Выбрать главу

Выглядае бокам, адной палавінай, як месяц з-за хмар, усмешлівы твар Тацяны — таксама далёка, унікліва, і толькі ўдаецца згледзець Марыне Паўлаўне, што ўсмешка ў яе халодная і безуважная, нібы застылая на марозе.

Нават дачка — родная дарагая дачушка! — і яна мігціць толькі здалёку — маленькая зусім, як гадоў дзесяць таму, недалужная і так непрыемна падобная да іншых дзяцей, нібы падмененая. Беднае, пакрыўджанае дзіця!..

Выблісквае раптам у нечаканай яснасці прыгожы твар з чыстымі, поўнымі слёз вачмі. Марына Паўлаўна напружана, жорстка ўзіраецца ў яго і з злосным здаволеннем бачыць, што слёз няма ўжо, яны сцяклі з вачэй брыднымі ручаямі, і забруджаны імі твар хваравіта крывіцца, робіцца непрыгожы, агідны.

О, як ненавідзіць яна гэтую мілую шчырую дзяўчыну, якую цяпер, вось у гэту хвіліну, мабыць, цалуе Карызна, захоплены яе светлым хараством і анёльскай бязвіннасцю!

Скаланутая бурным прылівам нянавісці, Марына Паўлаўна варочаецца да прытомнасці і, усвядоміўшы праўдзівы агідны сэнс свайго новага пачуцця, з усіх сіл стараецца здушыць яго ў сабе.

— Гэта — зайздрасць. Паскудная, дзікая зайздрасць. Яна ж добрая, яна не вінавата...

Але гэтыя ўгаворы падліваюць масла ў агонь — нянавісць разгараецца, ахапляе ўсю істоту, затуляе вочы чорным сляпучым дымам, у якім пачварна крывіцца, скача ненавісны твар, даючы хваравітую асалоду сваімі агіднымі мардаваннямі.

— Гэта — зайздрасць. Сорамна... Дзіка... Паганае, брыдкае пачуццё...

Нянавісць расце, шырэе, запаўняе ўсё нутро, выліваецца праз берагі і залівае пакой, усё, усё чыста, увесь свет. Побач з расшкуматаным вобразам Веры курчыцца ў недалужных грымасах твар Сымона Карызны — яна ненавідзіць яго не менш, як яе,— здрадніка, ашуканца, згубніка,— яна іх абаіх рада б звесці са свету.

Марына Паўлаўна, апанаваная непераможным пачуццём, зрываецца з канапы і пачынае гарачкава кідацца па пакоі, не знаходзячы сабе месца. У яе з'яўляецца цёмная, невыразная, але страшэнна настойная думка пра помсту. Гэтая думка краем чапляецца за другую — за думку пра самагубства, пра традыцыйную помсту пакінутай жанчыны.

— Атруціць ім жыццё... Запляміць давеку іхняе звярынае сумленне.

I яна ўжо азіраецца па хаце, шукаючы якога спосабу, каб зараз жа спраўдзіць свой вар'яцкі замер, кідаецца да стала, дзе часам ляжыць Карызнаў рэвальвер, і, натрапіўшы на фатаграфію дачкі, валіцца перад ёй на калені і агалашае пакой голасным, прарэзлівым плачам.

Гэта быў у Марыны Паўлаўны першы выбух салраўднае жаночае зайздрасці, які даў ёй больш душэўнай мукі, чымся ўсе яе доўгія ціхія цярпенні.

Гэта быў і апошні выбух.

I зноў — цягучая слабасць, шчымлівая журба, непазбыўная крыўда пакінутае ў жорсткай самоце істоты.

Хоць бы адзін чалавек! Хоць бы сказаць каму некалькі слоў, усяго некалькі слоў! Так жа хочацца выліць каму-небудзь свой нязносны боль, паказаць яго каму-небудзь!

Яна сядае за стол, нервова хапае кавалак паперы, асадку і паспешна, хапаючыся, піша ліст:

«Дарагая мая дачушка!

Я маўчала дасюль, не казала табе ні слова, бо не хацела цябе турбаваць, баялася, каб не зрабіць табе непрыемнасці. Але далей не магу цярпець, няма маіх сіл. Дачушка мая, дзіцятачка маё роднае! Нікога няма ў мяне, апроч цябе, нікогачка, ніводнага чалавека. Няма з кім падзяліцца горам сваім, сваім няшчасцем. Дык ведай, родная, што няма ў нас бацькі, здрадзіў ён нам, кінуў нас, знайшоў сабе другую сям'ю. Я ўжо пайду ад яго, бо нязмога мая больш так цягнуць. Я ўсё думала, што, можа, пройдзе гэта, мінецца, усё спадзявалася на лепшае. Аж не, не тое гэта, што я думала. Бачыла я яе самую і гаварыла з ёй — ведаю, што не на жарт у іх завязалася. Дык чаго ж я буду мучыць сябе і ім свет завязваць? Хай жывуць, хай пацяшаюцца. А я знайду сабе нейкае месца. Каб не ты, маё дзетухна, дык бы дала сабе рады іначай, але не хачу кідаць цябе сіратою. Бацькі няма, дык няхай будзе хоць матка — хай сабе і дрэнная, але ўсё ж матка. Дачушка мая родная, сонейка маё яснае! Не злуйся ты на мяне, не праклінай сваю няшчасную матку за тое, што яна гэтак робіць, бо, каб сама ты бачыла, зразумела б, што іначай няможна. Я вось сяджу цяпер адна сярод начы, а ён там, у яе, і немаведама, калі адтуль прыйдзе. I так кожны дзень, кожную ноч. Ужо цеперся, як не скажа мне добрага слова, не паглядзіць ласкава на мяне. Дык хай ужо будзе што будзе, а далей так жыць — толыкі мучыць і яго і сябе. Пайду, паспрабую жыць адна. Дык даруй мне, дзіцятачка, і не злуйся на мяне...»

На гэтым месцы Марына Паўлаўна сунялася і доўга думала аб нечым, а тады глыбока ўздыхнула і, узяўшы зноў пяро, прыпісала: