя адна ад аднае і дзівосна прыдатныя адна да аднае ў рабоце: Тацяна, Марына Паўлаўна і Вера Засуліч. Вясёлая, бязрупатная Тацяна была душой гуртка, яго настроем, яго эмацыянальнай імкнёнасцю, тым часам як Марына Паўлаўна — ціхая, стрыманая — амаль неўзаметку і несвядома праз нявідныя прахоны пералівала ў дружную бабскую грамаду свій здушаны гадамі чорнай самоты боль, паглыбляючы яшчэ няпэўнае рэчышча бабскіх імкненняў. Шчырая, спраўная і палітычна чулая Вера Засуліч заўсёды ўпарỳ і дарэчы давала трапныя палітычныя фармулёўкі, якія акрэслівалі кірунак работы.

У прыватным жыцці Тацяна з Марынай Паўлаўнай былыя неразлучныя сяброўкі, а з Верай Засуліч не мелі нічога супольнага: Марына Паўлаўна праз доўгі час ненавідзела Веру, а Тацяна яе не любіла.

Галілей бачыў, як з кожным днём ажывала Марына Паўлаўна, і гэта давала яму вялікую радасць. Ён чуў, што не па доўгім часе — невядома, якім чынам, але мусіць развязацца яе цяжкая жыццёвая праблема, над якой і ён калісьці марна ламаў галаву.

Цяпер ён не ўтыкаўся ў справу, а моўчкі прыглядаўся і чакаў.

Прачуванне яго спраўдзілася. Яшчэ ў той дзень, як рабіў ён сваю дзівачную экспедыцыю і, застрагшы ў Якуба Лакоты, нават спазніўся на сход жаночага гуртка, чаго з ім ніколі яшчэ не траплялася, Марына Паўлаўна па канцы сходу падышла да яго і сказала:

— Заўтра, дзядзька Ахрэм, я пайду ад Карызны. Зусім ужо... Буду жыць адна... у Тацяны.

Голас у яе быў зусім спакойны, але ў вачах стаяла дзіўнае неўразуменне, нібы яна сама яшчэ не магла даць веры таму, што гаворыць.

Галілей затупаў у радасным здаволенні, але прыгледзеўся ў вочы ў яе i сумеўся — разгублены, шукаў, каб сказаць што, ды не знаходзіў.

— Кхе-кхе... ага... трэба памеркаваць... ага...

Яна ласкава ўсміхнулася.

— Няма чаго ўжо меркаваць, дзядзька Ахрэм. Усё ўжо абдумана і перадумана. Прыйшло да канца — іначай няможна...

Яна заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца, і дагадалася:

— Ён не ведае яшчэ нічога. Гэта я сама наважыла, ён мне ні слова пра гэта не гаварыў.

Галілей усё не мог натрапіць на падходныя да гэтага моманту словы, і тады Марына Паўлаўна сама запытала яго:

— Ці добра я раблю, дзядзька Ахрэм? Вы ж ведаеце ўсё, я ж нікому, апроч вас, бадай, і не гаварыла пра гэта, пра наша...