Выбрать главу

Шчырыя чулыя ноткі ў яе голасе канчаткова збянтэжылі яго, і ён, замест — адказаць, недарэчы запытаўся:

— А калі... ага... калі вы...

— Калі пайду? Заўтра ўранні... Апошні раз выпраўлю яго на працу...

I яна зноў вярнулася да свайго:

— Я не ведаю... Здаецца, усё я абдумала, абмеркавала... Усё нібы паказвае на тое, што так трэба зрабіць... А можа, не? Можа, дрэнна так будзе?.. Я не пра сябе... Нават не пра яго... Я не ведаю, як будзе дачцэ...

Галілей нарэшце прывёў да ладу свае спалашоныя думкі і сказаў з рэдкаю для яго цвердасцю і катэгарычнасцю:

— Так трэба... Так усім будзе лепей...

Марына Паўлаўна адразу павесялела і ўжо інакшым тонам, як звычайную цікавую навіну, паведаміла яму:

— Гэтымі днямі я гаварыла з ёй... Пра ўсё... Мне здалося, што яна добрая дзяўчына...

I толькі цяпер у гэтай шчырай і цяжкой для яе хвале вылілася ўся горкасць, уся ахвярнасць учынку Марыны Паўлаўны.

Галілей раптам страпянуўся і, узрушаны, загаварыў горача, амаль непакрыўджана:

— Яна нядобрая... ага... нядобрая яна...

Марына Паўлаўна здзіўлена паглядзела на яго:

— Чаму? Дзядзька Ахрэм... Чаму вы так кажаце?..

Але стары толькі трос барадой у дзіўным, мабыць, зусім беспрычынным абурэнні і не адказваў нічога. Марына Паўлаўна ўспомніла блізка, што гэткія самыя словы Тацяны, і зусім шчыра здзівілася: чаму яны абое не любяць Веры Засуліч?

Праз усю тую ноч Босаму не давялося і вокам звесці: не даваў спаць яго ўшчэнт разматлашаны гаспадар. Усё нечага мітусіўся — то ўзнімаецца на палацях, комчыцца там, пад столлю, крэкча, варочаецца, то раптам таргане за вяровачку, спусціцца долу, увамкне святло (тады гарэла яшчэ электрычнасць), зачне бегаць як шалёны па хаце. Пасля схопіць карандаш, піша нешта, рысуе, потым кіне — зноў бегае, зноў узнімаецца пад столь, каб праз колькі хвілін спусціцца назад. Босы пачынаў турбавацца. Праўда, яму не ўпершыню было бачыць падобную мітусяніну гаспадара — пасля яе звычайна ў яго сабачым жыцці наставалі цяжкія дні, у якія ямумдаводзілася карміцца сухой скарынкай. Але ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм.

Босы меў рацыю. Але ён не ведаў таго, што ў Галілеевым нутры, у якім звычайна магло мясціцца толькі адно якое-небудзь захапленне, у гэтую ноч білася два, як два крылы розных, ды роўна непакойных птушак: сёння стары мудрагель дапяў нарэшце даўно, з упартай патугай шуканага «мудронага слова», і сёння ж даведаўся ён пра развязанне жыццёвае праблемы Марыны Паўлаўны, над якой пакутаваў ён бадай не менш за яе самую.

Назаўтрага, ці толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. З кухні ў пакоі дзверы былі адчынены, і Галілей адразу ўбачыў Марыну Паўлаўну: яна па свайму аблюбёнаму звычаю стаяла ўкленчыўшы на канапе і глядзела ў абмёрзлае, непранікальнае для вока акно. На хаце ляжалі нарыхтаваныя клумкі.

Галілей асцярожна кашлянуў, і Марына Паўлаўна, здрыгануўшыся, абярнулася да яго:

— А... гэта вы, дзядзька Ахрэм?.. Я ўжо і сабралася зусім, але вось нешта стала, задумалася.

Яна саскочыла з канапы і стала мітусіцца па хаце, збіраючы астатнія рэчы. Яна ўся была ва ўладзе тае трывожнае разгубленасці, што бывае звычайна пры выездзе ў далёкую дарогу.

Раз-пораз яна няўцямна спынялася перад якой-небудзь рэччу і беспарадна пытала ў Галілея, ці трэба яе браць, ці не. Галілей у адказ мармытаў нешта невыразнае, і Марына Паўлаўна супакойвалася, упэўненая, што Галілей сапраўды развязаў яе неўразуменне.

Напаследак спынілася яна перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго доччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе, моцна сашчаміўшы дрыжачыя вусны. У вачах яе Галілей убачыў слёзы, і гэта ўвяло яго ў страшэннае замяшанне: ён дужа баяўся людскога плачу. Адылі Марына Паўлаўна не заплакала. Жаль яе змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут доччыну картку, ці ўзяць з сабой. Яна некалькі разоў станавіла яе на стол, брала назад, зноў станавіла. Нарэшце запытала Галілея:

— Дзядзька Ахрэм! Ці браць гэту картку? Мо лепей пакінуць яму?

Галілей першы і адзіны раз адказаў цалкам выразна і з перакананнем:

— Пакіньце... ага... пакіньце тут... хай ён глядзіць на яе...

I невядома, ці была ў гэтых апошніх Галілеевых словах злосная і мсцівая пагроза, ці спачуванне да чалавека.

— Ну, здаецца, усё...

I Марына Паўлаўна стала сярод хаты, недалужна расставіўшы рукі,— змораная, бяссільная, прыгбаная. Яна была ў гэтую хвіліну зусім старая, нібы адзін гэты дзень усклаў ёй на плечы лішні дзесятак гадоў. Яна так доўга стаяла — нязмога, відаць, была скрануцца, зрабіць першы крок за дзверы старога, гадамі ўгрэтага гнязда. Нарэшце схілілася — паволі, безуладна, як самнамбулка,— і ўзялася за першы, які трапіў пад руку, клумак.