Збянтэжаны Галілей тупаў каля Тацяны, сморгаў яе чамусьці за локаць і ўгаварваў:
— Гэта, Тацяначка, добрыя слёзы... ага... Хай плача, Тацяначка, хай плача... гэта добра...
Тацяна тым часам паказвала яму на мігі, каб ён пайшоў, кінуў іх адных, і ён, зразумеўшы нарэшце, аб чым тут клопат, кумільгам паляцеў да дзвярэй і выбег з хаты з такой паспешнасцю, нібы кожная секунда ягонае прысутнасці тут магла выклікаць страшэнную катастрофу.
Аптэкар Плакс яшчэ так гаварыў пра людзей: чалавек — што гузік. Ён тады толькі добра сябе адчувае, калі да чаго-небудзь прышыты. Гэта мудрае азначэнне сівецкага філосафа-мізантропа бадай спраўдзілася было на Марыне Паўлаўне. Адарваная ад старое, утульнае, але скрозь прадзіраўленае ўжо лахманіны сямейнага шчасця, яна пэўна б змарнела дашчэнту ў сваёй бяздзейнай і бясплоднай адзіноце, каб не «прышылася» да новае — крэпкае, здаровае справы.
У сапраўдным жыцці, а злашча ў раманах мы бачым безліч выпадкаў, калі чалавек пад уплывам сваіх асабістых перажыванняў з рэдкаю самаадданасцю ўдаецца ў агульныя інтарэсы грамадства ці, праўдзівей, пэўнае яго часткі і ў змаганні за іх робіць нават ці мала геройскіх учынкаў. Гэта бадай абярнулася ўжо ў стары зашмальцаваны трафарэт. Але, мне здаецца, ані не страцілі і ніколі не страцяць свае глыбокае цікавасці тыя таемныя, кожны раз новыя, своеасаблівыя шляхі, па якіх ідзе чалавек ад вузка асабістых сваіх разломаў да поўнага расчынення сябе ў калектыве.
Марына Паўлаўна, пэўная рэч, ніякіх геройскіх учынкаў не рабіла — яна выконвала маленькую, нязначную ролю стараннае карпатлівае мурашкі, якая праз усё жыццё сваё, можа, тым толькі і пакажа сябе, што прыцягне ў мурашнік мізэрную жменьку ігліцы. Але гэту сваю мурашкавую працу рабіла Марына Паўлаўна з бясспрэчнаю самаадданасцю і ўвайшла ў яе менавіта праз доўгія цяжкія свае цярпенні.
Марына Паўлаўна пайшла ў грамаду ад свае самоты: у тлумным бабскім гармідары яна прагла развеяць здушаную атмасферу сваіх перажыванняў. I калі яна сапраўды знайшла сабе там нейкае хоць спачатку і слабенькае зусім спацяшэнне, яна палюбіла гэты гармідар, прывязалася да яго, пачала жыць яго агульнымі інтарэсамі, што ўжо памалу ляпіліся з прынесеных кожнай дробыых цаглінак спрадвечнае бабскае крыўды. Што далей, то ўсё глыбей урастала яна ў свой новы калектыў, бо ўсё больш залежнай ад яго рабілася яе душэўная раўнавага, і нарэшце, перарваўшы апошнія спарахнелыя ніткі шлюбнае сувязі, цалкам перанесла ў калектыў і сваё шчасце, і свае клопаты. Перш гэта, вядомая рэч, была простая дружба пакрыўджаных доляй жанчын, звязаных амаль аднакавымі жыццёвымі сітуацыямі, але адсюль ужо быў адзін крок да ўшчаплення ва ўсю сістэму новай грамадскасці, у якой – гэта выяўна чула Марына Паўлаўна – была нейкая яшчэ няясная ёй, але спадзейная гарантыя ўсіхнага шчасця.
Справу калектывізацыі Марына Паўлаўна прыняла была як нешта законнае, патрэбнае, немінучае яшчэ тады, як жыла ў Карызны. У гэтым, мабыць, у астатні раз выявілася была яе пакорная безапеляцыйная даверлівасць да мужа, яе поўная адданасць жыццёвым мужавым інтарэсам. Бо яна ж прыняла так была калектывізацыю не таму, што ўвайшла ў яе глыбокую сутнасць, а выключна таму, што гэтым жыў яе муж, што так глядзеў ён на гэта. I толькі тады, як насмелілася яна ступіць самастойным крокам у жыццёвую цаліну, калі палахліва, вагаючыся, збочыла нарэшце з жыццёвае пуціны Сымона Карызны, тады пачала яна напаўняць жывым цялесным зместам узятую ад мужа гатовую формулу. I ў гэтую формулу ўлілося тады ўсё перажытае ёй, перадуманае, перацерпленае, насыціла яе жывою гарачаю кроўю.
У Марыны Паўлаўны вырасла, такім чынам, цвердая, непарушаная ўпэўненасць, што тая цудоўная вялікая змена жыцця, якую нясе калектывізацыя, зменіць на лепшае і няшчасную жаночую долю.
Жыццё навучыла яе быць напружана-пільнай і чулай – яна з дзіўнай празарлівасцю адгадвала ў сваіх таварышак самы трагічны, самы таемны боль, пяшчотна, але рашуча даставала яго напаверх і праз гэты боль давала пачуць гаючае святло новае будучыні.
Гэта была найлепшая, найглыбейшая прапаганда.
Так працавалі яны плячо ў плячо з разводкай Тацянай — тая вясёлым жартам, смелым бадзёрым настроем, а Марына Паўлаўна пяшчотным дотыкам да балючых незагоеных ран — і памалу, але станоўча збівалі навокал сябе дружны жаночы актыў, насычаны троху бязладнай яшчэ, але дзейнай энергіяй. Ім памагала нязменна шчырая, спраўная і старанная Вера Засуліч, а таксама не спускаў іх ніколі з вока і Зелянюк, заўсёды гатовы даць патрэбную дапамогу.
За якіх колькі дзён па асяленні Марыны Паўлаўны ў Тацянінай хаце ад яе смутнага няпэўнага настрою не засталося і следу.